Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьвяртацца да замежных структураў з заклікам арганізаваць нам перамовы — гэта пазыцыя, адарваная ад рэчаіснасьці, — Янукевіч


Аляксей Янукевіч
Аляксей Янукевіч

Пяцёра беларускіх апазыцыйных палітыкаў — Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Уладзімер Някляеў, Павал Севярынец і Мікалай Статкевіч — зьвярнуліся да Эўразьвязу з просьбай перазагрузіць унутраныя перамовы пра дэмакратычныя рэформы ў Беларусі. Яны лічаць, што трэба аднавіць дыялёг, закансэрваваны ў 1999 годзе, і падключыць пасярэднікаў ад АБСЭ і Эўразьвязу.

Шэраг палітыкаў, сярод якіх Тацяна Караткевіч, Аляксандар Мілінкевіч і Аляксей Янукевіч, гэты зварот не падпісалі.

Старшыня Партыі БНФ Аляксей Янукевіч пракамэнтаваў карэспандэнту Свабоды заяву, накіраваную «пяцёркай» у ЭЗ:

«Па-першае, апэраваньне дамоўленасьцямі ці станам рэчаў, які існаваў у 1999 годзе, — гэта сытуацыя, адарваная ад рэчаіснасьці. Можна сёньня казаць, што добрая была Канстытуцыя 1994 году, добрыя былі дамоўленасьці 1999 году. Але гэтыя рэчы і тады не спрацавалі, і тым больш яны ня маюць шанцаў спрацаваць больш як праз 15 гадоў. Па-другое, безумоўна, дыялёг з уладай мог бы быць карысны, і я думаю, што рана ці позна ён будзе адбывацца. Але ён можа рэальна распачацца, калі беларускае грамадзтва будзе здольнае змусіць беларускія ўлады да перамоваў. То бок зьвяртацца да нейкіх замежных структураў з заклікам арганізаваць нам такія перамовы — на сёньняшні момант гэта пазыцыя, таксама адарваная ад рэчаіснасьці. Бо такі дыялёг унутры краіны можа адбыцца толькі пад узьдзеяньнем унутраных фактараў, а ня зьнешніх. І тут ніхто нам не дапаможа, бо ў прынцыпе дапамагчы звонку ў гэтай справе немагчыма».

На пытаньне, ці магчымае зноў разьмежаваньне апазыцыі ў залежнасьці ад таго, хто падпісаў, а хто не падпісаў гэтую заяву, Аляксей Янукевіч адказаў:

«Не, гэта не фіксацыя нейкіх груповак унутры апазыцыі. Мы бачым, што паперу падпісалі і Калякін, і Статкевіч. Прынамсі, з боку Статкевіча ў дачыненьні да Калякіна адносна нядаўна былі агучаныя сумневы, ці варта ў прынцыпе зь ім супрацоўнічаць. Але і сярод тых, хто не падпісаў заяву, паміж Партыяй БНФ і „Гавары праўду“, існуюць моцныя разыходжаньні, гэтаксама як і паміж рухам „За свабоду“ і „Гавары праўду“. Я думаю, што гэта хутчэй нейкі сытуацыйны дакумэнт у спробе злавіць увагу міжнароднай супольнасьці. Але выходзіць да міжнароднай супольнасьці варта з больш грунтоўнымі прапановамі стратэгічных падыходаў наконт таго, як вяртаць Беларусь на шлях свабоды».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG