«Эўразьвяз чакае, што Беларусь прадэманструе павагу да правоў чалавека», — напісала Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі.
Вярхоўны прадстаўнік ЭЗ па зьнешняй палітыцы і палітыцы бясьпекі Фэдэрыка Магерыні адказала на калектыўны ліст былых беларускіх палітвязьняў Алеся Бяляцкага, Андрэя Саньнікава і Міколы Статкевіча.
Ліст палітвязьняў быў напісаны ў кастрычніку. У гэтым лісьце Бяляцкі, Саньнікаў і Статкевіч заклікалі Эўразьвяз не здымаць зь Беларусі санкцыі да выкананьня ўсіх умоваў ЭЗ па нармалізацыі адносінаў, у тым ліку рэабілітацыі былых палітвязьняў і значнага паляпшэньня сытуацыі з правамі чалавека.
Адказ Магерыні апублікаваў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку Бяляцкі.
Магерыні ў сваім лісьце кажа, што ЭЗ будзе надалей настойваць на рэабілітацыі экс-палітвязьняў.
«Я цалкам разумею тое становішча, у якім вы знаходзіцеся разам зь іншымі былымі палітвязьнямі, чые грамадзянскія і палітычныя правы не адноўленыя. І мы будзем пасьлядоўна працягваць уздымаць гэтае пытаньне ў кантактах зь беларускімі ўладамі», — гаворыцца ў лісьце.
Магерыні падкрэсьлівае, што правы чалавека, дэмакратыя, вяршэнства закону і свабода выказваньняў і меркаваньняў — неад’емная частка ўдзелу ЭЗ у дыялёгу зь беларускімі ўладамі.
«ЭЗ адпаведным чынам адрэагавала на ініцыятыву Беларусі і чакае ад яе, што Беларусь прадэманструе павагу да правоў чалавека і фундамэнтальных свабодаў», — піша яна.
Магерыні таксама кажа, што ЭЗ будзе надалей аказваць моцную падтрымку грамадзянскай супольнасьці.