Можна праігнараваць выбары, можна прагаласаваць на іх. Але існуюць спосабы больш маштабнага ўплыву на вынікі: фальсыфікацыі і барацьба зь імі.
1. Подкуп выбарцаў
Часам недастаткова проста паабяцаць перамены да лепшага — некаторыя палітыкі адважваюцца на адкрыты подкуп, раздачу «падарункаў» у абмен на голас на выбарах ці нават «проста так», без абяцаньняў прагаласаваць. Нярэдка выбарцаў (асабліва пэнсіянэраў) спрабуюць падкупіць прадуктамі харчаваньня — гароднінай, грэчкай, нават хлебам. Такія выпадкі зафіксаваныя ў шмат якіх краінах постсавецкай прасторы, нярэдкія яны і ў далёкім замежжы. Кажуць, у 2010 годзе ў Львове (Украіна) студэнтаў нават спрабавалі падкупіць прэзэрватывамі.
У якасьці подкупу дзейная ўлада можа выкарыстоўваць адміністрацыйны рэсурс: рабіць перад выбарамі тое, што павінна была рабіць увесь час. На мясцовым узроўні — рамантаваць дарогі, выдаваць затрыманыя пэнсіі... Ды насьцярожаныя выбарцы бачаць перад выбарамі подкуп ва ўсім: вунь нацыянальная валюта незвычайна расьце, вунь ацяпленьне далі раней, чым плянавалася. Узьдзеяньне такіх захадаў на электарат неадназначнае: адны гатовыя аддаць голас за грэчку, іншыя і самі пасьмяюцца, і сяброў загітуюць супраць таго, хто падкупляе.
Некаторыя лічаць, што і раздача «падарункаў» на выбарчых участках можа быць расцэненая як подкуп — ці то на карысьць кандыдата ад дзейнай улады, ці то каб наведваньня выбараў, калі багата выбарцаў зьбіраюцца іх ігнараваць.
2. Укіданьне бюлетэняў
Калі ёсьць сумневы, што выбарцы прагаласуюць правільна, можна прагаласаваць за іх. У Беларусі назіральнікі і праваабаронцы ня раз фіксавалі ўкідваньне бюлетэняў — і на прэзыдэнцкіх, і на парлямэнцкіх выбарах. Часам невядомы чалавек укідвае пачак бюлетэняў проста пасярод галасаваньня, часам бюлетэні закідваюцца ў аплямбаваныя урны ўночы, часам бязь сьведак паперкі-плёмбы асьцярожна адлепліваюцца — і ў урны засыпаюцца «правільныя» бюлетэні.
У Расеі ня раз фіксаваліся «карусэлі»: выбарцы атрымліваюць перад уваходам на ўчастак «правільна» запоўнены бюлетэнь, а на ўчастку — свой, чысты. Укідаецца «правільны», а арганізатару фальсыфікацыі аддаецца чысты, які потым зробяць «правільным». Таксама ў Расеі фіксаваліся «ручайкі»: адных і тых жа людзей цэнтралізавана вазілі па некалькіх выбарчых участках, дзе або па фіктыўных дакумэнтах (напрыклад, фальшывых адмацавальных пасьведчаньнях), або па дамове з выбарчай камісіяй яны аддавалі свой голас па некалькі разоў.
У тэорыі змагацца з гэтым павінны дапамагчы вэб-камэры і празрыстыя урны на выбарчых участках. Праўда, з улікам колькасьці выбарчых участкаў і працягласьці выбараў парушэньні можна заўважыць хіба выпадкова. Прыхільнікам камэр і празрыстых урнаў застаецца спадзявацца на іхні псыхалягічны эфэкт і на вялікую колькасьць вачэй, якія сочаць за відэа і сытуацыяй на ўчастку. Старшыня беларускага ЦВК Лідзія Ярмошына казала, што вэб-камэры маюць толькі «дэкаратыўную функцыю», а празрыстыя урны — гэта «піяр-ход нязгодных з вынікамі».
3. Падмена вынікаў на выбарчых участках
Можна сумленна падлічыць галасы на выбарчых участках, але ў вышэйшыя інстанцыі здаць непраўдзівыя лічбы. Напрыклад, мясцовая выбарчая камісія можа здаць у тэрытарыяльную фальшывыя пратаколы пра вынікі галасаваньня. Альбо можна пабачыць у бюлетэні птушачку насупраць аднаго кандыдата, а ў пратакол занесьці голас за іншага.
Каб гэтага не адбывалася, на выбарах прысутнічаюць незалежныя назіральнікі. Ды часта ім відаць адно сьпіны выбарчай камісіі — блізка да бюлетэняў іх дапускаць ня любяць. Або проста выдаляюць — за тое, што «замінаюць» працэсу падліку галасоў. Альбо набіраюць «фальшывых» назіральнікаў, падкупленых альбо проста зацікаўленых: адзін назіральнік можа перашкаджаць іншаму глядзець, за каго аддаюцца рэальныя галасы.
4. Датэрміновае галасаваньне і галасаваньне дома
Каб назіральнікі не перашкаджалі, можна фальсыфікаваць вынікі выбараў там, дзе назіральнікаў няма альбо мала — пры галасаваньні па месцы жыхарства ці пры датэрміновым галасаваньні. У першым выпадку па дарозе ад выбарца ёсьць багата магчымасьцей замяніць рэальны бюлетэнь на «правільны». У другім — на парадак больш часу, калі назіральнікі ня могуць назіраць за фальсыфікацыямі, бо замест 10 гадзінаў, цягам якіх адбываецца галасаваньне ў дзень выбараў, у фальсыфікатараў ёсьць сотня-другая гадзінаў. Назіральнікі маюць адны лічбы, выбарчыя камісіі — зусім іншыя.
Некаторых турбуе тое, што ў Беларусі ісьці на датэрміновае галасаваньне актыўна агітуюць, а часам і заганяюць туды пагрозамі. Назіральнікам і праваабаронцам здаецца падазроным тое, што чалавека нават не агітуюць галасаваць за кагосьці канкрэтнага, а проста загадваюць ісьці галасаваць датэрмінова — пад пагрозай, напрыклад, што пазбавяць жытла ў інтэрнаце. Гэта можа значыць, што як бы чалавек ні прагаласаваў, ад яго залічаць «правільны» голас. А можа значыць і тое, што галасы ня важныя — важна павялічыць яўку, якая можа быць недастаткова высокай.
5. Абвяшчэньне нерэальных вынікаў галасаваньня
Самы лёгкі спосаб зьмяніць вынікі выбараў — абвясьціць вынікі «з галавы». Кажуць, ня важна, як вы галасавалі, а важна, як лічылі. Гэтую фразу прыпісваюць Сталіну (разам з гісторыямі пра падмену вынікаў галасаваньняў у ЦК), а таксама нікарагуанскаму дыктатару Анастасіё Самосу. З аднаго боку, заўважыць, што абвяшчаюцца фальшывыя вынікі, даволі лёгка: трэба проста параўнаць афіцыйныя вынікі з дадзенымі экзыт-полаў і зьвесткамі ад назіральнікаў. Зь іншага боку, дамагчыся альтэрнатыўнай праверкі вынікаў галасаваньня няпроста, дый выбарчыя бюлетэні зьнішчаюцца неўзабаве па абвяшчэньні вынікаў. Лукашэнка прызнаваў факт абвяшчэньня фальшывых вынікаў выбараў у 2006 годзе:
«Так, мы сфальшавалі мінулыя прэзыдэнцкія выбары, — казаў Лукашэнка ўкраінскім журналістам. — Я ўжо заходнікам гэта сказаў. За прэзыдэнта Лукашэнку прагаласавала 93,5 адсотка выбарцаў. Але гавораць, што гэта не эўрапейскі паказчык. Мы зрабілі 86. Гэта праўда было. І калі пачаць пералічваць бюлетэні, я ня ведаю, што зь імі рабіць увогуле».
Праўда, з абвяшчэньнем фальшывых вынікаў трэба быць асьцярожным: можа выйсьці 115%, а то і ўсе 146% галасоў.
6. Удзел у выбарах у якасьці назіральніка
На вынік выбараў можна паўплываць і іншым, супрацьлеглым чынам: самому назіраць за выбарамі. А потым даказваць, што былі фальсыфікацыі і што вынікі галасаваньня на асобна ўзятым участку нельга лічыць праўдзівымі. Праўда, вышэй згадвалася, што назіральнікам могуць перашкаджаць. У Беларусі ня раз фіксаваліся факты перашкодаў назіральнікам, на сёлетніх выбарах у назіральніка нават адкрыта «канфіскавалі» тэхніку, фактычна скралі яе.
Каб ня страціць тэхніку з доказамі фальсыфікацыяў, варта гэтыя доказы апэратыўна абнародаваць: высылаць іх на пошту праваабаронцам, посьціць у сацсеткі. А лепей — аўтаматычна захоўваць усе свае фота ў онлайн-сховішчах: на смартфонах на Android можна, напрыклад, аўтаматычна «заліваць» усе фота на Google Photos, на iPhone — на iCloud, на Windows Phone — на One Drive. Відэа можна даваць жывой трансьляцыяй на розныя відэахостынгі: глядзець наўрад ці хто будзе, затое ёсьць шанец захаваць відэа пасьля таго, як тэхніку адбяруць, і тады можна будзе выразаць патрэбны кавалак у асобны ролік. Варта мець і запасны смартфон, пляншэт альбо ноўтбук — сканфіскавалі адну прыладу, дык празь іншую можна выняць доказы з онлайн-сховішча і тут жа іх апублікаваць.
7. Выкананьне функцыяў назіральніка выбарцамі
Фальсыфікацыі можа выкрыць ня толькі афіцыйны назіральнік, але і выпадковы выбарца. Заявы шараговых выбарцаў наўрад ці будуць успрымацца арганізатарамі выбараў гэтаксама сур’ёзна, як заявы назіральнікаў, але шанцы выклікаць сумнеў у выніках выбараў ёсьць.
Каб фальсыфікацыі былі заўважаныя, варта ня толькі публікаваць іх у сацсетках, але і адсылаць праваабаронцам і ў СМІ. Шмат якія СМІ маюць на сайтах кнопку «Падзяліцца навіной», іншыя пакідаюць кантакты для сувязі. Некаторыя СМІ маюць і мабільныя праграмы, у якіх зручна дзяліцца тэкставымі навінамі, аўдыё і відэа — сярод такіх Tut.by, «Наша Ніва», Радыё Свабода і іншыя. Наша — тут для Android, тут для iOS.
Прыхільнікі справядлівых выбараў ElectBy.org незалежна зьбіраюць і публікуюць паведамленьні пра парушэньні на сваім сайце, а таксама прапануюць Android-праграму «Вочы», што дапаможа паведаміць пра парушэньні і вывучыць выбарчае заканадаўства.
8. Ігнараваньне выбараў альбо псаваньне бюлетэняў
Тыя, каму не падабаюцца кандыдаты на выбарах, часам ня проста галасуюць супраць усіх, а псуюць бюлетэні ці нясуць іх дадому. Разглядаць гэта як спосаб уплыву на вынік выбараў цяжка: сапсаваны бюлетэнь ня ўлічваецца як голас супраць усіх. Некаторыя гэта разглядаюць як абарону ад фальсыфікацыі свайго голасу, але, як паказана вышэй, пры фальсыфікацыях ёсьць багата спосабаў, для якіх бюлетэнь не патрэбны. Публікацыя фота сапсаванага альбо зьнесенага дамоў бюлетэня таксама не дае наўпрост эфэкту на вынікі выбараў. ЦВК ня ўлічвае твіты і лайкі. Хвальба сапсаваным бюлетэням хіба можа разглядацца як агітацыя за няўдзел у выбарах, але калі выбары ўжо ідуць, такая агітацыя наўрад ці будзе эфэктыўнай — хутчэй, несвоечасовай.
У Беларусі апазыцыйныя палітыкі, якія ня сталі кандыдатамі, заклікаюць ігнараваць выбары. Маўляў, навошта галасаваць, калі вынік вядомы. У такім падыходзе ёсьць лёгіка: калі прагаласуюць менш за 50% выбарцаў, выбары не адбудуцца, будуць прызначаныя новыя. Зь іншага боку, калі выбарца не аддаў свой голас, дык той голас і ня будзе пачуты й улічаны, а выбары могуць усё роўна адбыцца. Адсутнасьцю голасу ад выбарца могуць скарыстацца фальсыфікатары — залічыць гэты голас за «правільнага» кандыдата бязь ведама выбарцаў. Поўнае ігнараваньне выбараў крытыкуецца як дзяржавай (агітаваць за байкот у Беларусі наагул забаронена), так і асобнымі палітыкамі, у тым ліку апазыцыйнымі.
Калі ня хочаце ісьці на выбары (а такое права беларусы маюць, ніхто ня можа прымушаць да галасаваньня), але хочаце паўплываць на іх вынік, то можна стаць назіральнікам альбо дапамагаць зарэгістраваным назіральнікам і СМІ.