Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чатыры месяцы пасьля сьмерці Коржыча. Што ўлады абяцалі і што зрабілі


Міністар абароны Андрэй Раўкоў
Міністар абароны Андрэй Раўкоў

6 студзеня старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч паведаміў, што расьсьледаваньне справы аб сьмерці салдата ў Печах чарговы раз працягваецца. Свабода ўзгадвае абяцаньні, дадзеныя чыноўнікамі і вайскоўцамі празь некалькі дзён пасьля гібелі Аляксандра Коржыча, і параўноўвае іх з тым, што адбылося пасьля.

Вайсковая частка ў Печах
Вайсковая частка ў Печах

Адмова прызываць у войска адзінага сына ў сям’і

Што плянавалі зрабіць. Пра тое, што адзіны сын у сям’і можа быць вызвалены ад тэрміновай службы, Аляксандар Лукашэнка сказаў на сустрэчы з кіраўніцтвам Мінабароны.

«Трэба прааналізаваць гэтую практыку. Гэта адзіны сын, адзіная апора, надзея», — сказаў кіраўнік краіны.

Што паўплывала на Лукашэнку, з пэўнасцю сказаць складана. Вядома, што адзіным сынам у сям’і быў Аляксандар Коржыч, які трагічна загінуў на пачатку кастрычніка, а прэс-сакратар кіраўніка краіны заяўляла, што расьсьледаваньне сьмерці салдата знаходзіцца пад асабістым кантролем Лукашэнкі.

Што зрабілі. Нічога. Ніякіх зьвестак пра зьмены ў парадак прызыву салдат тэрміновай службы ў Беларусі ад моманту сьмерці Аляксандра Коржыча не адбывалася.

У канцы лістапада ў Палаце прадстаўнікоў у першым чытаньні прыняты праект зьменаў у закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Аднак рэзанансная прапанова кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі вызваляць ад вайсковай службы адзінага сына ў сям’і ў парлямэнт не паступала. Сябра камісіі па нацыянальнай бясьпецы, дэпутат Ігар Мартынаў у размове са Свабодай сказаў, што сытуацыю «трэба прааналізаваць».

«Не, гэта толькі было заяўлена кіраўніком дзяржавы падчас прадстаўленьня новага начальніка вучэбнага цэнтру, — сказаў Мартынаў. — Натуральна, калі гэтую норму будуць уносіць, то гэта зробіць Міністэрства абароны. Але перад тым усю сытуацыю трэба вывучыць і прааналізаваць. У прынцыпе, так было сказана і кіраўніком краіны».

Камэры відэаназіраньня ў вайсковых частках

Што плянавалі зрабіць. Пра тое, што на тэрыторыі Печаў будуць усталяваныя камэры відэаназіраньня, 5 лістапада сказаў міністар абароны Андрэй Раўкоў.

«Гэта дапаможа дзяжурным па школах у поўным аб’ёме кантраляваць сытуацыю. Ужо ня будзе такіх месцаў, якія дазволяць стараслужачым салдатам нешта там нядобрае рабіць. У нас у многіх вайсковых частках відэаназіраньне ўжо ўсталяванае, вядзецца ў плянавым парадку», — сказаў кіраўнік Мінабароны.

Што зрабілі. Як расказалі Свабодзе родныя салдат, што служаць у Печах, камэр відэаназіраньня падчас наведваньня часткі яны не заўважылі. Яшчэ ў канцы восені суразмоўцы Свабоды з вучэбкі ў Печах ацэньвалі такую меру скептычна. Маўляў, паўсюль камэры ўсё адно ўсталяваць немагчыма, і няма гарантыі, што асобы, якія будуць праглядаць відэазапісы, стануць апэратыўна дакладваць кіраўніцтву пра ўсе заўважаныя парушэньні статуту.

Больш частыя кантакты зь сям’ёй для тых, хто ў вучэбках

Што плянавалі зрабіць. Дазволіць салдатам, якіх толькі-толькі прызвалі ў войска, часьцей бачыцца з роднымі і нават наведваць іх дома. Гэта таксама прапанаваў асабіста кіраўнік Беларусі.

У кастрычніку Лукашэнка параіў вайскоўцам перагледзець парадак знаходжаньня новапрызваных салдат у так званых «вучэбках». На яго думку, можна дазволіць ім часьцей бачыцца з роднымі і нават адпускаць іх дадому на некалькі дзён.

«Ня трэба баяцца, каб лішні раз бацькі прыехалі, асабліва ў гэты пэрыяд, калі яны знаходзяцца ў „вучэбцы“. Можа, нават часьцей іх адпускаць. Што здарыцца, калі ён раз на месяц на дзень-два паедзе і дома пабудзе?», — сказаў Лукашэнка.

Што зрабілі. «З сынам можна бачыцца без праблем, кожныя выходныя пускаюць у частку, — кажа Свабодзе бацька салдата тэрміновай службы Мікалай, чый сын зь лістапада служыць у Печах. — Там нават дзіцячы садок цяпер, афіцэры бегаюць за бацькамі. Сочаць, каб не зайшлі некуды не туды. Месца для сустрэчаў даюць, усё ў гэтым пляне выдатна. Ажно вельмі лібэральна».

Разам з тым, па словах Мікалая, дадому навабранцаў адпускалі толькі на адзін дзень пасьля прыняцьця прысягі, а ня раз на месяц, як прапаноўваў зрабіць Лукашэнка.

Дазвол на мабільныя тэлефоны без інтэрнэту і камэры

Што плянавалі зрабіць. Пра тое, што салдатам у Печах афіцыйна дазволяць мець пры сабе мабільныя тэлефоны, Мінабароны паведаміла празь месяц пасьля гібелі Аляксандра Коржыча. Прычына новаўвядзеньня на паверхні — пра факты, калі сяржанты займаліся вымагальніцтвам, зьвязаным з мабільнымі тэлефонамі салдат, шмат расказвалі хлопцы, якія прайшлі службу ў Барысаве.

Што зрабілі. «Можна тэлефоны мець з сабой, так. Мы нават адмыслова набывалі новы сыну, каб бяз камэры і інтэрнэту, — кажа Свабодзе Мікалай. — Сын амаль кожны дзень звоніць нам, з гэтым няма ніякіх праблем».

Па словах бацькі салдата зь Печаў, адзіная праблема, зь якой сутыкнуўся сын за тры месяцы службы — гэта няякасны абутак, які «літаральна нельга насіць». Мікалай кажа, што бацькі масава шукаюць сваім дзецям іншыя берцы, якія прывозяць у частку.

Расьсьледаваньні сьмерцяў салдат

Што плянавалі зрабіць. Як мінімум — расьсьледаваць гібель Аляксандра Коржыча. У першыя тыдні кастрычніка навіны пра затрыманьні ды звальненьні сяржантаў і афіцэраў з часткі пад Барысавам прыходзілі амаль кожны дзень. Улады таксама пайшлі на незвычайны крок — Лукашэнка асабіста загадаў дапусьціць маці Аляксандра Коржыча Сьвятлану да ўдзелу ў сьледчых дзеяньнях. «Яна павінна быць дапушчана да сьледчых дзеяньняў. Хай гэта ў законе не прадугледжана — ня важна, — сказаў Лукашэнка. — Гэта надзвычайны выпадак, гэта маё асабістае рашэньне... Які б ні быў вынік расьсьледаваньня, усё павінна быць сумленна, справядліва, каб мама была ў курсе справы».

Акрамя гэтага, Сьледчы камітэт паведаміў, што будуць перагледжаныя ўсе выпадкі сьмерці і траўматызму салдат у войску за апошнія шэсьць гадоў. «Не выключаю, што па некаторых справах рашэньні аб адмове ў завядзеньні крымінальнай справы або спыненьні тых спраў, якія былі заведзеныя, будуць адмененыя, каб іначай паглядзець на тую ці іншую сытуацыю», — сказаў старшыня Сьледчага камітэту Іван Наскевіч.

Што зрабілі. З афіцыйнымі заявамі пра ход расьсьледаваньня справы Коржыча Сьледчы камітэт выступаў двойчы. 13 кастрычніка сьледчыя паведамілі, што цела Коржыча каля 17 гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».

Другая заява была зробленая ў лістападзе, калі СК расказаў пра экспэртызу цела Коржыча. Паводле СК, на ім не было выяўлена іншых пашкоджаньняў, акрамя сьледу на шыі, які ўтварыўся ў працэсе павешаньня. Пазьней паведамлялася толькі пра тое, што тэрмін расьсьледаваньня падоўжаны. Апошні на дадзены момант раз гэта адбылося 6 лютага. Пра ход расьсьледаваньня вядома мала: колькасьць абвінавачаных (каля 15 чалавек) — і тое, што нікому зь іх пакуль ня выстаўленыя абвінавачваньні ў забойстве або давядзеньні да самагубства. Зьяўлялася інфармацыя толькі пра справы аб махлярстве і перавышэньні паўнамоцтваў.

Тым часам як мінімум адно новае расьсьледаваньне справы пра гібель салдата тэрміновай службы ў войску зноў спыненае. Пра гэта Свабодзе расказала маці салдата, які загінуў у барысаўскай частцы — Тацяна Басьцюк.

«22 студзеня нам паведамілі, што адноўленае ў кастрычніку расьсьледаваньне зноў спынілі. Нават ня нам, а адвакату, — кажа Тацяна. — Адвакат незадаволены, кажа, што ў пастанове і матэрыялах справы шмат спрэчных момантаў. Цяпер ён рыхтуе скаргу. Мы самі ўжо зьвярталіся ў БХК, будзем спрабаваць падаваць скаргу ў Вярхоўны суд».

Па словах Тацяны Басьцюк, сьледчыя забаранілі ім рабіць фатакопіі справы аб гібелі сына. «Ніякіх ксэракопій альбо фота. Дазволілі толькі ад рукі перапісваць тое, што нам трэба. Цяпер раімся зь юрыстамі, што менавіта нам рабіць з матэрыяламі справы», — кажа Тацяна.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG