Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чарговая танкі і «Грады» зайшлі ва Ўкраіну з Расеі — Лысенка


На тэрыторыю Ўкраіны ў зону АТО з Расеі мінулай ноччу зноў былі перакінутыя танкі і сыстэмы залпавага агню, паведаміў прадстаўнік АТО Андрэй Лысенка.

«У ноч на 12 лютага паблізу населенага пункта Ізварына адбылося чарговае перасоўваньне праз расейска-ўкраінскую мяжу паўсотні танкаў, чатырох дзясяткаў рэактыўных сыстэмаў залпавага агню „Град“, „Ураган“ і „Смерч“, і такой жа колькасьці БТР», — паведаміў ён.

«Вораг працягвае ўзмацняць свае сілы на найбольш небясьпечных накірунках — перш за ўсё, на паўночным усходзе Луганскай вобласьці і на Дэбальцаўскім кірунку», — сказаў Лысенка.

З вечара 11 лютага і да сёньняшняй раніцы ў Менску працягвалася сустрэча лідэраў Украіны, Расеі, Нямеччыны і Францыі адносна сытуацыі ва Ўкраіне. Бакі дамовіліся аб спыненьні агню на Данбасе з 15 лютага. Акрамя таго, ад лініі судакрананьня павінна быць адведзена цяжкае ўзбраеньне. Як заявіў прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін па завяршэньні перамоваў, украінскія ваенныя павінны адвесьці ўзбраеньне ад цяперашняй лініі судакрананьня, сэпаратысты — ад лініі, ўзгодненай 19 верасьня ў рамках Менскіх дамоўленасьцяў.

Прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка заявіў, што Расея выстывіла непрымальныя для Кіева ўмовы. Паводле яго слоў, на фэдэралізацыю або аўтаномію для Данбаса Ўкраіна не пагадзілася.

Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд назваў дасягнутыя ў Менску дамоўленасьці «палёгкай для Эўропы» і «надзеяй для Ўкраіны».

Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель па выніках перамоваў у Менску заявіла, што зараз «ёсьць пробліск надзеі» для Ўкраіны, але яна «ня мае ілюзій» і «яшчэ вельмі, вельмі шмат» працы павінна быць зроблена.

Расея адмаўляе датычнасьць сваіх войскаў і тэхнікі да канфлікту на ўсходзе Ўкраіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG