На сустрэчы зь бізнэс-коламі Аляксандар Лукашэнка адказаў на крытыку павелічэньня ўдвая выдаткаў на рэзэрвовы прэзыдэнцкі фонд у нацыянальным бюджэце на 2018 год, перадае БЕЛТА.
«Больш няма перашкодаў для бізнэсу». Пра што Лукашэнка казаў на сустрэчы з прадпрымальнікамі
«Прымаючы новы бюджэт, лямант паднялі бізнэсоўцы ад палітыкі. Тыя выдаткі, што былі заплянаваныя ў бюджэце, я яшчэ на 10% скараціў, пералічыўшы гэтыя сродкі ў рэзэрвовы фонд прэзыдэнта, які ў бюджэце будзе — не ў мяне ў кішэні — і будзе выкарыстоўвацца па прапановах ураду і парлямэнту», — сказаў Лукашэнка.
Ён абурыўся: «Там некаторыя кажуць: прэзыдэнт стварыў вялікі рэзэрвовы фонд, напэўна, выбары датэрміновыя будуць. Ніякіх датэрміновых выбараў у нас ня будзе. Няма для гэтага ніякіх падставаў, тэндэнцыяў і іншых прычынаў».
Паміж «нулявым» і першым чытаньнямі праекту бюджэту выдаткі на многія сфэры былі прыкметна зьменшаныя, але памер рэзэрвовага прэзыдэнцкага фонду павялічыўся з 442 мільёнаў рублёў да 1 мільярда 200 мільёнаў.