Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтар кнігі пра катастрофу самалёта Качынскага: Ёсьць доказы, што на борце былі выбухі


Парэшткі польскага прэзыдэнцкага самалёта, які пацярпеў катастрофу пад Смаленскам
Парэшткі польскага прэзыдэнцкага самалёта, які пацярпеў катастрофу пад Смаленскам

Кніга вядомага ў Нямеччыне журналіста прапануе альтэрнатыўную вэрсію гібелі самалёта прэзыдэнта Польшчы пад Смаленскам.

Бэрлінскае выдавецтва Econ выпусьціла кнігу вядомага ў Нямеччыне журналіста, аўтара многіх журналісцкіх расьсьледаваньняў у сфэры арганізаванай злачыннасьці як у Заходняй Эўропе, так і ў Расеі — Юргена Рота «Сакрэтная тэчка С: Смаленск, MH17 і вайна Пуціна ва Ўкраіне». MH17 — нумар рэйсу, які рабіў «Боінг» кампаніі Malaysia Airlines, зьбіты над ўсходняй Украінай. У траўні кніга выйдзе і ў Польшчы. Радыё Свабода пагутарыла з аўтарам кнігі.

— Ці ёсьць у вашай кнізе новыя невядомыя факты, або гэта новая інтэрпрэтацыя ўжо вядомага?

— Факты ёсьць, але для пачатку скажу, што назва апісвае пасьлядоўнасьць падзей. Гэта значыць, гаворка ў кнізе ідзе ня толькі аб гібелі самалёта Качынскага 5 гадоў таму. Гэта і пра палітыку Крамля ў цэлым, пра палітыку хлусьні Ўладзімера Пуціна. Гэтыя асаблівасьці палітыкі дэманструюцца як на прыкладзе трагедыі ў Смаленску, так і на больш раньніх прыкладах, ну і на прыкладах вайны ва Ўкраіне. Гэтую чырвоную нітку я і апісваю ў кнізе. А зараз пра новыя факты. Сёньня можна доказна канстатаваць, што дакумэнт, які прадставіў вынікі расейскага афіцыйнага расьсьледаваньня, у некаторых палажэньнях непраўдзівы, ён ўтрымлівае маніпуляцыі. Існуюць указаньні крыніц з разьведкі Нямеччыны на тое, што на борце самалёта адбыўся выбух ці нават два і што гэтыя выбухі былі вынікам апэрацыі ФСБ. Ёсьць шмат доказаў, якія таксама сьведчаць пра тое, што на борце адбыліся выбухі. Даказана таксама, што на пілётаў не аказвалася ніякага ціску, даказана, што судова-мэдыцынскае дасьледаваньне парэшткаў загінуўшых ўтрымлівае фальсыфікацыі. Незалежныя судова-медычныя экспэрты не атрымалі доступу да часткі парэшткаў.

Незалежныя судова-медычныя экспэрты не атрымалі доступу да часткі парэшткаў.

Адным словам, ёсьць шмат указаньняў на тое, што гэты палёт і катастрофа самалёта не былі звычайнай авіятрагедыяй, а былі вынікам маніпуляцый з мэтай прывесьці самалёт да падзеньня. У мяне няма неабвержных доказаў гэтага, іх, я думаю, ніколі ня будзе знойдзена, але супярэчнасьці ў афіцыйнай вэрсіі здарэньня настолькі вялікія і гэтак відавочныя, што яны проста крычаць пра неабходнасьць незалежнага міжнароднага расьсьледаваньня. Але такое расьсьледаваньне было з самага пачатку адхілена як расейскім, так і польскім бакамі.

— Ці ёсьць у вашай кнізе дадатковыя пацьверджаньні вэрсіі, што на месцы трагедыі дзейнічала расстрэльная каманда, якая дабівала тых, што засталіся жывыя?

Фрагмэнт вокладкі кнігі
Фрагмэнт вокладкі кнігі

— Існуюць новыя доказы, прадстаўленыя міжнароднымі, дакладней амэрыканскімі судмэдэкспэртамі, якія ў прыватнасьці вывучылі і дасьледавалі адну фатаграфію мужчыны, які ляжаў на зямлі на месцы падзеньня самалёта. Экспэрты бачаць на фота сьлед стрэлу ў галаву. Праблема ў тым, што цела гэтага больш няма і што гэта заключэньне зроблена толькі на падставе вывучэньня фатаграфіі. Таму я з асьцярожнасьцю публікую гэтыя заключэньні, і гэта толькі доказ, які патрабуе далейшага вывучэньня, якое праведзена не было. Варта памятаць, што кансьпіралягічныя вэрсіі інцыдэнту шырока распаўсюджаныя ў Польшчы, і я спрабую ў сваёй кнізе прадставіць пазыцыі абодвух бакоў і паказаць супярэчнасьці абедзвюх пазыцый. Мала каму вядома, што ёсьць міжнародна прызнаныя навукоўцы як у Польшчы, так і ў ЗША і Аўстраліі, якія доказна выказалі сваё глыбокае сумненьне ў афіцыйных вэрсіях, высновах і тлумачэньнях, але яны не былі ў Польшчы ўспрынятыя сур’ёзна.

— Шмат было напісана пра ролю авіядыспэтчараў, якія вялі самалёт на пасадку. Як бачыцца вам іх роля?

— Гэта застаецца малазразумелым. Існуюць розныя ацэнкі каманд, якія атрымліваў ад дыспэтчараў экіпаж самалёта. Гэтыя каманды, у прыватнасьці аб тым, садзіцца ці не, ішлі з Масквы, а зусім не ад людзей на месцы. У гэтых перамовах самалёта зь зямлёй гучалі зьвесткі аб вышыні, на якой знаходзіўся самалёт, якія адрозьніваліся адна ад адной. У дыспэтчарскай вежы аэрапорта панаваў хаос, але запісы размоваў у гэтай вежы згубленыя і ня могуць больш быць дасьледаваны.

— Для чаго, на ваш погляд, Пуціну было патрэбнае зьнішчэньне гэтага самалёта, калі дапусьціць, што гэта рабілася паводле ягонага загаду?

Юрген Рот
Юрген Рот

— Я ня думаю, што меў месца непасрэдны загад Пуціна. Ён, паводле ягоных правілаў, ніколі прамыя загады такога кшталту не фармулюе. Яго палітычная воля рэалізуецца праз іншыя мэханізмы, што можна бачыць і ў гісторыі з забойствам Нямцова, і яшчэ раней у гісторыі выбухаў дамоў у 1999 годзе. Тады за гэтым відавочна стаяла ФСБ, але тых, хто мог бы сьведчыць, ужо няма на сьвеце. Лех Качынскі і яго Нацыянальна-кансэрватыўная партыя былі тады, у 2008, 2009, 2010 гадах непрымірымымі супернікамі Пуціна і палітыкі Крамля, ніхто ня быў у Польшчы настолькі па-антырасейску настроены, як гэтая партыя і яе лідэр, і, адпаведна, урад. Другім пунктам была дамова з «Газпромам», якая была «Газпрому» выгадная, але якую Лех Качынскі не хацеў падпісваць і якую адразу ж пасьля катастрофы самалёта тагачасны прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск падпісаў з тагачасным прэм’ер-міністрам Расеі Пуціным. Усё гэта магло быць матывам, але ўсё ж не зьяўляецца ключавым тлумачэньнем. Але ясна, што Лех Качынскі і яго партыя (і гэта відаць з публічных выступаў польскіх палітыкаў) павінны былі замінаць Пуціну, раздражняць яго. Качынскі імкнуўся да саюзу з балтыйскімі дзяржавамі, саюзу супраць Расеі, і ён, вядома, быў парушынкай у воку расейскага лідэра Ўладзіміра Пуціна.

— Ці бачыце вы сувязь паміж гісторыяй з самалётам Качыньскага і далейшымі дзеяньнямі пуцінскай Расеі ў Крыме і ва Ўкраіне?

— Так, я бачу і паказваю ў сваёй кнізе гэтую сувязь. Ужо ў гісторыі з самалётам была разьвязана прапагандысцкая кампанія, якая выглядае сёньня бяскрыўднай у параўнаньні з тым, што сьвет убачыў пры анэксіі Крыму, пры дзеяньнях Расеі ва Ўкраіне па падтрымцы сэпаратыстаў. Але са Смаленску пачалася гэтая сыстэматычная палітыка хлусьні Ўладзімера Пуціна, палітыка падробак, якая ўзмацнілася пасьля яго вяртаньня ў крэсла прэзыдэнта. Я ў сваёй кнізе раблю экскурс у мінулае Пуціна і паказваю, што гэта заўсёды было ў сыстэме Пуціна: спалучэньне хлусьні і дэзінфармацыі, што асабліва ярка было прадэманстравана ў дачыненьні да Крыму і Ўкраіны. Калі б катастрофа з самалётам Качынскага адбылася ня пяць гадоў таму, калі адносіны паміж Расеяй і Захадам былі вельмі добрыя, і Пуцін слыў палітыкам, словам якога можна давяраць, палітычным партнэрам Захаду, калі б гэтая катастрофа з самалётам прэзыдэнта Польшчы, з генэраламі, якія працавалі ў НАТО, на борце, з палітычнай элітай краіны адбылася б ня пяць гадоў таму, а сёньня, то гэта магло б стаць запалкай для пажару новай вайны. І гэта не выпадкова, што расейскі прэзыдэнт усё часьцей пагражае прымяненьнем атамнай зброі. Усё гэта вельмі небясьпечныя тэндэнцыі, небясьпечнае разьвіцьцё, і як Захад павінен на гэта рэагаваць, мне не вядома.

— Як вы ацэньваеце дзеяньні і заявы нямецкіх палітыкаў, ураду Нямеччыны ў дачыненьні да Расеі і Пуціна? Як вы ацэньваеце палітыку Ангелы Мэркель у гэтым сэнсе?

— Я б падзяліў тут сваё стаўленьне на дзьве часткі ўрадавага лягеру. Ангела Мэркель вядзе, на мой погляд, пасьлядоўную і ўзважаную палітыку. У шэрагах жа сацыял-дэмакратаў ёсьць шмат па-прапуцінску настроеных палітыкаў, як, напрыклад, былы прэм’ер-міністар зямлі Брандэнбург Маціяс Плацэк. Такія дзеячы, як былы канцлер Герхард Шродэр, зыходзяць ўсё яшчэ з таго, што Пуцін застаецца партнэрам, вартым даверу. Гэтыя пазыцыі — таксама вынік таго, што палітыкі ня бачаць альтэрнатываў дыпляматычнаму або эканамічнаму ціску, і ніхто ня хоча вайны, бо яна вядзе да канца нашага сьвету. Але праблемай зьяўляецца тое, што цяперашні Ўладзімер Пуцін непрадказальны, яго лёгіку немагчыма пралічыць, і з нагоды яго плянаў нічога немагчыма прадказаць і плянаваць. Прынамсі, Ангела Мэркель цяпер гэта добра разумее. Адносна сацыял-дэмакратаў і асабіста міністра замежных спраў спадара Штайнмаера я не зусім у гэтым упэўнены.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG