Менская майстрыня Маргарыта Верамейчык стварыла лялечную галерэю, якую прысьвяціла 250-гадоваму юбілею ці ня самага знакамітага прадстаўніка славутага роду Агінскіх — Міхала Клеафаса. Рашэньнем ЮНЭСКО 2015-ты абвешчаны годам выбітнага грамадзкага дзеяча, паўстанца, дыплямата, кампазытара.
У калекцыі з тузіна фігурак прадстаўленыя чатыры пакаленьні — ад дзядоў і бацькоў да дзяцей. Праўда, аўтарскай працай не зацікавілася ніводная беларуская ўстанова культурніцка-асьветніцкага профілю, але лялечную сям’ю з задавальненьнем прытуліў Музэй гісторыі і культуры Агінскіх у літоўскім Рэтавасе. Урачыстая прэзэнтацыя «сям’і» адбылася 25 верасьня, у дзень нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага.
Сам Міхал Клеафас у Рэтавасе ня жыў, але часьцяком наведваўся да сына Ірэнэюша. Той у якасьці ўладара 4-тысячнага мястэчка падмацаваў фамільны аўтарытэт як прагрэсіўны па тым часе рэфарматар: скасаваў прыгон, зьліквідаваў непісьменнасьць, заснаваў бясплатную сельскагаспадарчую школу, адчыніў крэдытны саюз і ашчадныя касы, выдаваў мастацкую і даведачную літаратуру.
«Я прапанавала зрабіць такую калекцыю, яны пагадзіліся, таму ўвесь лялечны род пераехаў туды. Каб былі прапановы нешта падобнае арганізаваць для Беларусі, безумоўна, зрабіла б з задавальненьнем. Але нічога падобнага не было. А ў Літве іх з радасьцю прынялі, бо там людзі, якія ставяцца да тэмы Агінскіх зь вялікім імпэтам», — апавяла Маргарыта Верамейчык. Дарэчы, па аналёгіі зь вядомай гісторыяй пра Пінокіё сябе яна паўжартам называе «мамай Карлай».
Спадчыну Агінскіх у Рэтавасе захоўвае Вітас Руткаўскас — адзін з самых вядомых рупліўцаў агульнай спадчыны, якая зьвязвае Вялікае Княства Літоўскае і Карону Польскую. Гэта зь яго ініцыятывы паўстаў музэйны комплекс, якім ён нязьменна кіруе ад 2000 году. Урад Літвы годна ацаніў плённую працу спадара Руткаўскаса: сёлета ў Дзень Незалежнасьці Літоўскай Рэспублікі прэзыдэнт Даля Грыбаўскайце ўручыла яму Рыцарскі крыж «За заслугі перад Літвой».
«Прынамсі, я ведаю, што ў Рэтавасе маім лялькам будзе ўтульна і добра. На жаль, атрымліваецца, што яны абмінаюць маёнтак у Залесьсі, дзе таксама маглі заняць пачэснае месца. Але менавіта так складаюцца абставіны...», — кажа майстрыня.
Апроч сталай прыпіскі, адміністрацыя музэю паабяцала знайсьці спосаб аддзячыць беларускай майстрыні за зробленую працу. Але пры канцы году грошай у гарадзкім бюджэце бракуе, і грашовай падзякі давядзецца пачакаць да наступнага. Пры гэтым спадар Руткаўскас падкрэсьлівае, наколькі важна мець падобную калекцыю нават з гледзішча выхаваўчага фактару — няма больш эфэктыўнага спосабу расказаць гісторыю дзецям, як пры дапамозе зразумелай ім цацкі.
А вось на радзіме стаўленьне да творцаў, мякка кажучы, дзівіць. Выглядае, што чыноўнікі, адказныя за сфэру культуры, у літаральным сэнсе кіруюцца максымай, што «мастак павінен быць галодны». Як вынік, замест таго каб займацца любімай справай, Маргарыта Верамейчык заклапочаная, дзе знайсьці грошы на «аброк па дармаедзтву»:
«Я жабрачка, дармаедка і г.д. Паверце, ніякага шчасьця быць галодным. Вось думаю, дзе знайсьці 250 даляраў, каб заплаціць за дармаедзтва. Карацей, цяжка. Думала нават прайсьці камісію, якую ўтварылі пры Міністэрстве культуры, каб атрымаць статус творчага работніка. Але туды разоў дзесяць тэлефанавала наконт справаздачы з выставы, там увесь час спасылаліся на неймаверную занятасьць, а калі „вызваліліся“, пачалі несьці нейкую лухту: „А можа, гэта зусім ня ваша выстава, можа, фатаздымкі ня вашы? Рабіце арыгіналы, прыносьце на экспэртызу“. А самі па-беларуску нават не размаўляюць. То бок панеслася штосьці абразьліва-страшнае, і я зразумела, што нешта даказваць — звыш маіх сілаў. Такое адчуваньне, што іх асноўная задача — прынізіць мастака, сказаць, што ён нічога ня варты. Таму сяджу і ня рыпаюся: мне далі зразумець, што я ня творчы работнік і не падыходжу ім ніякім бокам, каб атрымаць пісульку, на падставе якой вызвалілі б ад іхняга дурнога падатку».
Суразмоўніца кажа, што ні ў якім разе не разводзіць капітулянцкія настроі. Але зьвяртае ўвагу на тое, што дзяржаўныя службоўцы адчуваюць поўную беспакаранасьць, фактычна на ўласны розум распараджаючыся лёсамі тысяч людзей:
«Абсурд — так. Ну, а што рабіць? У нас такая дзяржава. Але ж усім вядома: калі грамадзяне не аказваюць супраціву, то дзяржава будзе адбіраць усё. Урэшце падатак увядуць на тое, каб дыхаць, гэта ж зразумела. Тут якая сыстэма? Грамадзяне маўчаць, усім усё да лямпачкі, таму цалкам лягічна, што падаткі будуць зьяўляцца ўсялякія і самыя розныя, на ўсё на сьвеце. Бо грошай няма, а ўзяць іх можна толькі ў адным месцы — у сваіх жа людзей».
Маргарыта Верамейчык прынамсі ўсьцешаная, што людзкіх праблемаў пазбаўленыя яе «гадаванцы», якія камфортна атабарыліся ў музэі Рэтаваса — 12 лялечных фігурак прадстаўнікоў роду Агінскіх, сярод якіх сам Міхал Клеафас, дзед Тадэвуш, бацькі Андрэй і Паўліна, дзьве жонкі, чацьвёра дзяцей, а таксама ўплывовыя сваякі — Рыгор і Міхал Казімір. Кожную постаць суправаджае рэпрадукцыя тагачаснага партрэта:
«Углядаючыся ў твары на партрэтах, трошку дадала ім аб’ёму, колеру, у некаторых выпадках прыдумала фасон у адпаведнасьці з тагачаснай модай», — тлумачыць суразмоўніца.
Дарэчы, мэтад выкананьня лялек — канструктарскае ноў-хаў Маргарыты Верамейчык. Завостраныя носікі арганічна спалучаюцца з накладнымі парыкамі і фарбаванымі абрысамі, спадарожныя прадметы ў руках герояў падкрэсьліваюць статус ці зацікаўленьні: скрыпка, шабля, веер, кветкі, парасон.
Ці ня большых высілкаў, чым самі фігуркі, вымагалі складаныя строі розных гістарычных эпохаў. Матэрыялам для вытанчаных постацяў служыла ўсё, што траплялася пад руку: кавалкі тканіны, старыя сукенкі, аркушы пажоўклых часопісаў; сьпіцы, на якіх некалі вучыла вязаць Маргарыту яе матуля.
Між тым адпачатку выношвалася іншая форма ўвасабленьня — аб’ёмная. З залескага дзёньніка Амэліі, дачкі Міхала Казіміра, датаванага 1810 годам, вынікала: у яе і малодшай сястры Эмы была лялька, «убраная з пышнасьцю і густам, а твар яе меў далікатныя рысы, якія, дзякуючы артыстычна зробленай прычосцы, выглядалі яшчэ прыгажэйшымі». Паколькі 200 гадоў таму ў Залесьсі ўжо жылі лялькі, Маргарыта задумала спробу рэканструкцыі на ўзор пачатку ХІХ стагодзьдзя. Але фігурка з пазнавальнымі рысамі Амэліі так і засталася ў адзіным экзэмпляры, наступныя было вырашана крыху «сплюшчыць».
Маргарыта Верамейчык нарадзілася ў Менску, скончыла мастацкую школу, Акадэмію мастацтваў. Займалася інтэр’ерамі, вітражамі, манумэнтальным росьпісам, вышывала харугвы і штандары, рабіла лялькі-партрэты. У 1997 годзе ў суаўтарстве з братам Сяргеем Верамейчыкам стварыла калекцыю батлеечных лялек для дзіцячай опэры «Сон Антонькі, альбо Вечар у Паўночных Атэнах» у выкананьні дзіцячай студыі «Альтанка» зь вёскі Залесьсе Смаргонскага раёну. Так у творчым жыцьці зьявілася тэма Агінскага, а год таму і пілётная тэчка з партрэтамі прадстаўнікоў знакамітай дынастыі. Задума рэалізавалася да 250-гадовага юбілею Міхала Клеафаса Агінскага.