Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мітрапаліт Павал ухваліў хрэсны ход моладзі да «Лініі Сталіна»


На «Лініі Сталіна»
На «Лініі Сталіна»

Патрыяршы экзарх усяе Беларусі, мітрапаліт Менскі і Заслаўскі Павал ухваліў правядзеньне фэстывалю праваслаўнай моладзі і хрэснага хода на «Лініі Сталіна».

Гэта вынікае з адказу мітрапаліта Паўла на зварот тэоляга, рэдактаркі сайту «Царква» Натальлі Васілевіч.

Мітрапаліт Павал напісаў, што «лінія Сталіна — гэта ваенна-гістарычны музэй пад адкрытым небам аднаго з абарончых вузлоў СССР. Ніякага дачыненьня да рэпрэсіяў гэтае месца ня мае».

У сваім звароце да мітрапаліта Натальля Васілевіч прасіла перагледзець магчымасьць правядзеньня хрэснага хода ад Заслаўя да «Лініі Сталіна». Яна прасіла «узважыць усе яго адмоўныя духоўныя і рэпутацыйныя наступствы, а таксама ўлічыць меркаваньне вернікаў, якія выступаюць супраць ушанаваньня імя ката і багаборца».

Натальля Васілевіч
Натальля Васілевіч

«Я разумею, што кіраўніцтва моладзевага аддзелу Менскай эпархіі ні ў якім разе ня мела на ўвазе сваім хрэсным ходам пакланеньне Сталіну, і што, хутчэй за ўсё, гэта проста супадзеньне, але супадзеньне прыкрае, небясьпечнае, патэнцыйна канфліктагеннае. Яно можа выклікаць нестраеньні ня толькі ў асяродку царкоўнай моладзі, але і ў шырокіх колах грамадзтва. Непазьбежны сымбалізм такой падзеі, незалежна ад матывацыі яе ўдзельнікаў, занадта яскрава ставіць у цэнтар не імя Хрыста, не імя новых пакутнікаў і сьвятых, не імёны тых, хто загінуў у гады Другой сусьветнай вайны на гэтай зямлі, але страшнае імя Сталіна», — адзначае Натальля Васілевіч.

18–19 ліпеня пройдзе фэстываль моладзі Менскай эпархіі з нагоды 70-годзьдзя Перамогі, у праграме якога пазначаны хрэсны ход ад Заслаўя да помніка «Лінія Сталіна», а «Лінія Сталіна» называецца цэнтральным месцам мерапрыемства.

«Пра тое, што ў назьве мэмарыяльнага комплексу „Лінія Сталіна“ мянушка „Сталін“ носіць не выпадковы характар, сьведчыць наяўнасьць усталяванага там помніка, які зьяўляецца цэнтрам пакланеньня Сталіну, чалавеку, які спрабаваў ператварыць нашу зямлю ў духоўную пустыню, у адпаведнасьці з палітыкай якога зьнішчаліся ня толькі сьвятары, рэлігійныя дзеячы, але і сяляне, і рабочыя, і навукоўцы, і дзеячы культуры, і прадстаўнікі нацыянальных меншасьцяў», — піша Натальля Васілевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG