Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак Ігар Рымашэўскі стварыў паралельную Беларусь у стылі «казачнага рэалізму»


Карцінкі з натуры: амапаўцы «пакуюць» мітынгоўца, 2010 год
Карцінкі з натуры: амапаўцы «пакуюць» мітынгоўца, 2010 год

Тандэм менскіх мастакоў Ігара Рымашэўскага і Людмілы Шчамялёвай — яскравы прыклад сямейнай гармоніі і плённай супрацы. Больш за тры дзясяткі гадоў разам займаюцца жывапісам, дэкаратыўна-прыкладным і манумэнтальным мастацтвам. Амаль усе іх працы прасякнутыя іранічным позіркам на навакольны сьвет.

Скразнымі тэмамі — гарадзкі фальклёр, вясковы гумар, узаемаадносіны простых людзей, краявіды і жывёлы. Улюбёныя пэрсанажы — каты і сабакі, яны зьяўляюцца ў самым нечаканым атачэньні.

Як пачуваюць сябе адны з самых пазытыўных мастакоў ва ўмовах, калі беларусаў усё радзей прабівае на сьмех? Размова ў майстэрні, на фоне жыцьцярадасных карцін Ігара і Людмілы.

Пра «мастацкі бізнэс» ва ўмовах эканамічнага крызісу

— Ігар, такое ўражаньне, што для ўсіх, хто нешта прадае — незалежна ад сфэры дзейнасьці — часы насталі аб’ектыўна ня самыя лепшыя. На сабе адчуваеце зьніжэньне пакупніцкай здольнасьці?

Мастак Ігар Рымашэўскі
Мастак Ігар Рымашэўскі

— Яшчэ як адчуваем! І тут шмат прычын. Першая, канечне, эканамічная. Мастацтва ў нас далёка не ў прыярытэце, галоўнае для чалавека —пад’есьці, адзецца, забясьпечыць сябе лекамі. Мастацтва ў гэтым шэрагу другаснае. Нават бізнэсоўцы, якія з рознай актыўнасьцю зьбіралі калекцыі, сталі скарачаць выдаткі. Другое — на мінімуме прыток турыстаў, гатэлі стаяць напаўпустыя. Хто сюды едзе? Эўрапейцы практычна не даяжджаюць. Расейцы таксама ўключылі рэжым эканоміі, калі і едуць, то не па мастацтва — пагуляць у казіно, патусавацца ў начных клюбах. Трэцяе — апроч таго, што галерэя бярэ свае 30%, яшчэ плаціць высокія падаткі. Адпаведна, закладае іх у кошт. У выніку мастак мусіць альбо заніжаць цэны на карціны, каб хутчэй прадаць, альбо чакаць, што зваліцца нейкі супэр-пупэр багаты дзядзька і, нягледзячы на ўсе накруткі, заплаціць.

— То бок пасярэднік у выглядзе салёну ці галерэі прадае карціны на 50–60% даражэй, чым гатовы аддаць мастак?

— Выходзіць, што так. Я разумею, што і галерэям трэба жыць, яны працуюць у аналягічных умовах. Магчыма, з прыемнасьцю зьменшылі б свае працэнты, але якім чынам? Усе існуюць у рамках, якія задае дзяржава.

Пашыранае меркаваньне, што мастак «жыруе». І ніхто ня лічыць, што ён аплочвае фарбы, палатно, рамы, утрымлівае майстэрню — усе спадарожныя выдаткі. Калі нармальны чалавек прыходзіць у офіс і за кошт працадаўцы мае памяшканьне, кампутар, тэлефон, часам службовую машыну, то мастак усё забясьпечвае сам — камунальныя, замовы сталяру, арганізацыю экспазыцыяў. Усё са сваёй кішэні, дзяржаву гэта не цікавіць. Майстэрня выліваецца ў вялізныя сумы, таму што яна прыраўнаная да камэрцыйнай нерухомасьці. Ёсьць пара майстэрняў, якія належаць Саюзу мастакоў, там расцэнкі меншыя. А наша — у так званай субарэндзе: саюз бярэ ў горада і дае мастаку. Гэта вельмі дорага, многія сталі хранічнымі даўжнікамі, ня маюць за што своечасова пагасіць камуналку.

Менск — родны горад
Менск — родны горад

— У свой час мастакі падсілкоўваліся за кошт «дзяржаўнага заказу». Такое паняцьце наагул яшчэ існуе?

— Добра, калі ёсьць замова, але сёньня іх можна пералічыць на пальцах. Дый раней далёка ня ўсе былі дапушчаныя да «дзяржаўнай кармушкі», заўсёды ёсьць катэгорыя абраных. Напрыклад, аздаблялі Палац незалежнасьці, Нацыянальную бібліятэку — сапраўды буйныя замовы, але тое ўсё разавыя акцыі! А звычайна мастак як жыве? Малюе і здае ў галерэю, у салён, часам прыходзіць прыватны кліент. Паколькі разьлічваць на дзяржаву не выпадае, даводзіцца сумяшчаць і творчасьць, каб для душы, і арганізатарскія высілкі, каб выжываць.

Безумоўна, ідэальна, калі корміць выключна творчасьць, але ў бальшыні выпадкаў неабходна рабіць рэчы, якія, скажам так, не зусім кладуцца на душу. Дапусьцім, я займаюся ня толькі жывапісам, але таксама і росьпісам, і дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, і паліграфію давялося асвоіць. Бярэсься за ўсё, што можа прынесьці прыбытак. У прынцыпе, гэта таксама добра — вывучаеш нешта новае, спрабуеш сумясьціць розныя жанры.

Фантазіі на тэму пэрсанальнай выставы
Фантазіі на тэму пэрсанальнай выставы

— Тым ня меней на галерэйных сайтах у разьдзеле з творамі Ігара Рымашэўскага большая частка працаў пазначана як «прададзеныя». Попыт усё ж ёсьць?

— Справа ў тым, што гэта карціны, выстаўленыя там ужо не адзін год. Я раблю працу, разьмяшчаю на сайце, але гэта не азначае, што павінен неадкладна яе туды аднесьці. Калі знаходзіцца пакупнік, мне паведамляюць. А часам чалавек прыходзіць у абход галерэі, спадабалася яму праца — і набыў. Тады прашу, каб зьнялі з сайту. Адпаведна, пішуць, што «лот» прададзены. Я жыву за кошт гэтага, толькі за кошт мастацтва. І цудоўна разумею, што пацягнуць карціну, выстаўленую ў галерэі, здольны ня кожны. Зайдзіце і паглядзіце: цэнавая разьбежка — ад «дорага» да «вельмі дорага». Гледзячы хто як сябе цэніць, у каго якія праекты, амбіцыі. Як з майго гледзішча, дык лепш рабіць больш карцін і ня моцна трымацца за цану.

Паслухайце, ну навошта мастаку зьбіраць, «саліць» гэтыя карціны? Яны ўсё роўна павінны ў кагосьці быць, ты ж не абвесісься імі да столі? У мяне калісьці не было майстэрні, усё стаяла ў кватэры. Прыходзяць людзі, там у цябе каты-сабакі, унук бегае, ты ў гэтым бэдламе цягаеш карціны, спрабуеш сканцэнтравацца. Вельмі нязручна. Таму трэба, каб працы займалі сваё месца ў калекцыях.

Байкеры ў горадзе
Байкеры ў горадзе

Акцыі, дэманстрацыі, разгоны трапілі на карціны — гэта гісторыя Беларусі

— Колькі слоў пра карціны «да столі» ў вашай майстэрні. Ясна, што гэта толькі кропля ў моры, але некаторыя проста нельга абмінуць. Ну вось, прыкладам, міліцэйскі «варанок», амапаўцы цягнуць у пастарунак апазыцыянэра, у якога з кішэні тырчыць бел-чырвона-белы сьцяжок. Як кажуць у такіх выпадках, заснавана на рэальных падзеях?

— Я жыву ў цэнтры горада, на вуліцы Кірава. Недалёка, на скрыжаваньні зь Леніна, ёсьць невялікі міліцэйскі пастарунак. Цяпер такога нібыта няма, а раней туды часьцяком звозілі мітынгоўцаў. Паглядзіце дату ў куточку карціны: 2010, год прэзыдэнцкіх выбараў. Адпаведна — акцыі, дэманстрацыі, разгоны. Таму ўсё, што намалявана, актуальна для пэўнага адрэзку гісторыі. Дарэчы, былі і іншыя працы, зьвязаныя з тым часам. Таму ходзіш, назіраеш, нешта бачыш, што адбываецца ў Менску, а потым рука сама цягнецца зафіксаваць. Мастак, ён жа такі: што бачыць, тое і піша.

Ці вось байкер, таксама шмат у каго ўзьнікаюць асацыяцыі. Усім вядома, што наш прэзыдэнт няроўна дыхае да дарагіх матацыклаў, можна было б і яго намаляваць. І гэта быў бы ня зьдзек, ня нейкая пародыя. Раз ёсьць такое ў жыцьці — што тут такога?

А вось будынак Нацыянальнага мастацкага музэю. У нас зь Людай там выставы ніколі не было, але мы прыдумалі сюжэт — як быццам выстаўляецца наша экспазыцыя. Калі прыгледзецца, у сярэдзіне стаіць са сваёй сівой грывай дырэктар Уладзімер Пракапцоў, нібыта ўрачыста адкрывае выставу... Ну, і таксама нешта робіцца пасьля замежных паездак — Крыт, Турэччына, Нямеччына.

Карціна Ігара Рымашэўскага пад назвай «Радыё Свабода» нядаўна дасталася супрацоўніку Свабоды
Карціна Ігара Рымашэўскага пад назвай «Радыё Свабода» нядаўна дасталася супрацоўніку Свабоды

Наіў, прымітывізм або казачны рэалізм

— Стыль Ігара Рымашэўскага пазнавальны зь першага позірку — менчукі, знакавыя будынкі, знакамітыя каты, радзей — сабакі. Якраз той выпадак, калі падабаецца і дзецям, і дарослым. Але ж вам, умоўна кажучы, у вучэльні, у акадэміі не «прышчаплялі» такі вось напрамак «прымітыву», «наіву», як яго яшчэ называюць крытыкі...

— Натуральна, я ня штучна падладкоўваўся пад гэтую форму, такое бачаньне прыйшло само сабой. Яшчэ калі вучыўся ў вучэльні, мяне прываблівала архітэктура, гарадзкія сюжэты. Нам выкладаў выдатны пэдагог Віктар Маркавец, царства яму нябеснае. Ён нас зь Людмілай і «падсадзіў» на гэты «наіў». Калісьці з Аляксеем Марачкіным яны езьдзілі па Беларусі, зьбіралі дываны. Мы, яшчэ маладыя мастакі, хадзілі на Шпалерную, дзе былі майстэрні, дапамагалі рэстаўраваць «трафэі» Язэпа Драздовіча, Алены Кіш, іншых аўтараў. Нам настолькі спадабалася стылізацыя, прымітыў, што воляй-няволяй гэта ўвайшло ў наша мастацтва. Шчыра кажучы, акадэмізм я ніколі асабліва не разумеў і вечна меў тройку па малюнку. А ў гэтым кірунку неяк пайшло і пайшло, нам зь Людмілай гэта проста бліжэй па духу.

Адзін калега, калі мы выстаўляліся ў галерэі Салігорску, назваў наш стыль «казачным рэалізмам». Мне гэтае азначэньне вельмі спадабалася: не «прымітывізм», не «наіў», што, па вялікім рахунку, больш пасуе мастакам без адукацыі, а якраз ёмістая і выразная характарыстыка таго, што мы робім. Людзям такі стыль зразумелы. Ну што — складанага тут нічога няма: ёсьць гумар, пазнавальнасьць мясьцінаў, сюжэтаў, людзей. Усё, што нас акружае, яркае і каляровае. Таму шмат каго падкупляе. Але знарок я гэтага не раблю: як душа ляжыць — так і малюецца.

Канёк Рымашэўскага — росьпіс люстэркавых рамаў
Канёк Рымашэўскага — росьпіс люстэркавых рамаў

У казачны вобраз Менску навабуды не кладуцца

— На вашых карцінах сапраўды шмат пазнавальных адрасоў сталіцы — і кварталы старога гораду, і Купалаўскі тэатар, і мастацкі музэй, і стадыён «Дынама». А ці падымецца рука ўвекавечыць аб’екты, якія выклікалі катэгарычную незадаволенасьць у грамадзтве?

— Справа ў тым, што намаляваць я магу ўсё што заўгодна. Гэта, канечне, ня творчая праца, але былі выпадкі, калі даводзілася маляваць сучасныя будынкі — напрыклад, Дом ураду, банкі. Але як я рабіў? Укліньваў гэтыя аб’екты ў антураж старога Менску. Ня проста, што называецца, у лоб — будынак сам па сабе, нічога болей. Не, ёсьць асяродзьдзе, сюжэт, заўсёды можна чымсьці абставіць. Многія цяперашнія збудаваньні ня маюць нічога агульнага з творам мастацтва, яны ніяк не кладуцца на душу чалавека. Каб архітэктура даказала сваё права на жыцьцё, яна павінна прайсьці выпрабаваньне народнай думкай. Як добры каньяк — заўсёды павінен быць з вытрымкай. Аб’ект павінен абрасьці чымсьці арганічным, людзі павінны яго прыняць, палюбіць.

Што тычыцца рэзанансных будоўляў — той жа «недакемпінскі» каля цырку, «дом Чыжа» ў Траецкім прадмесьці — калі ўявіць, што я іду побач і натхніўся архітэктурай, дык, натуральна, не. Мяне гэта не натхняе нават у зьедлівай ці парадыйнай форме. Само сабой, з усяго можна пакпіць, але тут акурат той выпадак, калі не да сьмеху. І я шчыра не разумею, каго могуць «прыемна ўразіць» спаруды ў гістарычным цэнтры. Адпаведна, не кладуцца яны ні на якае мастацтва, нікому гэта не цікава.

«Кастрычніцкая плошча — мёртвая, рэжымная. Мастакам там ня месца»

— Дарэчы, шмат хто з настальгіяй згадвае часы, калі менскія мастакі выстаўляліся ў сквэрыку, дзе Ратуша, як там было душэўна і атмасфэрна, можна было наўпрост пагаварыць з аўтарам. А цяперашні «Вэрнісаж» на Кастрычніцкай плошчы выглядае як мастакоўскае «гета»...

— Цалкам згодны, абсалютна. І калі сам езьдзіш, і па фільмах можна зразумець, у розных гарадах сьвету мастакі маюць пляцоўкі ў гістарычных цэнтрах. У іх там невялічкія крамы, намёты, павільёнчыкі, усё арганічна ўпісваецца ў навакольле. У нас гэты «Вэрнісаж» загналі ў дзірку паміж зьнесеным музэем вайны і Палацам прафсаюзаў. Кастрычніцкая плошча — сама па сабе мёртвая, бо рэжымная. Там у сьвята нічога няма — хіба адзін шапік з кавай — сёлета нават каток не залівалі. А ў будні зусім мёртвая зона.

Нават рэдкія турысты, якія хацелі б паглядзець, прыцаніцца і набыць нешта на памяць, ня ведаюць, куды падацца. Хто падазрае, што там нешта ёсьць? Ані шыльды, ані якога паказальніка. Плюс, як ужо казаў, наклалася эканамічная сытуацыя, і ў выніку ўсё зачахла. Калі мастакі выстаўляліся на плошчы Свабоды каля Ратушы, было здорава, ідэальнае месца. Цэнтар творчага жыцьця павінен быць у Старым горадзе, у нефармальным, шчырым асяродзьдзі. Там было прыгожа, даступна, відаць з дарогі, кожны мог збочыць проста так. Да таго ж побач узьвялі гатэль «Эўропа», усё можна было зрабіць разумна і з карысьцю для ўсіх.

Нефармальны куток майстэрні
Нефармальны куток майстэрні

— На ваш погляд, спроба прывабіць замежнікаў прынадай у выглядзе бязьвізавай пяцідзёнкі будзе мець плён? Ці бачыце сярод гэтай умоўнай «плыні» сваіх кліентаў?

— Наўрад ці гэта мае кліенты, хоць сам крок па-любому добры. Трэба адкрывацца сьвету, рабіць усё дзеля таго, каб замежнікі мелі магчымасьць да нас езьдзіць. Праўда, каб яшчэ паралельна сваім хоць бы напалову «ўрэзалі» візы, бо ўжо проста сорамна: навокал постсавецкія краіны вядуць размову пра адмену візаў наагул, а мы столькі гадоў ня можам дамовіцца, каб зрабіць іх прынамсі дзешавейшымі. Відаць, ва ўрадзе ня вельмі зацікаўленыя, каб беларусы некуды езьдзілі, параўноўвалі. Прынамсі, ніякага імпэту да вырашэньня пытаньня. А што тычыцца бязьвізавага ўезду? Дай божа, можа пачнуць зь пяці, а потым прыдумаюць нешта большае, паглядзім. Адзінае, засмучаюць абмежаваньні кшталту прылёту ў аэрапорт, бо гэта ўжо нюансы.

Ну вось вы кажаце пра патэнцыйных кліентаў. Ня кожны павязе карціну самалётам, гэта ня так проста. Праца можа быць вялікага памеру. Адна справа — везьці яе цягніком ці аўтамабілем, і зусім іншая — самалётам. Яе пэўным чынам трэба пакаваць, каб не раздушылі ў багажным аддзяленьні, дэкляраваць. Асабіста я не разумею лёгікі, чаму зрабілі палёгку толькі на карысьць авія. Сумнеўна, што гэта выкліча ажыятаж. Зрэшты, будзем лічыць гэта пробным шарам, за якім будуць іншыя крокі...

Мастак Ігар Рымашэўскі
Мастак Ігар Рымашэўскі

Ігар Рымашэўскі нарадзіўся 25 лістапада 1959 году, ягоная жонка Людміла Шчамялёва зьявілася на сьвет на паўгода пазьней, яна дачка славутага мастака Леаніда Шчамялёва.

Разам вучыліся ў Менскай мастацкай вучэльні. Пасьля заканчэньня ўстановы Людміла занялася самастойнай творчасьцю, Ігар працягнуў адукацыю ў Беларускім тэатральна-мастацкім інстытуце. Ад пачатку 1980-х іх творы пачалі экспанавацца на рэспубліканскіх і міжнародных выставах. Працы мастакоў знаходзяцца ў зборах музэяў, галерэяў і ў прыватных калекцыях у Беларусі, Гішпаніі, Грэцыі, ЗША, Ізраілі, Ірляндыі, Італіі, Літве, Нідэрляндах, Нямеччыне, Польшчы, Расеі, Украіне, Францыі, Чэхіі, Швайцарыі, Японіі.

Яшчэ на гэтую тэму

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG