Як паведаміла «Наша Ніва», дзяржаўны правайдэр «Белтэлекам» прапанаваў сайтам незалежных СМІ, у ліку якіх nn.by, tut.by, onliner.by і іншым, дадатковую абарону ад DDoS-атак (калі сайты становяцца недасяжнымі пад надзвычайнай штучнай нагрузкай) на дзень прэзыдэнцкіх выбараў. Tut.by пацьвердзіў Свабодзе факт прапановы. Атрымаць камэнтар ад «Белтэлекаму» пакуль не ўдалося.
Як апавёў Свабодзе шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько, паслуга бясплатная. Паводле ягоных зьвестак, прапанова паступала праз хостэраў (у выпадку nn.by — «Экстмэдыя»), якія атрымалі яе ў вуснай форме на сустрэчы з тэхнічнымі спэцыялістамі цэнтру апрацоўкі зьвестак «Белтэлекама».
«Наша Ніва» пагадзілася на прапанову, хоць лічыць, што такім чынам «Белтэлекам» хоча засьцерагчыся ад абвінавачаньняў у блякаванні і DDoS-атаках. У 2014 годзе «Наша Ніва» па выніках уласнага расьсьледаваньня абвінавачвала ў блякаваньні сайту на Дзень Волі менавіта «Белтэлекам». Правайдэр ня ўзяў на сябе адказнасьць ані за той выпадак, ані за пазьнейшыя блякаваньні невядомымі сайтаў belapan.by, belaruspartizan.org, naviny.by, udf.by і іншых у сьнежні 2014 году.
Зь іншага боку, менавіта на дзень выбараў, 11 кастрычніка, беларускія палітыкі не склікаюць людзей на масавыя акцыі (падчас якіх звычайна адбываюцца атакі і блякаваньні). Склікаюць хіба на акцыю за дзень да выбараў.
У выпадку атак беларусам варта чытаць навіны праз акаўнты адпаведных сайтаў у сацсетках. Калі ж сайты не атакуюцца, а проста блякуюцца, то ёсьць багата спосабаў трапіць на іх. Адзін з такіх спосабаў — бясплатны сэрвіс svaboda2.net.