Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскі дэпутат пра аўтакефалію: Сьвяты Дух дыхае там, дзе хоча, а ня толькі там, дзе дазваляе Масква


Пётар Парашэнка і Ўсяленскі патрыярх Барталамей падчас сустрэчы. Стамбул, Турэччына. 9 красавіка 2018 году
Пётар Парашэнка і Ўсяленскі патрыярх Барталамей падчас сустрэчы. Стамбул, Турэччына. 9 красавіка 2018 году

Вярхоўная Рада Ўкраіны 19 красавіка канстытуцыйнай большасьцю прыняла пастанову падтрымаць зварот прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі да Ўсяленскага Патрыярха Барталамея аб прадстаўленьні аўтакефаліі праваслаўнай царкве Ўкраіны.

«Заява Парашэнкі пра блізкую аўтакефалію — гэта дамоўленасьць, а не меркаваньне прэзыдэнта»

У інтэрвію Беларускай службе Радыё Свабода дэпутат Вярхоўнай Рады Ўкраіны, член парлямэнцкага камітэту духоўнасьці і рэлігіі, доктар філязофскіх навук Віктар Яленскі выказаў меркаваньне, што заява Пятра Парашэнкі пра блізкую аўтакефалію — гэта плён канкрэтнай дамоўленасьці з патрыярхам Барталамеем, а не прыватнае прадчуваньне ці меркаваньне кіраўніка дзяржавы.

Віктар Яленскі
Віктар Яленскі

— Для таго, хто сочыць за тым, што адбываецца ў царкоўным жыцьці Ўкраіны, і за шматгадовымі спробамі Ўкраіны атрымаць аўтакефалію для сваёй царквы, усё яшчэ застаюцца сумненьні, наколькі верагодна, што на гэты раз Канстантынопальскі патрыярх Барталамей ўсё ж вырашыць пайсьці на такі крок насуперак вялікаму супраціву Масквы. Вы галасавалі за зварот да патрыярха і, магчыма, ведаеце, больш, чым паведамляе прэса, наколькі гэта верагодна.

— Украінскія цэрквы і ўкраінская ўлада даволі даўно намагаюцца атрымаць прызнаньне аўтакефаліі для праваслаўнай царквы ва Ўкраіне. Гэтыя спроба пастаянна і маштабна блякуюцца Маскоўскім патрыярхатам і расейскай уладай.

Гэтыя перамовы адбываліся на працягу доўгага часу, і відавочна, што іх ход і вынік дазволілі прэзыдэнту зьвярнуцца з асабістым лістом да патрыярха

Але ва Ўсяленскага патрыярха, які ўзначальвае царкву-маці для Ўкраіны, усё больш узмацняецца перакананьне, што гэтая сытуацыя ненармальная — сытуацыя, калі мільёны ўкраінцаў праклінаюцца толькі за тое, што яны ня хочуць ісьці пад кіраўніцтва Масквы. А зь іншага боку, Маскоўскі патрыярхат ідзе ў фарватэры палітыкі Крамля. Усё гэта прымушае Усяленскага патрыярха дзейнічаць больш рашуча.

Гэтыя перамовы адбываліся на працягу доўгага часу, і відавочна, што іх ход і вынік дазволілі прэзыдэнту зьвярнуцца з асабістым лістом да патрыярха і прасіць парлямэнт, каб ён пацьвердзіў свой зварот ад 2016 году і падтрымаў ліст Парашэнкі. Мы гэта зрабілі і спадзяемся, што ўсяленскі патрыярх знойдзе магчымасьць разгледзець гэтае пытаньне ў недалёкай пэрспэктыве.

— Значыцца, вы чакаеце аўтакефаліі ў блізкай пэрспэктыве?

— Вядома. Яе чакаюць мільёны праваслаўных украінцаў, якія не разумеюць, чаму маленькая альбанская царква яе мае, а вялікая ўкраінская ня мае.

Я думаю, мова ідзе не пра інфармацыю, але пра запэўніваньні, якія ён атрымаў падчас сустрэчы з Усяленскім патрыярхам

Гэтаму няма ніякага іншага тлумачэньня, чым тое, якое даў маскоўскі патрыярх. А маскоўскі патрыярх сказаў так: маленькая Тырана ні для каго не была Ерусалімам і Канстантынопалем, а Кіеў — гэта наш Канстантынопаль і наш Ерусалім, і мы яго ніколі не адпусьцім.

Але мы ведаем, што Дух Гасподні дыхае там, дзе хоча, а ня толькі там, дзе яму дазваляе Маскоўскі патрыярхат. Украінцы маюць усе правы, каб атрымаць аўтакефальную царкву, гэта разумее Усяленскі патрыярх і пра гэта ён ня раз казаў. Таму мы чакаем, што гэта станецца ў агляднай пэрспэктыве.

— Ці можна меркаваць, што Парашэнка мае інсайдэрскую інфармацыю, калі рашыўся зрабіць такую заяву пра блізкую аўтакефалію?

— Я думаю, мова ідзе не пра інфармацыю, але пра запэўніваньні, якія ён атрымаў падчас сустрэчы з Усяленскім патрыярхам, якая адбылася на Вялікдзень.

«Парашэнка размаўляў з патрыярхам Барталамеем 7 гадзін, а ўсяго такіх размоваў было 17»

Як будзе паводзіць сябе Ўкраінская праваслаўная царква (Маскоўскага патрыярхату), калі аўтакефалія Ўкраіне будзе ўсё ж нададзена? Пра гэта ў інтэрвію Беларускай службе расказвае ўкраінскі палітоляг і рэлігіязнавец, кандыдат філязофскіх навук, вядучы навуковы супрацоўнік Нацыянальнага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Сяргей Зьдзіярук.

Сяргей Зьдзіярук
Сяргей Зьдзіярук

— Калі паглядзець статыстычна, якую частку праваслаўных веруючых ва Ўкраіне складае сёньня ЎПЦ (МП) і ЎПЦ (КП)?

— Тут ёсьць такая ваенная хітрасьць. Паводле колькасьці парафіяў УПЦ Маскоўскага патрыярхату больш чым у два разы пераважае УПЦ Кіеўскага патрыярхату. У іх прыблізна 12 з паловай тысяч парафій, а УПЦ Кіеўскага патрыярхату — пяць з паловай тысяч.

А вось паводле колькасьці прыхільнікаў, вернікаў, якія прыходзяць у храмы, як паказваюць сур’ёзныя сацыялягічныя дасьледаваньні, як украінскія, так і міжнародныя, атрымліваецца наадварот. Маскоўскі патрыярхат мае 17-18 працэнтаў ад агульнай колькасьці праваслаўных вернікаў ва Ўкраіне, а Кіеўскі — 47 працэнтаў (у шэрагу абласьцей да 63%).

— Наколькі значная Ўкраіны для Расейскай праваслаўнай царквы, якую частку вернікаў РПЦ складаюць украінцы?

— Усе праваслаўныя вернікі Ўкраіны (а гэта шмат юрысдыкцый: Кіеўскі патрыярхат, Маскоўскі, Аўтакефальная, Ісьціна праваслаўная царква, Расейскай зарубежная царква, ёсьць нават па 40-50 парафій), але ўсе разам яны складаюць 55-57 працэнтаў ад усіх вернікаў РПЦ.

РПЦ стане другой па велічыні ў сьвеце пасьля ўкраінскай царквы

І вось уявіце сабе што здарыцца, калі Ўкраіна аддзеліцца ад Расеі ў царкоўным сэнсе, РПЦ з самай вялікай ператворыцца ў адну з самых вялікіх праваслаўных цэркваў. Яна будзе другою пасьля ўкраінскай царквы. Гэта нож у сьпіну РПЦ, як яны думаюць. Але насамрэч, Расея скрала нашу Кіеўскую мітраполію, і цяпер плаціць за свае грахі.

— Пакуль што зварот да Ўсяленскага патрыярха падпісалі біскупы УПЦ (КП) і УАПЦ. Калі здарыцца, што Канстантынопальскі патрыярх надасьць аўтакефалію Ўкраіне, каго яна будзе тычыцца?

— Прэзыдэнт Парашэнка прыйшоў у парлямэнт, сустрэўся з прадстаўнікамі ўсіх фракцый і паведаміў, што ёсьць гістарычны шанц атрымаць аўтакефалію ад Усяленскага патрыярха і папрасіў падтрымаць яго зварот да патрыярха. Гэта адбылося. 269 (канстытуцыйная большасьць 226) дэпутатаў зьвярнуліся да Канстантынопальскага патрыярха з просьбай надаць Украіне аўтакефалію.

Парашэнка прыйшоў у парлямэнт пасьля таго, як УПЦ (КП) падала яму калектыўны зварот да ўсяленскага патрыярха Барталамея, падпісаны усімі біскупамі ЎПЦ (КП), а таксама біскупамі ЎАПЦ. Гэта значыць, што гэтыя дзьве царквы аб’яднаюцца ў выпадку атрыманьня томасу ад Барталамея. Я думаю, што і тры чвэрці ЎПЦ (МП) таксама далучацца да новай царквы. У гэтай царкве большасьць — гэта таксама патрыятычныя украінцы.

— Сам жа Парашэнка ходзіць ва ЎПЦ (МП)...

— Так. Але ён вельмі мудра вядзе гэтую справу і разумее значнасьць гэтага пытаньня для ўкраінскага народу. Ён заняў цьвёрдую і пасьлядоўную пазыцыю.

— Для таго, хто абазнаны і сочыць за рэлігійнай сытуацыяй ва Ўкраіне, вельмі цяжка паверыць, што патрыярх на гэты раз надасьць аўтакефалію.

— Наадварот. Яшчэ ў пачатку ХХ стагодзьдзя, калі віравала Першая сусьветная вайна, а Ўкраінская Народная Рэспубліка ледзьве-ледзьве трымалася, дзякуючы ўкраінскім сечавым стральцам, войскам Пятлюры і гетмана Скарападзкага... І вось яны зьвяртаюцца да усяленскага патрыярха з просьбай аб аўтакефаліі, бо 1 студзеня 1918 году прымаецца закон аб аўтакефаліі ўкраінскай царквы.

І вось для таго, каб гэты закон стаўся абавязковым для ўсіх праваслаўных цэркваў, патрэбнае рашэньне Ўсяленскага патрыярха. І патрыярх гэта падтрымлівае, але томас надаць не пасьпявае, бо Расея і Польшча акупавалі Ўкраінскую Народную Рэспубліку.

Ўсяленскі патрыярхат прызнае юрысдыкцыю Маскоўскай царквы толькі ў межах 1686 году, г. зн. да таго часу, як маскоўская царква гвалтоўна далучыла да сябе Кіеўскую мітраполію

Але пасьля ўсяленскі патрыярх стрымаў слова і усё ж даў аўтакефалію пяці мільёнам праваслаўных украінцаў і мільёну праваслаўных беларусаў, якія жылі ў Другой Рэчы Паспалітай. Гэта сталася 13 лістапада 1924 году. У тым дакумэнце сказана, што аўтакефалія надаецца вернікам Кіеўскай мітраполіі, якія жывуць у межах польскай дзяржавы, і што Ўсяленскі патрыярхат прызнае юрысдыкцыю Маскоўскай царквы толькі ў межах 1686 году, г. зн. да таго часу, як маскоўская царква гвалтоўна далучыла да сябе Кіеўскую мітраполію.

У 1991 годзе Ўсяленскі патрыярх зноў пацьвердзіў, калі напісаў Маскоўскаму патрыярху, што прызнае межы РПЦ толькі паводле стану 1686 году і лічыць Кіеўскую мітраполію ў сваёй юрысдыкцыі.

А ў 2006 годзе ў часы прэзыдэнта Юшчанкі Ўсяленскі патрыярх Дыянісій быў у Кіеве і на Сафійскай плошчы заявіў на ўвесь сьвет: "Мы афіцыйна прызнаем РПЦ толькі ў межах 1686 году, да паглынаньня Кіеўскай мітраполіі, якая зьяўляецца нашай дачкой і, калі прыйдзе час, мы разгледзім пытаньне аб яе самастойнасьці.

Я думаю, што цяпер гэты час надышоў. Парашэнка моцна ўвайшоў у гэтую справу. Апошні раз ён гаварыў з патрыярхам сем гадзін. А ўсяго такіх размоваў ён меў семнаццаць. Я думаю, што ўжо ёсьць дамоўленасьці, што ўжо сёлета мы будзем мець грамату ад усяленскага патрыярха аб дараваньні Кіеўскай мітраполіі патрыяршага статусу і аўтакефаліі. А там ужо настае чарга і Беларускай праваслаўнай аўтакефальнай царквы.

— Якой можа быць рэакцыя Масквы? Здаецца, гэта цэлы землятрус. Ці ня здарыцца новая вайна?

— Я думаю, што рэакцыя будзе зьверская. Але Ўкраіна будзе бараніць свае правы.

***

У звароце Пятра Парашэнкі да Канстантынопальскага патрыярха гаворыцца, што томас аб аўтакефаліі «стане ня толькі перамогай праваслаўя, але і актам глыбокай гістарычнай справядлівасьці, таму што менавіта з Царграду пралілася на нашу блаславёную зямлю сьвятло хрысьціянскай веры».

17 красавіка Парашэнка на нарадзе з кіраўніцтвам парлямэнцкіх фракцый заявіў, што «на сёньняшні дзень Украіна як ніколі блізкая да зьяўленьня уласнай аўтакефальнай памеснай царквы». Паводле Парашэнкі, адпаведны зварот да патрыярха падпісалі ўсе біскупы Ўкраінскай праваслаўнай царквы (Кіеўскага патрыярхату) і Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы.

У чэрвені 2016 году ўкраінскія парлямэнтарыі папрасілі Ўсяленскага патрыярха Барталамея выдаць томас аб аўтакефаліі праваслаўнай царквы Ўкраіны і прызнаць несапраўдным акт 1686 году, якім Масква вывела Кіеўскую мітраполію з-пад юрысдыкцыі Канстантынопалю.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG