Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Год быў някепскі, але экстрэмальны


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота
Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка 29 сьнежня расказаў журналістам пра вынікі году ў эканоміцы, перадае БЕЛТА.

«Гэта быў экстрэмальны год, — казаў Аляксандар Лукашэнка. — Шчыра кажучы, я нават ня памятаю такіх. Ён быў някепскі ўвогуле, але экстрэмальны ў тым пляне, што такога не было, мы такога не перажывалі. Урок галоўны: мы, калі не перажывалі такіх пэрыядаў, аказаліся не ва ўсім гатовыя да гэтага. Нам не хапае арганізаванасьці, дысцыпліны — гэта вялікія рэзэрвы для сельскай гаспадаркі».

Лукашэнка таксама заявіў, што «ніякая рынкавая эканоміка, ніякія пераўтварэньні не дадуць штуршок для разьвіцьця» сельскай гаспадаркі — яны «чалавечую працу і арганізаванасьць не заменяць». Дый дысцыпліна патрэбная ня толькі ў сельскай гаспадарцы, а і ў эканоміцы наагул:

«Ні грошы, ні датацыі, ні тэхніка — гэтага ўсяго хапае. Калі гэта нармальна арганізаваць, будзе вынік», — рэзюмаваў ён.

Пра якія менавіта экстрэмальныя выпадкі казаў Лукашэнка, не ўдакладняецца

Але летам стала відавочна, што праз надвор’е ўборка збожжавых можа зацягнуцца, а ўраджайнасьць — скараціцца. Жніво стала практычна «бітвай за ўраджай».

Лукашэнка зьмяніў прызначаную Кабяковым дату завяршэньня ўборачнай на 7 лістапада, але дату «правалілі» — хоць зьбіраць ураджай накіравалі нават вайскоўцаў (але за прымусовую ўборку лёну ўрэшце звольнілі некалькі чыноўнікаў). Пасьля Лукашэнка абураўся, што міністры і «губэрнатары» давалі яму фальшывыя зьвесткі пра вынікі ўборачнай кампаніі.

Аляксандар Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Клецкі раён
Аляксандар Лукашэнка падчас працоўнай паездкі ў Клецкі раён

Праблемы былі і тэхнічныя: паводле Дзяржкантролю, у чвэрці гаспадарак камбайны былі негатовыя да збору ўраджаю. Лукашэнка даручыў міліцыі і КДК дакладаць яму асабіста, калі ламаюцца гарантыйныя камбайны.

Яшчэ ў траўні Лукашэнка заявіў, што «гарады ўпарадкавалі, час упарадкаваць вёскі» — урад Беларусі падрыхтаваў тыпавыя праекты «вёскі будучыні» і нават абяцае сялянам заробак 700 рублёў, але вымушаны паводле загаду Лукашэнкі зноў фінансаваць стратныя прадпрыемствы АПК.

Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі зьбіраюць бульбу на «прэзыдэнцкім полі»
Аляксандар і Мікалай Лукашэнкі зьбіраюць бульбу на «прэзыдэнцкім полі»

У кастрычніку Лукашэнка ўжо патрабаваў навесьці «жалезную дысцыпліну» на прадпрыемствах АПК. Сярод іншага ён загадваў навесьці парадак на прадпрыемствах мяса-малочнага комплексу. За месяц да таго 10 былых кіраўнікоў ды спэцыялістаў Гомельскага мясакамбінату судзілі за каўбасы ды кансэрвы з гнілога мяса.

Быў кур’ёз і з самім Аляксандрам Лукашэнкам: у жніўні ён з сынам Мікалаем катаўся на камбайне — Мікалай у тым ліку кіраваў машынай. Але праваабаронцы заўважылі, што з прычыны ўзросту Мікалай Лукашэнка ня мае права кіраваць камбайнам, і дэманстрацыя парушэньня шэрагу нарматыўных актаў становіцца для простых грамадзян узорам для перайманьня. Адміністрацыя прэзыдэнта адмовілася паведаміць, на якой падставе Мікалай Лукашэнка быў дапушчаны да кіраваньня камбайнам.

Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на камбайне падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую і Віцебскую вобласьці
Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на камбайне падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую і Віцебскую вобласьці

Цягам году таксама працягвалася справа аб сьмерці 13-гадовай дзяўчынкі на прымусовай уборцы бульбы ў 2016 годзе. Настаўніцы дзяўчынкі атрымалі па два гады «хатняй хіміі» і фактычную забарону цягам двух гадоў працаваць у школе, але праваабаронцы настойвалі, каб пакаралі старшыню райвыканкаму.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG