Прафэсар катэдры паліталёгіі Кіева-Магілянскай акадэміі Аляксей Гарань станоўча ацаніў падпісаньне чарговай менскай дамоўленасьці пра спыненьне агню і адзначыў, што цалкам узгодненая пазыцыя Ўкраіны і Эўразьвязу не дала Пуціну магчымасьці вытаргаваць для сябе палітычныя саступкі.
«Пагадненьне ў цэлым я ацэньваю пазытыўна. Яно базуецца на верасьнёўскіх менскіх дамоўленасьцях, выкананьне якіх стварае магчымасьць і для спыненьня агню, і для далейшай паступовай дээскаляцыі канфлікту. Для Ўкраіны вельмі важны пункт пра неабходнасьць вываду іншаземных наймітаў і незаконных фармаваньняў зь яе тэрыторыі. Гэта значыць, што так званыя расейскія добраахвотнікі, сярод якіх чачэнцы і казакі, будуць змушаныя пакінуць тэрыторыю Ўкраіны», — адзначыў палітоляг.
Але якімі б прыгожымі ні былі пагадненьні, застаецца пытаньне іх выкананьня, адзначыў Аляксей Гарань:
«Мы бачылі, што папярэднія менскія дамоўленасьці не выконваліся. Але я думаю, што цяпер сытуацыя ўсё ж іншая, чым была ў верасьні. Цяпер ідзе надзвычай моцны ціск на Пуціна. У Менску мы пабачылі абсалютна ўзгодненую пазыцыю Ўкраіны і Эўразьвязу. Гэта быў сур’ёзны ціск на расейскага лідэра. Калі Пуцін разьлічваў, што пачаўшы эскаляцыю канфлікту перад менскім самітам, ён атрымае больш саступак, то ён моцна памыліўся. Яго разьлік не спрацоўвае — і ніякіх аўтаномных рэспублік у складзе Ўкраіны памерам з Луганскую і Данецкую вобласьці ён не атрымлівае, у дакумэнце гаворыцца толькі пра асобныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей».
Яшчэ адной сур’ёзнай дыпляматычнай паразай расейскага боку прафэсар лічыць непрызнаньне Захарчанкі і Платніцкага як афіцыйных прадстаўнікоў ДНР і ЛНР:
«Лідэры ДНР і ЛНР фігуруюць у дакумэнце проста як Захарчанка і Платніцкі, няма ніякіх узгадак пра іх пасады, ды і пра самаабвешчаныя фармаваньні таксама няма ніводнага слова. Гэта сьведчыць пра тое, што плян Пуціна легітымізаваць сэпаратыстаў праваліўся».