Аляксандар Лукашэнка прыбудзе ў Малдову па запрашэньні тамтэйшага прэзыдэнта Ігара Дадона, заявіў апошні падчас «Прамой лініі» на тэлеканале Accent TV.
Ігар Дадон выслаў Аляксандру Лукашэнку афіцыйнае запрашэньне на вясну 2018 году — і чакае, што яны разам змогуць пакатацца на трактары:
«Ён, дарэчы, прапаноўваў: калі прыедзе ў красавіку, каб мы разам на беларускім трактары засадзілі адно поле пшаніцай, — сказаў Дадон пра Лукашэнку. — Я кажу: Аляксандр Рыгоравіч, прыяжджайце. Мы з задавальненьнем з вамі на трактары паедзем па палях Малдовы. Спадзяюся, што гэта адбудзецца, будзе афіцыйны візыт Лукашэнкі ў нашую краіну».
Дадон таксама мае сустрэцца з Лукашэнкам на нефармальным саміце СНД у Маскве 26 сьнежня. Мінулы раз яны бачыліся 13 ліпеня ў Віцебску.
Чым падобныя і чым адрозьніваюцца Аляксандар Лукашэнка і Ігар Дадон
Дадон – прыхільнік палітыкі Лукашэнкі. У Віцебску ён казаў, што хоча, «каб Малдова была, як Беларусь». Лукашэнка пацьвердзіў Дадону, што трымаецца зь ім «практычна аднолькавых поглядаў». Зь Беларусі Дадон тады прывёз 5 трактароў і 2 камунальныя машыны гуманітарнай дапамогі.
Крыху іншыя стасункі ў беларускіх уладаў з прэм’ер-міністрам Малдовы Паўлам Філіпам, які разыходзіцца ў поглядах з «прарасейскім» Дадонам. Філіп на мінулым тыдні прыяжджаў на саміт ЦЭІ ў Менск (быў там адзіным замежным прэм’ерам – іншыя прыслалі чыноўнікаў ніжэйшых рангаў), сустракаўся з Лукашэнкам, але размаўляў больш пра эканамічную супрацу і толькі стрымана выказаў удзячнасьць за падтрымку Малдовы «ў самыя цяжкія часы, калі ўзьнікалі цяжкасьці на міжнародным узроўні».
Як Лукашэнка пакатаўся на камбайне з сынам Мікалаем
Аляксандар Лукашэнка гэтым летам катаўся на камбайне разам з 12-гадовым сынам Мікалаем. Магілёўскі праваабаронца абвінаваціў Лукашэнку ў неналежным выкананьні бацькоўскіх абавязкаў: камбайн ёсьць аб’ектам падвышанай небясьпекі, але ні Аляксандар, ні тым больш Мікалай ня мелі правоў на кіраваньне ім. Адміністрацыя прэзыдэнта адмовілася паведаміць, на якой падставе Мікалай Лукашэнка быў дапушчаны да кіраваньня камбайнам.