Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даяркі пайшлі па заробак да старшыні райвыканкаму


Жывёлаводы зь вёскі Дзеравянчыцы Слонімскага раёну дамагаюцца ад старшыні райвыканкаму, каб ім выплацілі поўныя заробкі. Старшыня райвыканкаму паабяцаў на працягу двух дзён разабрацца ў іхніх праблемах.

Да старшыні райвыканкаму даяркі зь Дзеравянчыц вырашылі ісьці на прыём, паколькі за мінулы месяц атрымалі заробак толькі ў 2 мільёны 900 тысяч. Яны кажуць, што ім недаплацілі сама меней яшчэ па два мільёны. Спадарыня Тацяна кажа, што яны бачылі ведамасьці налічэньня заробкаў.

— Але нам і эканаміст, і дырэктар гаспадаркі сказалі, што потым астатнія грошы вернуць. Але мы на словы свайму кіраўніцтву ўжо даўно ня верым, бо яны нам не паказалі аб гэтым пісьмовага загаду, не пазначылі гэтага ў разьліковай паперцы, а проста сказалі.

Другая спадарыня дадае, што яны здагадваюцца, куды пайшлі іхнія грошы:

— Тут яны шмат тон бульбы памарозілі, а яшчэ абваліўся склад і зерне насеннае засыпала. А гэта ўсё вялікія страты. І, хутчэй за ўсё, яны на гэта грошы вылічваюць, а нам кажуць, што такі загад прыйшоў з раёну. А ў разьліковай ведамасьці цяпер запісаны толькі наш асноўны заробак за 24 працоўныя дні. Але няма, як раней, ні прыбіраньня залі, ні санітарных дзён, ні раздою, ні сьвяточных дзён, ні за шкоднасьць...

Жанчыны распавядаюць, што прасілі кіраўніцтва гаспадаркі, каб іх азнаёмілі з загадам з раёну аб зьніжэньні заробку, але такой паперы ім не паказалі. Цяпер яны перакананыя, што за іхні кошт гаспадарка спрабуе пакрыць свае страты.

Старшыня Слонімскага райвыканкаму Алег Таргонскі прыняў даярак зь Дзеравянчыц. Паводле спадарыні Тацяны, ён іх выслухаў і патлумачыў, што ніякага загаду, каб ім скарачалі заробкі, не даваў.

— Казаў, што з заробкам нашым разьбяруцца і праз два дні мы ўсё даведаемся. Мы яго папярэдзілі, што далей будзем скардзіцца ў Менск у Міністэрства сельскай гаспадаркі. Але ён запэўніў, што гэта не спатрэбіцца, паколькі змогуць з усімі праблемамі разабрацца на месцы. Мы, канечне, пачакаем, але калі нічога ніхто ня зробіць, то давядзецца скардзіцца вышэй.

Дырэктар гаспадаркі Мікалай Грачышнікаў спаслаўся на занятасьць і нічога карэспандэнту Свабоды не патлумачыў. А начальнік упраўленьня сельскай гаспадаркі Слонімскага раёну Васіль Сямёнаў сказаў Свабодзе, што ў раёне наагул слабыя надоі і ў выніку невысокія заробкі.

— Надбаўкі да заробкаў ідуць, калі малако здаецца высокім гатункам. А на фэрме ў Дзеравянчыцах ніколі гатункам «экстра» малако не здавалі. І наагул у мяне ёсьць пытаньні да якасьці іхняга малака, я пра гэта кажу на кожнай нарадзе. Таму — як доім, так і атрымліваем. Калі лепшыя гаспадаркі ў раёне надойваюць па 13 літраў на карову, то ў іх заробак 4–5 мільёнаў. А ў Дзеравянчыцах — 7–8 літраў на карову, ну то якія могуць быць у іх заробкі... Параўнайце з тым, што ў Гарадзенскім раёне цяпер надойваюць звыш 20 літраў на карову.

Даяркі зь Дзеравянчыц, аднак, лічаць, што ў іхнім сельгаспрадпрыемстве неапраўдана раздуты штат адмыслоўцаў, якія мала дбаюць, каб паправіць стан гаспадаркі.

Яны ўзгадваюць, што напрыканцы мінулага году ім больш за месяц не выплочвалі чарговы заробак. Кіраўніцтва гаспадаркі і адмыслоўцаў крытыкавалі, але вынікаў так ніхто і не дачакаўся. За ўсе пралікі, паводле жанчын, нікога нават ня вызвалілі з кіраўнічых пасадаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG