Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія геі — самыя шчасьлівыя на постсавецкай прасторы


У індэксе шчасьця геяў Беларусь заняла 80-е месца. Гэта найлепшы вынік сярод постсавецкіх краінаў, калі не лічыць краіны Балтыі. Усяго ў рэйтынгу 127 краінаў

«Беларусы проста менш патрабавальныя да шчасьця», — камэнтуе вынікі Індэксу беларускі ЛГБТ-актывіст Сяргей Андросенка.

Першую пяцёрку краінаў, дзе геі адчуваюць сябе найбольш шчасьлівымі, склалі Ісьляндыя, Нарвэгія, Данія, Швэцыя і Ўругвай.

Gay Happiness Index прэзэнтуе міжнародная арганізацыя PlanetRomeo, якая аб’ядноўвае і прадстаўляе інтарэсы геяў, бісэксуалаў і трансгендэраў па ўсім сьвеце. У анкетаваньні ўзялі ўдзел 115 тысяч чалавек.

Краіны ацэньваліся паводле трох крытэраў: «грамадзкая думка» (як у грамадзтве ставяцца да гомасэксуальнасьці), «грамадзкае стаўленьне (як абыходзяцца з геямі іншыя людзі) і «задаволенасьць жыцьцём» (у гэтай катэгорыі ацэньвалася і тое, наколькі геі-мужчыны ўспрымаюць сябе такімі, якія яны ёсьць).

З былых савецкіх краінаў найвышэй паднялася Эстонія. Яна на 42 месцы. Латвія — на 70-м, а Літва — на 72-м.

Беларусь па стабальнай сыстэме атрымала 9 балаў у катэгорыі «грамадзкая думка», 52 балы — у катэгорыі «грамадзкае стаўленьне» і 51 бал — за «задаволенасьць жыцьцём». У анкетаваньні ўзялі ўдзел 117 беларусаў.

З бліжэйшых суседзяў Украіна на 83-м месцы. Расея, вядомая сваімі адыёзнымі законамі супраць прапаганды «нетрадыцыйных стасункаў», — на 87-м.

Сябра Рады ЛГБТ-таварыства працаўнікоў культуры краін Паўночнай Эўропы ТУПІЛАК, сакратар па Ўсходняй Эўропе Сяргей Андросенка кажа, што сёлетні гей-індэкс шчасьця працягнуў традыцыю загалоўкаў кшталту «Беларусы самыя шчасьлівыя сярод суседзяў»:

Сяргей Андросенка
Сяргей Андросенка

«Думаю, гэта вынік таго, што беларусы менш патрабавальныя да шчасьця. Літоўцы і палякі менш шчасьлівыя за беларусаў, але беларусы не стамляюцца езьдзіць туды на закупы і з зайздрасьцю паглядаюць на тамтэйшыя гаспадаркі. Так і з гей-індэксам.

Беларускія геі нібыта больш шчасьлівыя за ўкраінскіх і расейскіх, але пэрыядычна езьдзяць на адпачынак у Маскву, Кіеў, Санкт-Пецярбург. Бо там ёсьць хаця б гей-клюбы, гей-бары, чаго ў Беларусі няма.

Я часта бываў ва Ўкраіне, жыў кароткі час у Малдове і Сэрбіі (краінах, дзе, паводле індэксу, геі менш шчасьлівыя), але мне гэтыя краіны падаліся больш спрыяльнымі для жыцьця геяў. Так, там не Скандынавія, але далёка не Беларусь, дзе дзяржава хоча залезьці да кожнага грамадзяніна і грамадзянкі і ў галаву, і ў ложак.

Я пагаджуся, што беларускія геі больш шчасьлівыя за азэрбайджанскіх, казахскіх, кіргізстанскіх, узбэцкіх. Але вось з тым, што больш шчасьлівыя за малдаўскіх, украінскіх, нават расейскіх, я б яшчэ паспрачаўся. Але тут залежыць ад нашага суб’ектыўнага разуменьня шчасьця: камусьці з геяў — гэта гей-клюбы, камусьці — антыдыскрымінацыйнае заканадаўства і магчымасьць рэалізоўваць свае канстытуцыйныя правы, камусьці — вялікія гарады, дзе можна схавацца ў натоўпе, камусьці — „абы не было вайны“, камусьці — чарка і скварка.

Беларускія геі, якія бралі ўдзел у апытаньні, відавочна, ведаюць лепш, чаму яны больш шчасьлівыя за ўкраінскіх, малдаўскіх ці сербскіх, я ж ня ведаю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG