Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэжавю: праз 100 гадоў пасьля кастрычніцкага перавароту да ўлады зноў рвецца Ленін


Агітатары на эквадорскім архіпэлягу Галяпагосы
Агітатары на эквадорскім архіпэлягу Галяпагосы

У сяброўскім беларускім уладам Эквадоры праз тры дні пасьля прэзыдэнцкіх выбараў ня могуць падлічыць галасы прыхільнікаў прэтэндэнтаў на вышэйшую пасаду.

Сытуацыя на мяжы нэрвовага зрыву: апанэнты абвінавачваюць кіраўніцтва краіны ў задзейнічаньні адміністрацыйнага рэсурсу на карысьць свайго вылучэнца — Леніна Марэны (ягоны бацька, як і шмат хто ў Лацінскай Амэрыцы, ідэалізаваў «Кастрычніцкую рэвалюцыю» і даў сыну адпаведнае імя). Мясцовы выбаркам адказвае, што з улікам адказнасьці сытуацыі неабходна дакладна зафіксаваць кожны бюлетэнь. Эквадорскія рэаліі — вачыма карэспандэнта Свабоды.

Рознакаляровыя кандыдаты: маюць значэньне форма і зьмест

Да разьвязкі прэзыдэнцкай кампаніі ў Эквадоры падышлі восем кандыдатаў, аднак толькі тры зь іх адпачатку маглі разьлічваць на значную электаральную падтрымку. Гэта згаданы ўжо «лявак» Ленін Марэна (колішні віцэ-прэзыдэнт і паплечнік дзейнага кіраўніка дзяржавы Рафаэля Карэа), а таксама прадстаўнікі правага блёку — экс-міністар, банкір, кіраўнік руху CREO Гільерма Ласа і вылучэнка ад «Сацыял-хрысьціянскай партыі» Сынтыя Вітэры. Адначасова выбіраюцца віцэ-прэзыдэнт і дэпутаты Нацыянальнай асамблеі.

Бігборд кандыдатаў у Нацыянальную асамблею
Бігборд кандыдатаў у Нацыянальную асамблею

Цягам двух тыдняў перад днём галасаваньня 19 лютага давялося быць сьведкам перадвыбарнага супрацьстаяньня. Адрозна ад Беларусі, дзе выбары і грамадзяне перакрыжоўваюцца ў лепшым выпадку на ўчастках, градус зацікаўленасьці жыхароў Эквадору зашкальвае. За ўвесь час падарожжа па краіне ніводнага разу не пачуў ад мясцовых — маўляў, давайце ня будзем пра палітыку, бо вылезе бокам мне і маёй сямʼі. Дыскутаваць пачынаюць з паўабарота, прычым зь веданьнем прадмету — кандыдаты маюць доступ да ўсіх магчымых трыбунаў, уключна з тэле- і радыёэфірам, газэтамі, улёткамі, выступамі ў працоўных калектывах, на вулічных акцыях.

Да пачатку кампаніі кожны са штабоў прэтэндэнтаў атрымаў сваю ўнікальную расфарбоўку, што істотна спрасьціла працэс ідэнтыфікацыі: блякла-зялёныя сьцягі і майкі агітатараў — значыць, «ленінцы». Бігборды і расьцяжкі ў белых колерах — адпаведна, каманда Ласа. А яшчэ пікеты «жоўтых», «чырвоных», «сініх» — усе колеры вясёлкі.

Выбарчыя жарсьці зацягнулі ў свой вір яшчэ ў Пуэрта-Аёры, найбуйнейшым населеным пункце галяпагоскага архіпэлягу (крыху больш за 10 тысяч чалавек). Не пасьпелі з жонкай толкам нават агледзецца, як натрапілі на пікет з раздачай зялёных маек ад сацыялістычнай партыі «Альянс годнай і незалежнай радзімы». Ідэйныя натхняльнікі там якраз Рафаэль Карэа і Ленін Марэна, іхняя галоўная мэта — захаваць пераемнасьць улады.

Каманда Леніна Марэны
Каманда Леніна Марэны

Калі трафэі ўвечары паказалі ў гатэлі, хлопец над рэцэпцыі з усьмешкай апусьціў вялікі палец рукі ўніз і канстатаваў: «Гэтай анучай толькі падлогу мыць». І, каб было зразумела, патлумачыў: «Ленін — тупік, і выйсьця адтуль няма».

Наступным палітычным суразмоўцам стаў іншы малады чалавек — Джоэл, валянтэр навуковага цэнтру Чарльза Дарвіна. Пабачыўшы беларускія пашпарты, у якія мы захацелі паставіць штамп Галяпагоскіх выспаў, раптам запытаў: «По-русски понимаете?». Аказалася, гадоў восем таму скончыў Маскоўскі дзяржаўны ўнівэрсытэт, спэцыяліст у піяр-тэхналёгіях. Падчас выбараў далучыўся да штабу Сынтыі Вітэры:

«Дыктатары вучацца адзін у аднаго толькі аднаму — як захаваць уладу, — кажа Джоэл. — Карэа запазычыў выбарныя тэхналёгіі ў сваіх сяброў Пуціна і Лукашэнкі. І хоць сам гэтым разам не балятуецца, але разьлічвае прапхнуць на сваё месца Леніна Марэну. Магчыма, з тым разьлікам, каб потым узначаліць урад. Але ў сацыялістаў няма будучыні, іх ідэалёгія мёртвая. І нашай краіне, і ўсяму рэгіёну патрэбная зьмена курсу, інакш — чарговы адкат у мінулае».

Перасоўны пункт за кандыдата Ласа
Перасоўны пункт за кандыдата Ласа

Неўзабаве сталі сьведкамі дзеі, маштабам якой можа пазайздросьціць любы арганізатар вулічных шоў у Беларусі. Ужо на іншай галяпагоскай высьпе Сан-Крыстабаль апынуліся на агіт-дыскатэцы проста на беразе акіяну. Прадстаўнікі Гільерма Ласа пад завадныя рытмы даносілі праграму свайго кандыдата, паралельна быў арганізаваны гандаль мясцовымі прысмакамі. Нават павярхоўнага позірку хапіла, каб заўважыць розьніцу паміж электаратам Марэны і Ласа.

Кульмінацыяй стала «сходка» ў сталіцы Кіта, дзе на старым пляцы, шчыльна аточаным па пэрымэтры храмамі і будынкамі каляніяльнай адміністрацыі, тысячы людзей наладзілі апошнюю гучную рэпэтыцыю перад галасаваньнем.

Палітычныя хітрыкі: дыстанцыявацца і праціснуць вылучэнца

Не без дапамогі палітычных хітрыкаў Рафаэль Карэа адбыў на пасадзе ці то два, ці то тры тэрміны — гледзячы як лічыць. Пад сацыялістычнымі лёзунгамі і антыамэрыканскай рыторыкай быў абраны прэзыдэнтам у 2006 годзе, прыняў прысягу ў студзені 2007-га. На інаўгурацыю сабраліся выключна сябры-калегі — Эва Маралес (Балівія), Уга Чавэс (Вэнэсуэла), Рауль Кастра (Куба), Даніэль Артэга (Нікарагуа), Махмуд Ахмадзінэжад (Іран).

Перадвыбарныя пікеты ў Кіта
Перадвыбарныя пікеты ў Кіта

У 2009 годзе прапрэзыдэнцкія сілы ініцыявалі папраўкі ў Канстытуцыю. Карэа быў пераабраны на новы тэрмін, два папярэднія гады сьпісалі на форс-мажор. У 2013-м наноў выйграў прэзыдэнцкую кампанію і заступіў на чарговы тэрмін. Калі перад выбарамі-2017 бліжэйшае атачэньне прапанавала зноў перапісаць Асноўны Закон і балятавацца з нуля, узяў самаадвод. Запэўнівае, што па завяршэньні кадэнцыі хоча выехаць у Бэльгію, адкуль паходзіць ягоная жонка.

Цяпер усе сілы і рэсурсы ўлады кінутыя на прасоўваньне былога віцэ-прэзыдэнта Леніна Марэны, на баку якога фактар элемэнтарнага людзкога жалю: у 1998 годзе палітык стаў ахвярай рабаўнікоў і ад таго часу ў інвалідным вазку. Здарэньне не паўплывала на ягоную пазыцыю, і ў перадвыбарчай праграме Марэна кажа, што працягне справу «сацыялістаў ХХІ стагодзьдзя». Маецца на ўвазе перадусім павелічэньне долі дзяржаўнага сэктару ў эканоміцы і пераразьмеркаваньне сродкаў ад багацеяў на карысьць бедных.

Наглядная агітацыя нават на караблях
Наглядная агітацыя нават на караблях

Такі папулісцкі падыход не задавальняе дзелавых людзей, якія выступаюць найперш з пазыцыі карэнных рэформаў. Так, кандыдат ад правай «Сацыял-хрысьціянскай партыі» Сынтыя Вітэры задоўга да выбараў заявіла, што першым крокам, які яна зробіць у выпадку перамогі, стане выхад з блёку «Баліварыянскі альянс народаў Амэрыкі» (ALBA), які цягне кантынэнт у «неадукаванае цемрашальства». Яна выступае за рашучыя захады, каб заключыць доўгатэрміновыя гандлёвыя пагадненьні з ЗША, краінамі Эўропы, Азіі ды іншых рэгіёнаў сьвету.

Аналягічныя захады дэкляруе і Гільерма Ласа. Плюс да ўсяго ён прапануе істотна скараціць дзяржаўныя выдаткі, прыцягнуць замежныя інвэстыцыі і зьнізіць падаткі, каб падвысіць пакупніцкую здольнасьць: ад 2000 году адзіная разьліковая валюта Эквадору — амэрыканскі даляр, што ставіць краіну ў нявыгаднае становішча ў параўнаньні з суседзямі.

Паводле эквадорскага заканадаўства, дзеля перамогі кандыдату ў прэзыдэнты трэба набраць 50% плюс адзін голас. Зрэшты, дастаткова нават 40%, калі адрыў ад іншага прэтэндэнта будзе перавышаць 10%. Леніну Марэну на гэты момант не хапае самай драбніцы: 39,2% супраць 28,2% у Гільерма Ласа, які ідзе другім. Сынтыя Вітэры на трэцяй пазыцыі і гатовая заклікаць сваіх прыхільнікаў аддаць празь месяц галасы Гільерма Ласа — абое стаяць на правых пазыцыях.

Імправізаваны інфармацыйны пункт
Імправізаваны інфармацыйны пункт

Сам Ласа, у сваю чаргу, выказаў перакананьне, што ўлады спрабуюць цягнуць час, каб «наскрэбсьці» Леніну працэнт, неабходны для элегантнай перамогі. Але нават кіраўніцтва Нацыянальнай выбарчай рады неафіцыйна схіляецца да таго, што другога туру 2 красавіка не пазьбегнуць.

Сярэднестатыстычныя выбарцы: паруліў сам — дай іншым

Вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў у Эквадоры чакаюць ня толькі абарыгены, але і вядомы фігурант справы аб выдачы дзяржаўных сакрэтаў Джуліян Асанж. Галоўны рэдактар WikiLeaks апошнія чатыры гады хаваецца ад міжнароднага правасудзьдзя ў эквадорскай амбасадзе ў Лёндане. Але абодва апазыцыйныя кандыдаты ад правых партыяў — Ласа і Вітэры — ужо заявілі, што ў выпадку перамогі цягам 30 дзён выселяць Асанжа, за якога «грамадзяне Эквадору заплацілі цану, якой не павінны былі плаціць».

У такім выпадку аўстралійца чакае спачатку экстрадыцыя ў Швэцыю, дзе яго абвінавачваюць у правапарушэньнях сэксуальнага характару, а потым у ЗША. Там яму пагражае пажыцьцёвы тэрмін за агалошваньне сакрэтнай інфармацыі. Пакуль у лідэрах пераемнік Карэа, які, уласна кажучы, у 2012 годзе і даў Асанжу прытулак у будынку эквадорскай амбасады, падставаў хвалявацца няма. Аднак можа адбыцца другі тур, які дасьць шанец апазыцыі, а забярэ — у Асанжа.

Сямʼя Фуэнтэс з Сан-Антоніё
Сямʼя Фуэнтэс з Сан-Антоніё

Сямʼя Фуэнтэс — традыцыйны для большасьці краінаў зрэз «сярэднестатыстычных выбарцаў»: спажываюць прадукт дзяржаўнай прапаганды і гавораць мовай тэлевізійных аналітыкаў. Аднак нават такія людзі пачынаюць задумвацца, ці не прыйшоў час даць дарогу іншым палітычным сілам:

«Карэа шмат зрабіў пераўтварэньняў, — кажа галава сямʼі, рэзчык па дрэве Мігель. — Пры ім збудаваныя дарогі, школы, абвешчана вайна галечы. Але шмат нават ягоных прыхільнікаў асьцерагаюцца ўсталяваньня культу накшталт Кубы ці Вэнэсуэлы — ніхто ж ня ведае, як будзе сябе паводзіць на прэзыдэнцкай пасадзе Марэна, непасрэдны пераемнік Карэа? Таму наш разьлік такі: хай у другі тур выходзяць Ленін і Гільерма, а там ужо паглядзім — да красавіка час паназіраць за кандыдатамі яшчэ ёсьць».

Варта адзначыць, што вага апазыцыі ў Эквадоры ня ўяўная, а зусім рэальная. Менавіта апанэнты Карэа-Марэны застопарылі на этапе дэклярацыяў амбітныя праекты зь Беларусьсю, прычым галоўным аргумэнтам быў не эканамічны складнік, а палітычны. На перакананьне Ласа і ягоных прыхільнікаў, улады не павінны супрацоўнічаць з дыктатарскім рэжымам Лукашэнкі, а тым больш дазваляць яму зарабляць на эквадорскіх спажыўцах.

Фавэлы ў паўднёвым мэгаполісе Гуаякіль
Фавэлы ў паўднёвым мэгаполісе Гуаякіль

Праігнараваць такую пазыцыю не ўдалося, у выніку сумесныя пляны ўзводзіць зборачныя вытворчасьці, будаваць жыльлё і асвойваць нафтавыя радовішчы збольшага замарожаныя. Да таго ж апазыцыю насьцярожвае, што лягістыка паставак не адпавядае эканамічнай лёгіцы — гандляваць аналягічнай прадукцыяй прасьцей з ЗША, чым з заморскай Беларусьсю.

Некалькі гадоў таму Аляксандар Лукашэнка і Рафаэль Карэа абмяняліся дзяржаўнымі візытамі. У часе перамоваў уздымаліся пытаньні прамысловай каапэрацыі, вытворчасьці грузавых аўтамабіляў і аўтобусаў, паставак у Эквадор шынаў, аўтакамплектуючых, оптаэлектронных прыбораў і г.д.

Рэклямнай трыбунай кандыдата можа быць усё
Рэклямнай трыбунай кандыдата можа быць усё

У справаздачах за мінулы год фігуруе, што двухбаковы гандлёвы абарот дасягнуў 77,5 мільёна даляраў. Але абʼём беларускага экспарту пры гэтым склаў усяго 4 зь невялікім мільёны, усё астатняе прыпадае на імпарт, адмоўнае сальда — амаль 70 мільёнаў даляраў.

Аказалася, што ў Эквадоры найбольш запатрабаваны скручаны дрот (больш як на 2 мільёны даляраў) і калійныя ўгнаеньні (амаль 2 мільёны даляраў). Пастаўкі з-за акіяну — перадусім садавіна: айва, бананы, абрыкосы, пэрсікі, цытрусавыя — а таксама зрэзаныя кветкі і бутоны.

Велічныя краявіды Эквадору
Велічныя краявіды Эквадору

Зусім нядаўна пра Эквадор, у які «хацеў бы абавязкова вярнуцца», згадваў Мікалай Лукашэнка, малодшы сын беларускага кіраўніка, калі ў Астрашыцкім гарадку прымаў юнага расейскага журналіста-аднагодку. Зрэшты, кожны, хто туды трапляе, ня можа ня ўразіцца экватарыяльнай прыродай — вадаспады, вульканы, бяздонныя цясьніны. Але бальшыні беларусаў скарыць Эквадор, хоць ён і бязьвізавы, складана: кошт аднаго авіяпералёту сувымерны з тым, каб тройчы цягам году адпачыць у Эгіпце або Турэччыне.

Ці ўдасца беларускаму кіраўніцтву заслупаваць эквадорскі рынак на пэрспэктыву — будзе вырашацца ня ў Менску, а як мінімум у Кіта. І ня столькі палітыкамі, колькі 13 мільёнамі мясцовых выбарцаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG