Жыхары мястэчка Гудагай Астравецкага раёну дамагаюцца ад кіраўніцтва раёну і Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, каб ім адрамантавалі грамадзкую лазьню. Але паўсюль адзін адказ — на гэта няма грошай.
У мястэчку Гудагай Астравецкага раёну жыве трохі болей за тысячу чалавек. Грамадзкая лазьня не працуе з восені 2014 году. Людзі пачалі скардзіцца, пісаць лісты ў Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі, ладзілі сход з кіраўніцтвам райвыканкаму, але праблемы вырашыць так і ня могуць. Адказ адзін — на гэта няма сродкаў.
Мясцовы жыхар спадар Іван кажа, што для местачкоўцаў вельмі нязручна, што няма лазьні, больш за тое, лазьня — аб’ект сацыяльна значны, але іх ніхто ня слухае.
— У нас шмат старых, якія хадзілі ў лазьню, інваліды таксама цяпер пакутуюць, бо ня маюць дзе памыцца. У нас жа ў мястэчку ў многіх людзей няма выгодаў у хаце, і таму людзі з задавальненьнем наведвалі грамадзкую лазьню. А цяпер нам кажуць, каб езьдзілі ў Астравец. Але ж хіба гэта справа — за некалькі кілямэтраў езьдзіць у лазьню, тым больш старым і інвалідам.
А вось спадарыня Галіна апавядае, што апошні сход вяскоўцаў з кіраўніцтвам раёну адбыўся сёлета 5 студзеня. На сходзе прысутнічаў намесьнік старшыні райвыканкаму Ўладзімер Сьвіла. Паводле спадарыні, Свіла нават не выслухоўваў іхнія пытаньні да канца, на ўсё быў толькі адзін адказ — няма грошай.
— Канечне, лазьня — гэта асноўнае, чаго мы дамагаліся, бо вядома, што немагчыма жыць бяз гэтага. Але ў нас і шмат іншых праблемаў: вуліцы ніхто ня чысьціць, дарогі не рамантуюць. Хацелі зачыніць ФАП, але мы пачалі абурацца, пісаць лісты, то, дзякуй богу, ён працягвае працаваць. Няўжо нельга знайсьці сродкі на тое, каб падвесьці ваду і каналізацыю да будынка ФАПа, зрабіць касмэтычны рамонт? Садок дзіцячы перавялі ў іншую вёску. Але калі па-гаспадарску было падысьці, то можна было б адрамантаваць і той будынак, у якім ён быў, і ня трэба было б траціць грошы на аўтобус, які цяпер возіць дзетак у новы садок...
А вось спадар Аляксей дадае, што іхняе мястэчка памежнае, тут часта прыяжджаюць жыхары замежных краінаў, выходзяць на чыгуначным вакзале, хочуць зьмяняць валюту, але няма дзе.
— У нас банк у суботу і нядзелю наагул не працуе. Мы прасілі, каб на вакзале паставілі хоць нейкі банкаўскі аўтамат, каб людзі маглі грошы памяняць. А то зьлезуць зь цягніка і бегаюць у пошуках, а ўсё зачынена і нічога ня зьмяняеш.
Праваабаронца Іван Крук з Астраўца, які прысутнічаў на сустрэчах жыхароў Гудагая з раённым начальствам, кажа, што грошы на сацыяльна значны аб’ект у раёне знайсьці ня могуць, але ў той самы час з Гудагая ў суседнюю вёску перавезьлі сельсавет.
— Там, дарэчы, зрабілі добры рамонт у будынку, а яшчэ купілі для сельсавета новы аўтамабіль. То чаму ня могуць знайсьці грошай на рамонт лазьні? Местачкоўцы ўсе ведаюць пра гэта, абмяркоўваюць паміж сабой, але публічна баяцца казаць, каб не было наступстваў.
Старшыня сельсавету Марыя Безьляповіч у гутарцы са мной усе закіды ў свой бок адрынае: маўляў, людзі патрабавальныя, а самі нічога ня хочуць рабіць, і ў нас тут наагул усё добра.
— У нас вось побач Астравец разрастаецца, там будуць адчыняць цэлы комплекс, будзе і лазьня, і нават басэйн, тут тры кілямэтры аўтобусы рэйсавыя ходзяць, і няхай ахвотныя езьдзяць. А будынак нашай лазьні ў катастрафічным стане, і на яе рамонт патрэбныя вялікія грошы. Толькі на праектную дакумэнтацыю патрабуецца 200 мільёнаў, а ўжо на ўвесь рамонт, то нават і ня ведаю. Але ж у нашых людзей у многіх ёсьць прыватныя лазьні, шмат у каго ў хаце свая лазенка...
Паколькі лазьня ў Гудагаі — на балянсе жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Астраўца, я зьвярнуўся па тлумачэньні да дырэктара Астравецкай ЖКГ Аляксандра Стурліса. Ягоны адказ прагучаў адназначна.
— Паколькі грошай у бюджэце няма, прынята рашэньне лазьню ў Гудагаі зачыніць. Калі людзям так ужо хочацца ў лазьню, то можна паехаць за тры кілямэтры ў Астравец — праблемы ніякай няма.
Да ўсяго я вам адкрыю яшчэ адну таямніцу: з 1 студзеня ня будзе датацыяў для ўтрыманьня лазьняў, і сабекошт адной памыўкі ў лазьні Гудагая абыходзіўся б у 230 тысяч.
Хто за такія грошы ў Гудагаі пойдзе ў лазьню? Улічваючы, што крызіс у краіне, ідуць скарачэньні па ўсіх магчымых артыкулах бюджэту. Таму і паслугі лазьні болей ня будуць зьяўляцца сацыяльна значнымі. Так што лазьні ў Гудагаі адназначна ня будзе, ні пры якіх абставінах...
Іван Крук, распавядаючы, колькі розных лістоў у шматлікія інстанцыі напісалі жыхары Гудагая, узгадвае, як зь местачкоўцамі сустракаліся адмыслоўцы зь Лідзкага міжраённага Камітэту дзяржкантролю. Пасьля тыя далі адказ, што ня згодныя з рашэньнем Астравецкага ЖКГ аб немэтазгоднасьці рамонту лазьні, і, улічваючы сацыяльную значнасьць праблемы і грамадзкую думку жыхароў Гудагая, накіравалі ліст кіраўніцтву Астравецкага райвыканкаму з рэкамэндацыяй больш дэталёва вывучыць гэтую праблему.
— Але, як высьвятляецца — кажа Іван Крук, — усё даўно ўжо вывучана і рашэньне прынята, толькі не на карысьць жыхароў Гудагая.