Кіраўнік грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў у інтэрвію «Беларускаму партызану» апавёў, у чым сэнс удзелу Тацяны Караткевіч ў прэзыдэнцкіх выбарах, а таксама пра ролю БНФ у яе перадвыбарчай кампаніі.
29 жніўня Партыя БНФ выйшла з выбарчай кампаніі Тацяны Караткевіч. 18 сябраў Сойму Партыі БНФ прагаласавалі за выхад з кампаніі Караткевіч, 11 — супраць, 2 — устрымаліся.
Публікуем фрагмэнт інтэрвію Андрэя Дзьмітрыева:
— Вы засталіся адны. У вас няма ніякіх структур, каб дамагчыся посьпеху на выбарах. Лідэры думак ад вас адвярнуліся. На што вы разьлічваеце?
— Мы не засталіся адны. Калі мы фармавалі ініцыятыўную групу, з інтэрнэту да нас прыйшло 300 чалавек. Гэта маладыя людзі, якія вырасьлі пры Лукашэнку, але прыйшлі да нас і ўсталі ў пікеты. Гэта зусім новая кроў.
Мы адчуваем падтрымку людзей, якія ставілі подпісы. Тое, што адбываецца, гэта нармальны палітычны працэс. Нашы паплечнікі па дэмакратычнай кааліцыі дапамагаюць Тацяне зрабіць так, каб грамадзтва бачыла яе ня як прадстаўніка той апазыцыі, якую беларусы ня любяць з-за пастаянных сварак, а як новы, альтэрнатыўны твар.
Напрыклад, рашэньне БНФ выйсьці з кампаніі шкодзіць рэпутацыі самога БНФ, але дазваляе Тацяне сказаць, што яна не прадстаўляе апазыцыйныя партыі, а зьяўляецца альтэрнатывай цяперашняй улады.
— Як так атрымалася, што партыя БНФ, зь якой вы былі разам, шчыльна апошнія некалькі гадоў, раптам у апошні момант кінула вас і, па сутнасьці, здрадзіла?
— У першую чаргу, гэта вынік нейкіх унутраных пытанняў БНФ, яны не зьвязаныя ні з Караткевіч, ні з «Гавары праўду». Таму я ня бачу неабходнасьці гэта асабліва камэнтаваць. Тое, што зрабіў Аляксей Янукевіч, гэта мужны крок: ён ахвяраваў сваёй рэпутацыяй і рэпутацыяй партыі, каб Караткевіч стала чыстым кандыдатам без нэгатыву, які цягнецца шлейфам за апазыцыйнымі партыямі.
— Патлумачце, у чым высакароднасьць Янукевіча, я штосьці не ўлавіў?
— Ну, як у чым высакароднасць? БНФ сышоў, гэта была апошняя апазыцыйная партыя, якая падтрымлівала Караткевіч афіцыйна. Але пры гэтым БНФ дапамог сабраць подпісы, то бок галоўная задача выкананая — подпісы ёсьць. Зараз пачынаецца агітацыя, калі трэба казаць пра праграму, пра нейкія свае крокі, і мы цяпер ня будзем зьвязаныя па руках ні радыкальнай рыторыкай БНФ, ні нэгатыўным іміджам апазіцыйных партый.
— То бок Янукевіч аказаў вам паслугу. Але ён зрабіў гэта сьвядома ці па неабдуманасьці?
— Так. Я ня буду развіваць тэму, чаму ён гэта зрабіў, але відавочна, што яны зрабілі добра для Караткевіч...
Цяперашні ўчынак БНФ хай абмяркоўвае грамадзтва. Я ўжо сказаў, што гэта вельмі сьмелы ўчынак Аляксея Янукевіча.
Але актыў БНФ з намі застанецца. Мы таксама будзем выступаць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі. Мы ўсё роўна будзем казаць пра беларускую мову, толькі ў больш мяккім фармаце. Мы кажам пра неабходнасьць не дапусціць расейскіх вайсковых баз у Беларусі. Толькі зараз мы можам спакойна казаць так, каб пачула большасьць беларусаў.
— Не магу зразумець, вы пра сьмеласць Янукевіча кажаце з іроніяй або самі заблыталіся ў сваіх палітычных інтрыгах і нас спрабуеце заблытаць? У вас было ўзгоднена зь Янукевічам, што БНФ вас кідае, або выпадкова атрымалася?
Хочуць яны таго ці ня хочуць, але для большасьці грамадзтва Тацяна Караткевіч будзе кандыдатам дэмакратычных сіл
— Гэта цяпер ужо ня важна. Важны факт, які адбыўся — у дэмакратычных сіл ёсць кандыдат і, хочуць яны таго ці ня хочуць, але для большасьці грамадзтва Тацяна Караткевіч будзе кандыдатам дэмакратычных сіл. І сёньня прэзыдэнцкая кампанія становіцца выбарам паміж Лукашэнкам і Караткевіч, таму што астатніх кандыдатаў ніхто ня будзе ўспрымаць сур’ёзна. І задача палягае ў тым, каб мабілізаваць пад Караткевіч як мага больш людзей.
— Ну і як вы зьбіраецеся гэтую задачу вырашаць, калі ад вас усе адвярнуліся?
— Ну, а як апазыцыя магла б нам дапамагчы?
— Сваімі структурамі.
— А структуры ад нас і не адвярнуліся, толькі некалькі лідэраў.
— Гэта значыць, пачнецца масавае дэзэртырства з апазыцыйных партый людзей, якія не паслухаюцца сваіх камандзіраў?
— Ні адна партыя не забараніла сваім актывістам ўдзельнічаць у кампаніі Тацяны Караткевіч як грамадзянам Рэспублікі Беларусь. Я думаю, што многія скарыстаюцца гэтай магчымасьцю.