Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ярмошына: праверку подпісаў прайшлі Гайдукевіч, Караткевіч, Лукашэнка і Ўлаховіч


Ва Ўлаховіча «выпалі» 10 тысяч подпісаў, у Лукашэнкі — 7,5 тысячы, у Гайдукевіча і Караткевіч — па 2 тысячы.

Пра гэта старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына распавяла сёньня Свабодзе. Яна сказала, што на пасяджэньні ЦВК, якое заплянаванае на 10 верасьня, будзе рэкамэндаваць калегам зарэгістраваць усіх чатырох у якасьці кандыдатаў на прэзыдэнта. Пры ўмове, што самі прэтэндэнты пажадаюць працягваць выбарчую кампанію.

Яна патлумачыла, што кандыдаты павінны напісаць заявы пра сваё жаданьне балятавацца і здаць поўны камплект неабходных дакумэнтаў. Пакуль, удакладніла Ярмошына, гэта зрабілі толькі Сяргей Гайдукевіч і Тацяна Караткевіч. А адмова ад заявы ці няпоўны камплект дакумэнтаў — падстава для адмовы ў рэгістрацыі.

Што тычыцца яшчэ чатырох прэтэндэнтаў — Цярэшчанкі. Лябедзькі, Калякіна і Раманоўскай — будзе прынятая агульная пастанова, што кожны зь іх не набраў неабходныя 100 тысяч сапраўдных подпісаў.

Ярмошына кажа: пасьля таго як ЦВК зарэгістравала восем ініцыятыўных групаў, яна разьлічвала, што сем зь іх вытрымаюць іспыт:

«Я думала, што і Лябедзька з Калякіным зьбяруць па 100 тысяч. І не спадзявалася, што такая гісторыя адбудзецца зь Цярэшчанкам. Мне падавалася, што сёлета будзе сцэнар 2010 году і абставіны складуцца падобным чынам, як тады».

Я думала, што і Лябедзька з Калякіным зьбяруць па 100 тысяч

Старшыня ЦВК паведаміла, што досыць высокі працэнт несапраўдных подпісаў быў у Мікалая Ўлаховіча — дзесьці 13,8%. А 15% ужо даюць права здымаць кандыдата з выбарчай гонкі. Улаховіч страціў 10 тысяч подпісаў. Па дзьве тысячы адмінусавалі ў Гайдукевіча і Караткевіч. Нават у Лукашэнкі знайшлі 7,5 тысячы несапраўдных подпісаў. Але ў яго подпісаў вельмі шмат.

Трэба сказаць, што ў выпадку, калі Тацяну Караткевіч 10 верасьня зарэгіструюць, то гэта будзе першым выпадкам удзелу кандыдата-жанчыны ў прэзыдэнцкіх выбарах. Ярмошына ўдакладніла, што некаторыя блытаюць, калі кажуць, што ў 2001 годзе балятавалася Натальля Машэрава. Ініцыятыўную групу спадарыні Машэравай тады зарэгістравалі. Але літаральна празь некалькі дзён пасьля гэтага Машэрава падала заяву, у якой паведаміла, што ня будзе зьбіраць подпісы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG