Паводле пастановы, найбольш вырасьлі квоты на выраб у 2018 годзе садавіна-ягадных вінаў — на 80%.
Таксама ў 2018 годзе будзе выраблена на 55,6% больш рому, на 33,3% больш кальвадосу, на 6,1% больш каньяку, на 3,4% больш тэкілы і на 2% больш гарэлкі і лікёра-гарэлачных вырабаў у параўнаньні зь 2017-м.
Адначасова на 51,4% зьменшаныя квоты на выпуск гарэлкі фруктовай, на 54,5% — гарэлкі вінаграднай, на 17,6% — напояў вінных асаблівых.
Найбольшы аб’ем алькаголю, які плянуюць вырабіць у 2018 годзе, прыпадае на гарэлку і лікёра-гарэлачныя вырабы — амаль 11,7 мільёнаў дэкалітраў, пладовыя віны — амаль 7,7 мільёна дэкалітраў, вінаградныя віны — 4 мільёны дэкалітраў і садавіна-ягадныя віны — 2,4 мільёна дэкалітраў.
Беларусы застаюцца аднымі з самых пітушчых у сьвеце. Паводле афіцыйнай статыстыкі, сярэднестатыстычны беларус (дзеляць у тым ліку на немаўлятаў) спажывае 8,8 літра ўмоўнага чыстага сьпірту на год, а паводле міжнароднай статыстыкі (дзеляць толькі на старэйшых за 15 гадоў) — больш як 16 літраў сьпірту на год. Беларусь заняла 4-е месца ў рэйтынгу самых нездаровых краінаў сьвету — пасьля Чэхіі, Расеі і Славеніі, паводле дасьледаваньня арганізацыі Clinic Compare, якая прааналізавала зьвесткі аб шкодных звычках насельніцтва ў 179 краінах сьвету.
Толькі 1 зь 5 беларусаў цэлы месяц ня піў алькаголю.
Са 160 тысяч алькагольна залежных штогод 8 тысяч адпраўляюць у прафілякторыі. На алькаголь прыпадае амаль 10% ад агульнага гандлю ў краіне.
Нядаўна Аляксандр Лукашэнка паабяцаў новыя захады ў барацьбе з пʼянствам, а беларускі ўрад заявіў, што будзе разглядаць абмежаваньне продажу алькаголю з 21 году.
Нядаўна ў суседніх Польшчы і Літве ўвялі абмежаваньні на продаж алькагольных напояў у начны час: у Польшчы — паміж 22 і 6 гадзінамі, у Літве — набыць алькаголь у крамах можна будзе ў панядзелак-суботу з 10:00 да 20:00, у нядзелю — з 10:00 да 15:00.