Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму праваслаўныя ідуць хросным ходам на Лінію Сталіна?


Чалавек з партрэтам Сталіна на майцы і савецкім сьцягам. Ілюстрацыйнае фота
Чалавек з партрэтам Сталіна на майцы і савецкім сьцягам. Ілюстрацыйнае фота

Гардун: «Фэстываль і хросны ход у гэтым месцы ня маюць ніякага сэнсу»

18 і 19 ліпеня пад Заслаўем адбудзецца фэстываль праваслаўнай моладзі. Па блаславеньні мітрапаліта Паўла мерапрыемствы пройдуць на «Лініі Сталіна».

Праваслаўны сьвятар айцец Сергій Гардун лічыць, што гэта ненармальна — праводзіць такія фэстывалі на лініі Сталіна:

«Па-першае, я абсалютна ня бачу адмысловай нагоды, каб менавіта ў гэтым месцы рабіць хросны ход. У самім гэтым месцы я ня бачу ніякай гістарычнай важнасьці. Я нават, папраўдзе кажучы, зусім не разумею назвы і прычыны, чаму гэтае месца названа імем Сталіна, які тут ніколі ня быў. Так што сама ідэя мне не зразумелая.

Ну, і сама асоба Сталіна — трагічная ў нашай гісторыі, таксама як і асоба Леніна, асоба Гітлера. Таму зьвязваць зь імем Сталіна нейкія фэстывалі я лічу няправільным і абсалютна некарысным. Я ня бачу ў гэтым ніякай мэты, якая б паслужыла ці то нейкім ідэалам, ці то гістарычнай памяці, ці то згуртаваньню, аб’яднаньню народа. І тым больш гэта ня мае ніякага дачыненьня да царквы.

Імя Сталіна больш зьвязваюць з вайной, а не з царквой. Што да крыўды царквы на Сталіна... Як у Эвангельлі сказана: „Благаслаўляйце ганіцеляў вашых“. Не праклінайце, а благаслаўляйце. Таму мы не павінны гэтага зла памятаць, якое было, безумоўна. Але, у прынцыпе, фэстываль і хросны ход у гэтым месцы ня маюць ніякага сэнсу».

Арэшка: «Праваслаўе і дзяржава ідуць побач»

Вацлаў Арэшка
Вацлаў Арэшка

Культуроляга, сябра ініцыятывы «За ўратаваньне Курапатаў» Вацлава Арэшку не зьдзівіла, што праваслаўнай царквой абрана для правядзеньня фэстывалю такое месца:

«Праваслаўе ў свой час пагадзілася са сталінскім рэжымам, нягледзячы на ўсе рэпрэсіі, і быў такі пэўны сымбіёз, асабліва пасьля Другой усясьветнай вайны. І мы ведаем, што шмат сьвятароў працавала на КДБ. Дый увогуле, праваслаўе і дзяржава ідуць побач. І таму праваслаўе заўсёды застаецца ў рэчышчы дзяржаўнай ідэалёгіі, дзяржаўнай палітыкі.

На жаль, вось гэтае маскоўскае праваслаўе вельмі мала што мае з Богам, з рэлігіяй, з чымсьці такім высокім, духоўным. Па сутнасьці, гэта дзяржаўны дэпартамэнт і ў Расеі, і ў Беларусі. І таму для мяне ня вельмі дзіўна, што такія „патрыятычныя“ (у двукосьсі) сьвяты праводзяцца праваслаўнай царквой. Да таго ж само існаваньне Лініі Сталіна, на маю думку, — гэта нонсэнс. Мне здаецца, не патрэбныя такія помнікі Беларусі, гэта помнікі ня нашай гісторыі. А тое, што праваслаўе зьліваецца з гэтым афіцыёзам, гэта сумна, вядома, гэта непрыемна. Але, на жаль, гэта ў нейкім такім агульным трэндзе знаходзіцца».

Ляхоўскі: «Гэта сорам для царквы, якая ў гады сталінскіх рэпрэсіяў моцна пацярпела»

Уладзімер Ляхоўскі
Уладзімер Ляхоўскі

Гісторык Уладзімер Ляхоўскі перакананы, што праводзіць такія фэстывалі на Лініі Сталіна — сорам для царквы, якая вельмі пацярпела падчас праўленьня Сталіна:

«З пункту гледжаньня гісторыі лінія Сталіна была дэмантаваная пасьля таго, як мяжа перамясьцілася да Берасьця. І да 1941 году яна фактычна ўжо ня мела такой стратэгічнай задачы, якую мела ў 1939 годзе. Ясна, што гэта ўсё ня мае ніякай гістарычнай праўды. Існаваньне гэтай лініі носіць хутчэй камэрцыйны і прапагандысцкі аспэкт. Таму я лічу, што лінія Сталіна — гэта ня дом Паўлава, будзем так казаць.

А што тычыцца гэтага фэстывалю праваслаўнай моладзі і хроснага ходу, — ня ведаю хто за гэтым стаіць, ці стаяць там сур’ёзныя герархі праваслаўнай царквы. Але калі так, то, вядома, гэта сорамна для царквы, якая ў гады сталінскіх рэпрэсіяў моцна пацярпела».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG