«Вартае жалю мерапрыемства, — характарызуе падзею культуроляг і праваслаўны вернік Раман Абрамчук. — Не вытрымлівае крытыкі. Каталіцкі касьцёл, значна меншы на Беларусі, здольны штогод арганізоўваць будслаўскі фэст, дзе тысячы маладых людзей зьбіраюцца. А самае гучнае, што арганізавала праваслаўная царква для моладзі, — вартая жалю па цікавасьці імпрэза зь вельмі спэцыфічнай мілітарызаванай тэматыкай. Нічога лепшага за спэцназ і танкі і не прыдумалі».
Хросны ход, канцэрт, суботнік і экскурсіі — сотня маладзёнаў сабралася 18–19 ліпеня на праваслаўны фэстываль на «Лініі Сталіна». Ідэю правесьці рэлігійнае мерапрыемства на аб’екце імя «айца народаў» і «душыцеля цэркваў» скрытыкавалі, яшчэ калі яно толькі рыхтавалася.
Літургія ў лікёра-гарэлачнай краме
«Фэстываль праваслаўнай моладзі на Лініі Сталіна — гэта як літургія ў лікёра-гарэлачнай краме, — кажа актывіст Андрэй Кім. — Сталін быў забойца і антыхрыст. Лінія Сталіна вядомая тым, што ўжо ў 1939 годзе на ўсход ад яе не засталося ніводнай дзейнай царквы. Бо ўсіх сьвятароў расстралялі, рэпрэсавалі, а храмы паўзрывалі і пазачынялі».
Напярэдадні падзеі арганізатар айцец Максім (Логвінаў) тлумачыў, што «Лінія Сталіна» ня мае да асобы савецкага правадыра ніякага дачыненьня, што гэта проста помнік вайны. Такія аргумэнты Кім называе «блазноцьцем».
«Там ёсьць бюст Сталіна. Яго прыбралі на час фэстывалю, але паставяць ізноў», — сьцьвярджае ён.
У выніку фэстываль прайшоў як звычайны моладзевы, праўда, з анансаваных 400 удзельнікаў даехала значна менш. А сам бюст Сталіна закруцілі ў цэляфан і прыбралі на паркоўку.
На фэстываль Андрэй адмыслова зарэгістраваўся як удзельнік, каб паразмаўляць зь людзьмі і раздаць улёткі пра тое, кім насамрэч быў для царквы Ёсіф Сталін.
«Там былі добрыя праваслаўныя людзі, — кажа Андрэй. — Людзі нават ня думаюць, што яны робяць. Яны прыходзяць на месца пакланеньня Сталіну, дзе стаіць яго бюст, бюст чалавека, які забіў сотні тысяч людзей, пра якога і патрыярх, і мітрапаліт казалі, што гэта злы чалавек і багаборац».
Раман Абрамчук лічыць увагу да месца правядзеньня фэстывалю перабольшанай і занадта завостранай. Да таго ж і арганізатараў, і ўдзельнікаў цяжка западозрыць ва ўсхваленьні Сталіна.
«Гэта проста недарэчнасьць і неабачлівасьць арганізатараў, — кажа Раман Абрамчук. — Сам арганізатар айцец Максім (Логвінаў) вельмі цесна зьвязаны з войскам. Гэтая тэматыка — танкі, самалёты, камуфляж, зброя — гэта ягоная вялікая прыхільнасьць. Месца правядзеньня фэстывалю, найхутчэй, залежала ад ягоных асабістых сувязяў і гэтай прыхільнасьці».
Нічога лепшага за спэцназ і танкі не прыдумалі
Раман кажа, што ведае людзей, якія прынцыпова адмаўляліся ад удзелу ў фэстывалі, бо ім не падабалася месца яго правядзеньня. Але сапраўдная прычына нешматлікасьці ўдзельнікаў ня ў гэтым.
«Многія не пайшлі проста таму, што сам фармат, тэматыка ім нецікавыя, — кажа культуроляг. — Нават калі ўзяць афішу, якая нагадвае БРСМ-аўскія мерапрыемствы: там дзяржаўны сьцяг, георгіеўская стужка, „зоркі беларускай эстрады“ — гэта проста нецікава сучаснаму маладому чалавеку, праваслаўны ён ці не».
«Праваслаўнай царкве варта задумацца, — лічыць Раман Абрамчук. — Яна так упэўнена сябе пачувае і думае, што паколькі ў яе добрыя стасункі зь дзяржавай і праваслаўе тут „народная вера“, то моладзь заўжды ў яе будзе. Насамрэч гэта падстава, каб добра задумацца наконт працы з моладзьдзю і чагосьці жывога, што царква можа арганізаваць для моладзі і проста прэзэнтаваць сваю веру, сваю царкву як жывую традыцыю».
Фэстываль скончыўся ў нядзелю ўрачыстым канцэртам. Першай выступіла расейская група «Комба бакх», лідэрам якой — брат айца Максіма, Аляксей Логвінаў. На сьпевы моладзь рэагавала досыць стрымана, але падчас выкананьня апошняй песьні «Помни, ты русский» нечакана ўтварыўся вясёлы карагод, які з імпэтам падтрымліваў сам айцец Максім.
«Трэба прызнаць, што ў сучаснай праваслаўнай царкве моцна дзейнічае прапаганда „русского мира“. Шмат хто цьвёрдыя адэпты „русского мира“, таго ж Сталіна ў тым ліку і падобных рэчаў. Нельга адмаўляць, на жаль, што гэта ёсьць», — кажа Раман.
Запрасілі на канцэрт і салдат тэрміновай службы. Камуфляжу, зброі і вайсковых шыхтаваньняў на праваслаўным летніку было шмат. Асабліва запомніўся і спадабаўся гледачам нумар з удзелам арганізатара фэстывалю айца Максіма (Логвінава). Нумар быў прысьвечаны парашутна-дэсантным войскам і распачаўся чытаньнем верша пра тое, што першым дэсантнікам быў Ісус Хрыстос. Пазьней праваслаўныя падлеткі зрабілі паказальны выступ са страляньнем і абавязковым разьбіваньнем цэглы ілбом.
Андрэй Кім ня бачыць нічога кепскага ў разуменьні хлопца як воіна і абаронца радзімы. «Хрысьціянства — не рэлігія пацыфізму, — кажа ён. — Ёсьць, напрыклад, такі панятак, як „справядлівая вайна“» Але падобныя мерапрыемствы на «Ліні Сталіна» вядуць толькі да канфлікту, лічыць ён.
«Што мы прыносім гэтым бразгатам зброі, калі прыходзім на „Лінію Сталіна“? А мы прыносім трыюмф „русского мира“, расейскай зброі, пакланеньне Сталіну. Асноўны страх у тым, што людзі бачаць, што праваслаўная царква і Сталін — гэта нешта адно, што гэта можна аб’яднаць. Сама праваслаўная царква гэта аб’ядноўвае.
Правядзеньне такіх рэчаў на „Лініі Сталіна“ ў выніку набліжае вайну. Хрыстос казаў: „Дабрашчасныя тыя, хто прагне міру“. Царква павінна быць міратворцам», — падсумоўвае Андрэй Кім.
Тэоляг Натальля Васілевіч актыўна зьвяртала ўвагу на недарэчнасьць правядзеньня праваслаўнага фэстывалю на «Лініі Сталіна» і нават зьвярнулася з асабістым лістом да мітрапаліта Паўла. Урэшце фэстываль адбыўся, дзе і плянавалася, але маленькую перамогу ўдалося атрымаць, — кажа Натальля:
«Мяне бянтэжыла ў першую чаргу імя Сталіна і наяўнасьць помніка Сталіну ў гэтым „музэі пад адкрытым небам“. Сама наяўнасьць помніка выяўляе, што акт пакланеньня Сталіну адбываецца, ускладаюцца кветкі, праводзяцца мерапрыемствы. Безумоўна, гэтае месца мае культавае значэньне ў сэнсе антыхрысьціянскага культу. Безумоўна, праводзіць праваслаўнае мерапрыемства на месцы ўшанаваньня Сталіна было недарэчна, нават калі самі арганізатары ня мелі на ўвазе ніякага факту ўшанаваньня дыктара, забойцы і багаборца. Само па сабе гэта праява ўшанаваньня асобы Сталіна.
Але тое, што хоць на кароткі час і невялікую колькасьць мэтраў удалося прыбраць помнік Сталіну ад праваслаўнай капліцы, — гэта перамога. Ганарыцца такімі малымі перамогамі не выпадае, але калі ўсё гэта пачыналася, уздымалася цікавасьць і ўвага да гэтай падзеі, то не было спадзяваньня нават на тое, што хоць у такім маштабе атрымаецца нешта зрабіць».