Усяленскі патрыярхат пачынае працэдуру разгляду пытаньня аб наданьні Ўкраінскай праваслаўнай царкве статусу аўтакефаліі. Канчатковае рашэньне будзе ўхваленае пасьля абмеркаваньня зь сястрынскімі праваслаўнымі цэрквамі. Добрая ці кепская гэтая навіна для Ўкраінскай, Расейскай і Беларускай праваслаўных цэркваў?
Украінская мара пра самастойнасьць
Гістарычна Ўкраінская праваслаўная царква лічылася мітраполіяй Канстантынопальскага Патрыярхату — яна была перападпарадкаваная Маскоўскаму патрыярхату (МП) толькі ў 17-м стагодзьдзі. Украінскія сьвятары спрабавалі аднавіць самастойнасьць ад Масквы адразу пасьля развалу Савецкага Саюзу: у 1992 годзе дзьве царкоўныя групы (тагачасны кіраўнік праваслаўнай царквы МП ва Ўкраіне Філарэт і Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква) стварылі Кіеўскі патрыярхат (КП) і заявілі пра незалежнасьць ад Расейскай праваслаўнай царквы. Але паводле царкоўных правілаў увесь гэты час новая рэлігійная грамада лічылася некананічнай, хоць і мела вялікае прадстаўніцтва ва Ўкраіне.
Праваслаўны раскол абвастрыўся ў 2014 годзе адначасова з агрэсіяй Расеі на Ўкраіну. На Данбасе сьвятары Кіеўскага патрыярхату дапамагаюць уладам у зоне Антытэрарыстычнай апэрацыі, а Маскоўскага — супрацоўнічаюць з самаабвешчанымі ўладамі гэтак званых «ДНР» і «ЛНР».
На гэтым тле аднавілася дыскусія пра неабходнасьць стварэньня адзінай праваслаўнай царквы ва Ўкраіне. Але бакі дыскусіі стаяць на розных плятформах. Маскоўскі патрыярхат мяркуе, што да яго павінны вярнуцца «раскольнікі», і толькі потым можна будзе весьці размовы пра самастойную памесную царкву. Для Кіеўскага ж патрыярхату важней атрымаць незалежнасьць ад Расейскай праваслаўнай царквы, вярнуўшыся да сваёй гістарычнай маці-царквы — Канстантынопальскага патрыярхату.
Новая царкоўная мапа Ўкраіны — раскол ці яднаньне
Дырэктар Рэлігійна-інфармацыйнай службы Ўкраіны Тарас Анташэўскі мяркуе, што атрыманьне аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царквой можа істотна паўплываць як на сутнасьць цяперашняга расколу, гэтак і на прадстаўнічасьць рэлігійных грамадаў:
«Мяркую, што Маскоўская патрыярхія ў выпадку пазытыўнага рашэньня аб аўтакефаліі для ўкраінскай царквы будзе спрабаваць пагарджаць гэтым рашэньнем. Хутчэй за ўсё, дыялёгу як не было доўгі час, так і ня будзе. Напэўна, Масква яго не прызнае, бо для іх важна, каб усе лічылі, што афіцыйна ва Ўкраіне існуе памесная праваслаўная царква, якая ёсьць часткай Расейскай праваслаўнай царквы.
Таму Масква будзе працягваць канфлікт і раскол, але тут ужо ў яе выбʼюць казырныя карты з рук, бо там заўсёды казалі, што УПЦ КП — некананічная царква, якія ня мае ласкі Божай («неблагодатная»). А калі будзе статус аўтакефаліі, то царква будзе і ласку Божую мець, і будзе кананічнай. І яшчэ — украінскай, у адрозьненьне ад УПЦ Маскоўскага патрыярхату зь яе кіраўніцтвам, арыентаваным на Маскву.
Ва ўмовах агрэсіі Расеі супраць Украіны гэтая царква тут грае ролю пятай калёны, і для яе гэта будзе таксама выклік, бо значная частка яе паствы ня мае той палітычнай арыентацыі, што яе кіраўніцтва — і, адпаведна, раскол адбудзецца ўнутры самой УПЦ МП».
БПЦ: «Канстантынопаль для нас бабуля, Расейская праваслаўная царква мацярынская для нас»
На думку экспэрта, атрыманьне статусу аўтакефаліі мае актывізаваць і пачатыя ў 2015 годзе працэсы выхаду рэгіянальных рэлігійных грамадаў з падпарадкаваньня Маскоўскаму патрыярхату і іхнага пераходу ў Кіеўскі патрыярхат.
«Такіх пераходаў было б і раней нашмат больш, калі б ва Ўкраіне было афіцыйнае прадстаўніцтва менавіта Канстантынопальскага патрыярхату. Бо для многіх суполак і сьвятароў, якія цяпер належаць да Маскоўскага патрыярхату, пытаньне кананічнасьці вельмі важнае, таму яны нікуды не пераходзілі і былі ў стане чаканьня.
Масква выдатна разумее, што такім чынам пераход пойдзе не дзясяткамі, як было дагэтуль, а нашмат шырэй. Магчыма, і некаторыя біскупы будуць пераходзіць».
Канфлікт ідэалягічны і маёмасны
На думку Тараса Анташэўскага, ідэалягічны канфлікт можа перарасьці і ў маёмасны, бо з атрыманьнем аўтакефаліі і актывізацыяй пераходу грамадаў да Кіеўскага патрыярхату Маскоўскі патрыярхат будзе спрабаваць пакінуць сабе храмы, лаўры і манастыры.
«Калі гэты працэс ня будзе мірна вырашацца, то напэўна будзе нейкі заканадаўчы акт, які вырашыць усе гэтыя праблемы і прадухіліць гвалт ці маніпуляцыі з маёмасьцю.
Але ж Масква насамрэч тут мала будавала. Скажам, Пачаеўская лаўра толькі цяпер пачала будаваць, а да таго амаль усё, што выкарыстоўвалася, было пабудавана нават не праваслаўнымі, а рыма- і грэка-каталікамі.
Адназначна трэба будзе ўлічваць, каб пры пераходзе большасьці вернікаў зьберагалася іх права на маёмасьць, якая належыць грамадзе пэўнага населенага пункта, каб не было так, як гэта спрабавала зрабіць РПЦ ва Ўкраіне, калі яны фактычна прыватызоўвалі або захоплівалі маёмасьць».
Актывіст Правага сэктару Васіль Лабайчук у эфіры аднаго з украінскіх каналаў сказаў, што вельмі часта пры пераходзе з Маскоўскага патрыярхату ў Кіеўскі мясцовыя рэлігійныя грамады вымушаны зьвяртацца да Правага сэктару па абарону ад «цітушак».
«Найбольш яскравы выпадак — сяло Екацярынаўка на Тэрнопальшчыне, дзе большасьць грамады ў 2015 годзе прыняла рашэньне аб пераходзе ў Кіеўскі патрыярхат. Затым было заключана трохбаковае пагадненьне паміж дзяржадміністрацыяй, УПЦ КП і УПЦ МП аб пачарговым служэньні ў храме. А калі была чарга Кіеўскага патрыярхату, адбылася спроба захопу храма Маскоўскім патрыярхатам. У вёску, дзе пражывае каля 100 чалавек, прывезьлі 300 „цітушак“. Ад гэтых „прыежджых“ нашы хлопцы і абаранілі мясцовых жыхароў», — казаў Васіль Лабайчук.
Прысутнасьць Кіеўскага патрыярхату павялічыцца
Паводле афіцыйнай статыстыкі, цяпер ва Ўкраіне дзейнічае больш як 14 тысяч рэлігійных грамадаў Маскоўскага патрыярхату і каля 5 тысяч — Кіеўскага. У той жа час, паводле дырэктара Рэлігійна-інфармацыйнай службы Ўкраіны Тараса Анташэўскага, вернікаў Кіеўскага патрыярхату па колькасьці больш:
«Раней розныя сацыялягічныя апытаньні паказвалі, што колькасьць вернікаў або роўная, або перавага ў Маскоўскага патрыярхату. Цяпер жа большасьць сацыёлягаў кажуць, што пераважае Кіеўскі патрыярхат.
Найбольш якасныя сацыялягічныя дасьледаваньні кажуць пра тое, што значная частка вернікаў ходзіць да найбліжэйшага храму і называюць сябе проста вернікамі, бо для іх гэтая арыентацыя — Маскоўскі ці Кіеўскі патрыярхат — не такая істотная. Цяпер гэта мяняецца, таму што людзі ўжо пачынаюць думаць і пачынаюць аддаваць перавагу Кіеўскаму патрыярхату.
У рэгіянальным разрэзе Маскоўскі патрыярхат пераважае на ўсходзе, поўдні, у цэнтры і на поўначы Ўкраіны, а Кіеўскі патрыярхат паводле колькасьці грамадаў пераважае на захадзе Ўкраіны і месцамі ў цэнтры.
Але, хутчэй за ўсё, у выніку іх актыўнай дзейнасьці колькасьць вернікаў Кіеўскага патрыярхату будзе павялічвацца нават без таго прызнаньня, якое чакаецца з Канстантынопаля. У любым выпадку мае месца тэндэнцыя на павелічэньне ліку вернікаў Кіеўскага патрыярхату».
Вестка з Канстантынопаля не для ўсіх добрая
Украінскае грамадзтва па-рознаму адрэагавала на навіну з Усяленскага патрыярхату пра тое, што пачаўся разгляд пытаньня аб аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царквы. Па сутнасьці, характар рэакцыі адпавядае палітычным сымпатыям розных групаў палітыкаў і звычайных грамадзян.
Свой зварот Канстантынопальскаму патрыярху Варфаламею накіравала парлямэнцкая фракцыя «Апазыцыйны блёк», якая з абурэньнем успрыняла «спробу ўлады чарговы раз умяшацца ў справы царквы». Дэпутаты просяць Усяленскі патрыярхат «захаваць кананічны лад і дапамагчы пазьбегнуць новых расколаў і непаразуменьняў у грамадзтве».
У сваю чаргу, Украінская праваслаўная царква Маскоўскага Патрыярхату заявіла, што пытаньне аб аўтакефаліі ня можа разглядацца безь яе ўдзелу — бо яна адзіная ва Ўкраіне кананічная царква:
«Згадка пра мільёны праваслаўных украінцаў, ад імя якіх нібыта дзейнічаюць прадстаўнікі „УПЦ КП“ і „УАПЦ“, не адлюстроўвае пазыцыю мільёнаў вернікаў, якіх прадстаўляе Ўкраінская праваслаўная царква, якая ёсьць найбуйнейшым рэлігійным абʼяднаньнем ва Ўкраіне».
У Менску асьцярожна назіраюць за падзеямі
У Беларускай праваслаўнай царкве Свабодзе сказалі, што для актывізацыі пытаньня аб наданьні аўтакефаліі, як ва Ўкраіне, няма ніякіх падстаў.
Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускага экзархату, доктар тэалёгіі, протагерэй Сяргей Лепін сказаў Свабодзе пра пазыцыю Беларускай праваслаўнай царквы ў пытаньні аўтакефаліі:
«Мы зыходзім з таго, што ва Ўкраінскай праваслаўнай царкве ёсьць кананічныя структуры праваслаўнай царквы, якія цалкам маюць права прадстаўляць усю паўнату інтарэсаў праваслаўнага насельніцтва Ўкраіны. І па-за ініцыятывамі гэтых структураў усе спробы вырашэньня пытаньня аб наданьні аўтакефаліі антыпрадуктыўныя.
Мы спадзяёмся, што сытуацыя ва Ўкраіне будзе разьвівацца згодна з канонамі, а ўсім, хто мае тое ці іншае дачыненьне да гэтай праблемы, Гасподзь дасьць мудрасьці, цярпеньня і адказнасьці».