Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Альтэрнатывы „Пагоні“ і бел-чырвона-беламу сьцягу не было», — мастак Лявон Бартлаў пра стварэньне дзяржаўных сымбаляў


Лявон Бартлаў
Лявон Бартлаў

«Калі ў маштабах дзяржавы паўстае іншая воля, якая ўплывае на ўсе сфэры жыцьця, ёй будуць падпарадкоўвацца. Воля народа нікога не цікавіць», — мастак з групы распрацоўнікаў дзяржаўных сымбаляў для сувэрэннай Беларусі Лявон Бартлаў пра кароткі лёс нацыянальнага герба і сьцяга.

25 гадоў таму — 19 верасьня 1991 году — Вярхоўны Савет 12 скліканьня прыняў пастанову аб зьмене назвы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі на Рэспубліку Беларусь. У якасьці дзяржаўных сымбаляў былі зацьверджаныя герб «Пагоня» і бела-чырвона-белы сьцяг.

Не прыдумаць, а вярнуць скрадзенае

З ініцыятывы старшыні Беларускага Народнага Фронту, лідэра парлямэнцкай апазыцыі Зянона Пазьняка да распрацоўкі эталёнаў герба і сьцяга прыцягнулі цэлую групу мастакоў — Яўгена Куліка, Міколу Купаву, Аляксея Марачкіна, Уладзімера Крукоўскага, Льва Талбузіна, Лявона Бартлава. Як кажа Лявон Бартлаў, ані ў кога зь ягоных калегаў нават не было сумневу, які гістарычны пласт браць за адпраўны пункт:

«Базай для працы над сымболікай была яе сутнасьць — гістарычная глыбіня, гістарычная праўда. Таму ніхто нічога не выдумляў, ніхто не прадстаўляў штосьці новае. Адмыслоўцы, абазнаныя ў гэтай гісторыка-культурнай прасторы, паднялі адпаведныя матэрыялы. Заставалася толькі ўсё сыстэматызаваць. То бок гаворка пра сымболіку, якая ўжо існавала. Ня намі яна была прыдумана, не было неабходнасьці выбіраць варыянт зь некалькіх магчымых. Наша група проста вызначыла задачы і пазыцыі, каб усімі магчымымі сродкамі пацьвердзіць законнасьць вяртаньня адвечных сымбаляў. Падкрэсьліваю: не прыдумка, а вяртаньне».

Каб распрацаваць дзяржаўную сымболіку і атрыбутыку, пры прэзыдыюме Вярхоўнага Савету сфармавалі адмысловую камісію з двух дзясяткаў чалавек. Сярод іх — аўтарытэтныя гісторыкі, мастакі, дызайнэры, мастацтвазнаўцы. Узначаліў камісію дэпутат Алег Трусаў. Праца цягнулася блізу трох месяцаў, над выявай герба найбольш карпелі Яўген Кулік і Ўладзімер Крукоўскі. Астатнія, як згадвае Лявон Бартлаў, дапамагалі ў распрацоўцы наверша сьцяга, узораў дзяржаўных пячатак, нават новага нагруднага знака дэпутата:

«Праца над сымболікай, над культурным пластом, які павінен цэмэнтаваць усю дзяржаву, узьнікла невыпадкова. Першасным фактарам стала ўжо пэўным чынам абазначаная самастойнасьць. Усё, што было зьвязана з савецкім мінулым, трэба было мяняць. Але мяняць ня проста дзеля зьмены. Гэта не абутак, ня вопратка, не карціна, нават не архітэктура. Мяняць трэба было сэнс. А сэнс — гэта наша гісторыя. Нават калі зьвярнуцца да досьведу іншых рэспублік, бальшыня таксама зьвярнулася да сваіх гістарычных каранёў. Значыць, можам казаць, што былі на правільным шляху, як і яны. Таму што яны не прыдумлялі, яны вярталі. Сымболіка зьяўляецца не таму, што прыйшоў добры чалавек-мастак, добры чалавек-гісторык ці добры чалавек-палітык і сказаў: а давайце зробім так, мне падабаецца на сінім фоне блакітная кропка. Так не бывае».

Лявон Бартлаў кажа, што за досыць кароткі час трэба было выпрацаваць агульны стандарт для дзяржаўных сымбаляў, каб распачаць прынцыпова новы этап у жыцьці сувэрэннай краіны:

«Калі зацьвярджалі сымболіку, працэс быў няпросты, нават вельмі няпросты. Але, тым ня меней, ён быў даказальны, безальтэрнатыўны. Ну, і час быў такі, што нават людзі ад улады ў сілу абʼектыўных прычын вырашылі не пярэчыць, а супрацоўнічаць. І калі зразумелі, што іншага шляху няма, праз працэдуру галасаваньня ў Вярхоўным Савеце ініцыятыву ўхвалілі. Не рэфэрэндумам, заўважце, а галасаваньнем.

Дарэчы, асабіста я ў нашай прасторы слова „рэфэрэндум“ не прызнаю наагул. Навошта нам гэтае „наўгародзкае веча“? Сабраліся, пакрычэлі, аднаго князя скінулі, іншага паставілі. Нават у маштабах свайго княства на рэфэрэндум можна выносіць далёка ня ўсё».

Новага сэнсу не шукалі, ён існаваў гістарычна

Паводле суразмоўцы, сумесная праца натхняла — стымулам была магчымасьць вярнуць гістарычную справядлівасьць:

«Усе рознагалосьсі паважаных людзей, сябраў камісіі былі ня ў тым, што нам патрэбна — шасьцяронку паставіць з МАЗам, зорку на ўсё палотнішча ці яшчэ нешта. Пра гэта ўвогуле не гаварылі — гістарычная падложка была настолькі правільная, што ісьці супраць было тое ж самае, што ствараць новы сьвет. А як я магу ўзяць на сябе сьмеласьць стварыць новы сьвет, калі я ня Пан Бог і ведаю, што за мной — тысячагодзьдзе са сваёй культурай, са сваімі адметнасьцямі? Гэтая сымболіка ўзьнікла не ад таго, што нехта сядзеў нага за нагу і прыдумляў, як пакрасавацца — намаляваць ад балды вершніка зь мячом, на кані. Гэта вырастае з самой сутнасьці, а таму правільна. А калі так, то раней ці пазьней сваё месца заваюе».

Паводле Лявона Бартлава, ад мастакоў патрабавалася распрацаваць эталёны герба і сьцяга, якія будуць служыць наступным пакаленьням беларусаў. У гэтым тады ніхто не сумняваўся:

Не было ніякіх ідэалягічных сумневаў — якім мусіць быць, да прыкладу, герб. Таму што ён існаваў

«Не было ніякіх ідэалягічных сумневаў — якім мусіць быць, да прыкладу, герб. Таму што ён існаваў. Так, па графэме, па лінейным успрыняцьці пытаньні, вядома, былі. Бо кожнаму часу адпавядае свая стылістыка, свая ўмоўнасьць. Як на гербах многіх краінаў красуюцца львы — сэнс нібыта адзін, але ўвасабленьне рознае — так і ў нашым выпадку „Пагоня“, якая існавала ня толькі ў нас. Скажам, літоўцы вельмі хутка ў 1918 годзе адрэагавалі, прысабечыўшы вершніка, бо разумелі, якая за гэтым гісторыя, якая глыбіня. І ня трэба нічога вышукваць. Таму ў 1991-м была збольшага навуковая, творчая праца ў пляне карэкцыі. Новага сэнсу не шукалі, ён ужо быў, існаваў. Існаваў гістарычна».

Бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня» заставаліся дзяржаўнымі да рэфэрэндуму 1995 году, пад прыкрыцьцём якога ўлада вярнула старыя савецкія сымбалі. Неўзабаве пасьля прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнка і ягоная прапаганда пачалі настройваць грамадзкую думку супраць гістарычных сымбаляў, аргумэнтуючы гэта тым, што пад такім сьцягам хадзілі мясцовыя «прыслужнікі фашыстаў». Ранейшая 500-гадовая гісторыя не агучвалася. Тым ня меней, кажа Лявон Бартлаў, прымітыўная тактыка спрацавала:

«Гэта проста адзін са спосабаў дасягнуць пастаўленай мэты, тут усё зразумела. Калі мне трэба граць раманс, я шукаю партытуру. І ведаю, што публіка будзе мяне слухаць. Калі шансон — значыць, шансон, опэра — бяру партытуру опэры. Я пра што кажу: была партытура на рэфэрэндум, ноты пакладзеныя. Для кагосьці гэтая сымболіка чужая, захацелася ўзбудзіць у іншых пачуцьцё адмовы, непрыняцьця. Чалавек гэта робіць, абсалютна дакладна ведаючы, як аўдыторыя будзе рэагаваць. І калі мы абʼектыўна ненавідзім фашызм як зьяву, як боль, прычынены нашаму народу, дастаткова толькі сказаць: „паліцаі“ шлі з гэтым сьцягам разам з фашыстамі. І больш нічога ня трэба — хто хадзіў, куды, навошта? Справа зроблена на ўзроўні падсьвядомасьці».

Рэфэрэндум як танная дэкарацыя

Чаму за чатыры гады сымболіка не замацавалася настолькі, каб спроба яе замены вылілася ў народны пратэст? Меркаваньне выказвае мастак Лявон Бартлаў:

«Растлумачу, абсалютна спакойна. Мы знаходзімся ў абʼектыўнай рэальнасьці грамадзтва, у перапляценьні ўсіх яго кампанэнтаў. Каб тая праўда засталася, была неабходная воля. Гэтая воля прагучала, калі Вярхоўны Савет прыняў такі дакумэнт. Вярхоўны Савет у сваім выглядзе спыніў існаваньне, зьявілася воля іншага савету — „палаткі“. У супастаўленьні з новай воляй ужо нікога не цікавіла — дзе тая праўда, на чым яна трымаецца? Была ўчыненая замена, рэвізія. Той рэфэрэндум — дэкаратыўны паказьнік, грым, які наносяць на твар, каб герой выглядаў прэзэнтабэльна. Але гэта абʼектыўная рэальнасьць: калі ў маштабах ня важна якой краіны зьяўляецца іншая воля, якая мае магчымасьць маштабна нешта мяняць, усе ёй будуць падпарадкоўвацца. І народ тут ні пры чым. Асобна ўзяты чалавек разумее, што так трэба, толькі з той прычыны, што яму гэта даходліва растлумачылі».

На перакананьне суразмоўцы, уладам досыць проста маніпуляваць электаратам яшчэ і таму, што ў масе сваёй людзі не выяўляюць ніякага імпэту зазірнуць глыбей, чым у сярэдзіну 1990-х:

Ужо паводле арытмэтыкі мы на 100 гадоў існавалі даўжэй, чым імпэрская Расея

«Часьцяком даводзіцца чуць: наша маладая рэспубліка нарадзілася ў 1991 годзе. Ну хай сабе, некаторыя сапраўды думаюць, што на пачатку 1990-х мы зьявіліся ледзь не з нуля. Таму што ім ня хочацца нават задумацца: а што, уласна кажучы, было да 1917 году, што было да імпэрыі кацярынінскіх часоў? Ня могуць нават супаставіць маштаб 300-гадовага валадарства сямʼі Раманавых і 400 гадоў Вялікага Княства Літоўскага. Ужо паводле арытмэтыкі мы на 100 гадоў існавалі даўжэй, чым імпэрская Расея. Але ж пра гэта ня хочацца думаць — а навошта некуды заглыбляцца? Таму пакуль што ўласнае жаданьне канкрэтнай асобы перамагае гістарычную праўду. Бо зь нейкіх прычынаў чалавек зь ёй не пагаджаецца. Ня буду нават пералічваць тыя прычыны, іх вельмі шмат».

Як кажа Лявон Бартлаў, сытуацыя паказальная і тым, што ў той жа суседняй Расеі таксама нямала людзей, якія настальгуюць па савецкім часе. Аднак адмаўляюцца ад гістарычнай атрыбутыкі тамтэйшыя ўлады не рызыкуюць:

«Вазьміце нашу суседку, Расею. Ніхто ня згадвае, што мільённая армія генэрала Ўласава існавала пад сёньняшнім расейскім бела-сіне-чырвоным сьцягам. Ягоныя палкі гарады бралі. Паліцаі з уласаўскімі значкамі на белых павязках кідалі людзей у засьценкі. Нешта пра гэта не талкуюць. Таму што там іншыя падыходы, іншы закладзены падмурак. Трэба ўлічваць, што Беларусь выстрыгалі і зьлева, і справа. Адкуль чалавек возьме крыніцу сваёй сілы? Яму яе не прышчапілі, абстрыгалі як толькі маглі, адны кульцяпкі засталіся замест рук. І калі ў Расеі ўзьнялося бела-сіне-чырвонае палотнішча, то за ім такія сілы ўсталі, што не адважыліся пакінуць чырвоны сьцяг зь сіняй паласой, калі хто яшчэ памятае. Чаму? Зноў пачалі адчуваць сябе імпэрыяй. Савецкая развалілася, а вярнулі трыкалёр і двухгаловага арла, і адчуваньне імпэрыі зноў вярнулася».

«Пагоня» галасамі намэнклятурных дэпутатаў

І ўсё ж як расцаніць, што непрыняцьце нацыянальных сымбаляў, яшчэ зусім нядаўна такое катэгарычнае, паступова зьмяняецца адлігай? На масавых акцыях лунаюць бел-чырвона-белыя сьцягі, на стадыёны пускаюць у майках з «Пагоняй», Аляксандар Лукашэнка разам з малодшым сынам Мікалаем фатаграфуецца ў вышыванцы:

«Гэта правільна, я і не кажу, што нічога не адбываецца, — кажа Лявон Бартлаў. — Памятаеце кітайскую мудрасьць? Калі доўга і цярпліва сядзець на беразе ракі і глядзець на ваду, то дачакаесься, калі міма цябе праплыве труп твайго ворага. То бок, вядома, так павінна быць. Зь цягам часу ваяўнічасьць праходзіць, залішнія эмоцыі супакойваюцца. Застаецца толькі глыбіня. Бо колькі ні гадзь у вадаём, калі даць плыні рух, раней ці пазьней ён ачысьціцца. Безумоўна, і сьцягі, і вышыванкі, і самі па сабе размовы на гэтую тэму — усё гэта спрыяе, каб культурны пласт нарошчваўся, пашыраўся. Будзем так гаварыць, той чарназём, на якім расьце добры плод, — ён у нас быў, ёсьць і застаецца. Таму ўрэшце будзе так, як і павінна быць».

Як згадвае ў сваёй кнізе «Дзевяноста першы» дэпутат Вярхоўнага Савету Сяргей Навумчык, 18 верасьня 1991 году старшынём парлямэнту быў абраны Станіслаў Шушкевіч, а ўжо на другі дзень на парадку дня стаялі пытаньні пра назву краіны, дзяржаўныя герб і сьцяг. «У сярэдзіне верасьня страх у намэнклятурных дэпутатаў сышоў, — піша Сяргей Навумчык. — На іх ужо нельга было ціснуць — трэба было пераконваць, прасіць, нават угаворваць. Бо прымаць „Пагоню“ і бел-чырвона-белы сьцяг трэба было іхнімі галасамі, галасамі апанэнтаў. Нашых галасоў дзеля гэтага неставала. Мы разумелі: вырашаць не аргумэнты, не гістарычныя факты, не палітычная лёгіка, а псыхалягічны настрой».

Дзеля большай пераканаўчасьці мастакі-фронтаўцы разам з гісторыкамі зрабілі выставу, прысьвечаную гісторыі «Пагоні» і бел-чырвона-белага сьцяга — у фае перад Авальнай заляй стаялі стэнды, на якіх была адлюстраваная гісторыя нацыянальных сымбаляў пачынаючы ад Грунвальдзкай бітвы. Тактыка ўгавораў спрацавала: «за» прагаласавала дастатковая колькасьць дэпутатаў, эпахальнае без перабольшаньня рашэньне было ўхвалена.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG