Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як падчас выбараў не застацца бяз сувязі і навінаў


Звычайна падчас прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі блякуюць сайты, назіральнікам перашкаджаюць працаваць, за ўдзельнікамі масавых акцыяў сочаць, ім пагражаюць, іх арыштоўваюць. Шэраг рэкамэндацый на 10–11 кастрычніка.

Калі не працуе ўлюбёны сайт

Блякаваньні сайтаў незалежных СМІ і атакі на іх рэгулярна адбываюцца ў Беларусі падчас выбараў і масавых акцыяў. Адказнасьць за гэта не бярэ на сябе ніхто. Бывала, што не працавалі нават сацсеткі. Ды нават Кітай са сваім «вялікім кітайскім фаерволам» ня здолеў заблякаваць доступ да «непажаданага інтэрнэту» — і ў Беларусі ёсьць багата спосабаў абысьці блякаваньні і атакі.

Калі сайт блякуецца ў Беларусі, але працягвае працаваць з-за мяжы, можна скарыстацца праграмай Tor. Яна ня толькі абыходзіць любыя перашкоды ў доступе, але і дае практычна поўную ананімнасьць у інтэрнэце. Праўда, за гэта даводзіцца расплочвацца нізкай хуткасьцю доступу.

Хутчэй сайты будуць грузіцца праз ананімайзэры. Напрыклад, праз Svaboda2.net альбо Hide.me — правайдэр бачыць, што вы атрымліваеце доступ да сайту, якога няма ў «чорных сьпісах», і спакойна вас прапускае, а сайт-ананімайзэр тым часам паказвае вам заблякаваны сайт у поўнай функцыянальнасьці. Гэтаксама спрацуе Google Translate, калі замест тэксту для перакладу ўставіць спасылку на заблякаваны сайт. Можна і ўсталяваць у браўзэр дадатак кшталту Hola альбо ZenMate, каб адкрываць доступ да заблякаваных сайтаў «адной кнопкай». Альбо можна скарыстацца віртуальнымі прыватнымі сеткамі (VPN) — адны зь іх платныя, а іншыя, як FrootVPN, VPNBook ці OpenVPN, бясплатныя.

Важна, што дзяржава абавязалася блякаваць і сродкі доступу да заблякаваных сайтаў. Калі ніводзін з вышэйзгаданых раптам не запрацуе — набярыце ў пошукавіку «web proxy» альбо «anonymizer», усе іх наўрад ці заблякуюць. Не дзясяты, дык соты ў сьпісе будзе працаваць.

Калі ж сайт ня проста заблякаваны, а не працуе праз DDoS-атаку (хоць ад такіх атак абяцаў абараніць «Белтэлекам») і не адкрываецца нават з-за мяжы, застаецца чытаць навіны ў сацсетках. Напрыклад, за навінамі Свабоды можна сачыць «УКантакце», на Facebook, Twitter і ў Instagram, глядзець трансьляцыі на Youtube. Некаторыя незалежныя СМІ маюць і мабільныя праграмы, празь якія навіны, хутчэй за ўсё, працягнуць грузіцца — праграма Свабоды ёсьць для Android і iOS.

Калі баіцеся праслухоўваньняў або не працуе сувязь

У час масавых акцый за мяжой адключаюць сувязь ці інтэрнэт — а ў Таджыкістане нядаўна адключалі SMS-паведамленьні. Бывае, што празь вялікую колькасьць людзей інтэрнэт і тэлефонная сувязь і проста слаба працуюць без усялякіх блякаваньняў.

Ёсьць экстрэмальны спосаб сувязі: праграма FireChat дазваляе абменьвацца паведамленьнямі без інтэрнэту і мабільнай сувязі. Галоўнае, каб побач было як мага больш людзей з Firechat і ўключанымі Bluetooth і Wi-Fi — чым больш людзей, тым лепшая хуткасьць і дыстанцыя перадачы паведамленьняў. На іншы канец гораду не напішаш, але ў межах адной плошчы мае спрацаваць.

Калі інтэрнэт ёсьць, але павольны, можна скарыстацца рэжымам эканоміі трафіку ў браўзэры, каб сайты грузіліся хутчэй. Такія рэжымы ёсьць у мабільным Chrome (пункт наладаў «Эканомія трафіку») ці ў Opera (функцыя Opera Turbo альбо Off-Road Mode). Альбо можна чытаць навіны ў Twitter па тэматычных хэштэгах (напрыклад, #Minsk ці #electby, альбо той, што стане папулярным у канкрэтны дзень акцыі).

Ад праслухоўваньня размоў можна часткова ўратавацца празь бясьпечную перапіску. Падобна, што самая папулярная ў Беларусі праграма для бясьпечнай перапіскі — гэта Telegram Паўла Дурава. Можна рабіць і абароненыя ад праслухоўваньня тэлефанаваньні праз Signal для iPhone і RedPhone для Android. Праўда, ад «жучкоў» у тэлефонах не абароніць ні iPhone, ні Android — у сэнсе бясьпекі паміж імі амаль няма розьніцы.

Каб у вас пад выбары ня скралі акаўнты ці суполкі ў сацсетках альбо не пачалі чытаць вашу пошту, выконвайце 7 базавых правілаў інтэрнэту: стаўце складаныя паролі і двухэтапную аўтэнтыфікацыю, уважліва глядзіце на спасылку, па якой пераходзіце, майце антывірус, ды не да канца яму давярайце...

Калі бачыце парушэньні законаў

Існуе багата спосабаў зьмяніць вынік выбараў — як на карысьць аднаго з кандыдатаў праз фальсыфікацыі, так і на карысьць справядлівых выбараў праз выкрыцьцё фальсыфікацый.

Паведамляйце пра парушэньні на ўчастках назіральнікам, дзяліцеся сваімі назіраньнямі праз інтэрнэт (напрыклад, адсылайце іх праз Android-праграму «Вочы»), пішыце праваабаронцам (напрыклад, «Вясьне» на адрас viasna@spring96.org), дзяліцеся навінамі са СМІ (напрыклад, шліце лісты на Свабоду па адрасе radiosvaboda@gmail.com).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG