Вярхоўная Рада ў чацьвер, 19 красавіка, пераважнай большасьцю галасоў падтрымала зварот прэзыдэнта краіны Пятра Парашэнкі да архіепіскапа Канстантынопаля, Усяленскага патрыярха Варфаламея з заклікам даць аўтакефалію Праваслаўнай царкве ва Ўкраіне.
Як падкрэсьліў у парлямэнце Парашэнка, такое рашэньне стане актам «аднаўленьня гістарычнай справядлівасьці і выдаліць рудымэнты таго палітычнага праекту, які прыдумалі герархі РПЦ і які называецца «русский мир». Зьяўленьне адзінай памеснай царквы, на думку многіх дэпутатаў Рады, дазволіць «выбіць рэлігійны козыр з рук Крамля» і ўмацуе ўкраінскую дзяржаўнасьць.
9 красавіка Парашэнка сустракаўся з патрыярхам Варфаламеем падчас свайго візыту ў Турцыю і абмяркоўваў праблему аб’яднаньня цэркваў ва Ўкраіне, а 17 красавіка кіраўнік дзяржавы заявіў лідэрам парлямэнцкіх фракцыяў у Кіеве, што цяпер Украіна «як ніколі блізкая да зьяўленьня ўласнай аўтакефальнай памеснай царквы», і што гэтае пытаньне можа быць разгледжанае на саборы ў Канстантынопалі да 1030-годзьдзя хрышчэньня Кіеўскай Русі, то бок да 28 ліпеня гэтага году.
З пачатку 90-х гадоў ва Ўкраіне існуюць кананічная Ўкраінская праваслаўная царква Маскоўскага патрыярхату (УПЦ МП), а таксама непрызнаныя Ўкраінская праваслаўная царква Кіеўскага патрыярхату (УПЦ КП) і Ўкраінская аўтакефальная праваслаўная царква (УАПЦ).