Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бяз Чавэса беларуска-вэнэсуэльскае сяброўства хутка згасла


Нікалас Мадура на фоне партрэта Уга Чавэса
Нікалас Мадура на фоне партрэта Уга Чавэса

Няпэўная палітычная будучыня прэзыдэнта Вэнэсуэлы Нікаляса Мадуры рызыкуе паставіць крыж на апошніх беларускіх праектах у гэтай лацінаамэрыканскай краіне.

Беларуска-вэнэсуэльскія дачыненьні распачаліся ў сярэдзіне нулявых і збольшага трымаліся на асабістых кантактах «братоў па крыві» Аляксандра Лукашэнкі і Уга Чавэса. У часе ўзаемных візытаў стратэгія разьвіцьця выбудоўвалася ледзь не «на каленцы». Пасьля сьмерці Чавэса асобныя праекты па інэрцыі яшчэ рухаліся, але агулам актыўнасьць затухала па ўсім фронце. Нават Мадура, ня кажучы пра ягоных апанэнтаў, ня мае ахвоты працягваць супрацоўніцтва, якое з прычыны геаграфічнай аддаленасьці партнэраў мае надзвычай высокі фізычны і маральны сабекошт.

«Жыльлёвыя праекты закрылі, ніякай сувязі не засталося»

Напярэдадні парлямэнт Вэнэсуэлы, які ад 2015 году кантралюецца апазыцыяй, абвясьціў, што прэзыдэнт «пакінуў сваю пасаду ў сілу невыкананьня сваіх абавязкаў». Найперш яму ставіцца ў віну бязьдзейнасьць у барацьбе з крызісам. Фармальна такая пастанова — непасрэдная падстава для адстаўкі кіраўніка дзяржавы, аднак Вярхоўны суд краіны абавязаў дэпутатаў спыніць працэдуру імпічмэнту, бо яна не прадугледжана Канстытуцыяй. Афіцыйна паўнамоцтвы Мадуры заканчваюцца ў 2019 годзе.

У сваю чаргу, парлямэнтары спасылаюцца на артыкул Асноўнага закону, які дапускае прызначэньне новых выбараў у выпадку прызнаньня, што прэзыдэнт «адсутнічае на пасадзе». Што і было канстатавана бальшынёй галасоў. На 23 студзеня прызначаны агульнанацыянальны «дзень непадпарадкаваньня дзейнаму рэжыму».

Нягледзячы на ўнікальныя прыродныя рэсурсы, надзвычай багатыя нетры і адны з найбольшых у сьвеце нафтагазавых радовішчаў, апошнія гады Вэнэсуэла жыве ў стане жорсткага эканамічнага крызісу. Рэгулярна паведамляецца пра недахоп прадуктаў харчаваньня і тавараў першай неабходнасьці, уведзеныя ліміты на электрычнасьць і ваду, квітнее чорны рынак і крымінал. Суседзі, перадусім Калюмбія, ледзь упраўляюцца з вэнэсуэльцамі, якія штурмуюць прымежныя крамы і запраўкі.

Каля крамы ў Каракасе
Каля крамы ў Каракасе

Заакіянскія катаклізмы непазьбежна адрэзануюць і на Беларусі — афіцыйны Менск дагэтуль называе Вэнэсуэлу адным з галоўных эканамічных і ідэалягічных партнэраў. Не ў такой колькасьці, як яшчэ гадоў дзесяць таму, але туды выпраўляюцца беларускія спэцыялісты, якія дапамагаюць узводзіць карпусы заводаў, гарадзкія мікрараёны і аграгарадкі. Але ці запатрабуецца ўсё гэта ва ўмовах маштабнага крызісу і на тле стомленасьці грамадзянаў ад неэфэктыўнай палітыкі ўласнага кіраўніцтва?

Як вынікае з афіцыйных зьвестак, у Вэнэсуэле беларусы будуюць сацыяльнае жыльлё, газыфікуюць паселішчы, здабываюць нафту, абслугоўваюць радовішчы, а таксама працуюць на прадпрыемствах, дзе зьбіраюцца трактары «Беларус», аўтамабілі МАЗ і пагрузчыкі «Амкадор». Практычна ўсе гэтыя кірункі цяпер або зусім згорнутыя, або мінімізаваныя.

Намесьнік дырэктара БелНДІ горадабудаўніцтва Юры Віньнікаў кажа, што тры апошнія гады адмыслоўцы ведамства ў Вэнэсуэле не запатрабаваныя:

«Ведаеце, я ў Вэнэсуэле ня быў дзесьці ад 2013 году. Нашы праекты пад Каракасам і ў Барынасе закрылі, і ніякіх сувязяў больш не засталося. У нас быў абʼём па жыльлю, мы сваю частку выканалі, пасьля чаго супраца спынілася. Не магу вам сказаць, як праект закрываўся юрыдычна, аднак потым паездак не было — ні я, ні мае калегі туды больш не выяжджалі. Відаць, узьніклі праблемы зь фінансаваньнем, ня ў курсе падрабязнасьцяў. Нейкае будаўніцтва яшчэ нібыта працягваецца, хоць ня ведаю, у якіх абʼёмах і дзе канкрэтна, бо ні з кім з былых партнэраў ніякіх стасункаў не падтрымліваем. На будаўнічых абʼектах падрадчыкам выступала кампанія „Белзамежбуд“. Але, зноў жа, калі зьніжаюцца абʼёмы фінансаваньня, натуральным чынам зьніжаюцца і абʼёмы будаўніцтва».

«Працы на цэлы праектны інстытут, а людзкіх рэсурсаў ніякіх»

У канцы 2000-х тагачасны лідэр Баліварыянскай рэспублікі Уга Чавэс і кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка ва ўрачыстай атмасфэры далі старт амбітнай кампаніі — перасяліць вэнэсуэльцаў з фавэлаў у сучаснае жыльлё. На першым этапе было заплянавана ўзьвесьці мільён сацыяльных кватэр, да рэалізацыі задумы падключылі беларускіх будаўнікоў і праектантаў з арганізацыі «Белзамежбуд», НДІ горадабудаўніцтва, прадпрыемства «Менскпраект» ды іншых.

Але ў сакавіку 2013-га Чавэс памёр ад анкалягічнай хваробы, а пры новым кіраўніку Нікалясу Мадуру градус беларуска-вэнэсуэльскіх адносінаў пачаў імкліва астываць. Па выніках году тавараабарот Беларусі і Вэнэсуэлы склаў усяго 14% ад узроўню 2012-га, а за наступны год гэты паказьнік абваліўся ажно ў 25 разоў — ад 1,2 мільярда даляраў да некалькіх дзясяткаў мільёнаў.

«Беларускі» квартал у Каракасе
«Беларускі» квартал у Каракасе

Зрэшты, як прызнаецца адзін зь менскіх архітэктараў, камандзіраваных у Маракай, дзе з нуля меўся вырасьці 10-тысячны пасёлак, ужо на пачатковым этапе беларуская экспансія ў рэгіён нагадвала дрэнна падрыхтаваную авантуру:

«Працы было на цэлы праектны інстытут, а рэсурсаў ніякіх. Прыцягнулі мясцовую кантору, а яны нічога зрабіць не змаглі, фактычна сарвалі працэс. Давялося тэрмінова самім даўкамплектоўвацца вэнэсуэльцамі, усё наноў перапраектоўваць. Таму проста варʼяцееш ад таго, што кіраўніцтва, якое займаецца цэнтральным мэнэджмэнтам, элемэнтарна ня ведае, якімі рэсурсамі, якімі сродкамі і ў якія тэрміны падобныя рэчы робяцца. Нейкае шапказакідальніцтва, у гэтым сэнсе поўная неразьбярыха. З аднаго боку, жылы рвеш, стараесься, а зь іншага — ня бачыш, што гэта некага хвалюе. Калі 1–2 вольныя дні на месяц выходзіць — ужо добра, а так ад 7-й раніцы да 11-й вечара, гэткі адзін суцэльны працоўны дзень. За пару гадоў стаміўся неверагодна, пэрыядычна хацелася проста зьбегчы. Каб не пачуцьцё адказнасьці...»

Дзеля справядлівасьці, праграму-мінімум выканаць удалося — да мільёна кватэраў наблізіліся акурат год таму ў Пола Нэгра. Пасьля гэтага жыльлёвая праграма з удзелам беларусаў практычна спынілася — абвал нафтавых цэнаў на ўсясьветным рынку спыніў паступленьні ў бюджэт, і сродкі на сацыяльныя праекты былі замарожаныя.

З гэтай жа прычыны няма замоваў і на газыфікацыю жылых дамоў. Прадпрыемства «Белгазбуд» укамплектавала тэхнічным абсталяваньнем 13 тысяч дамоў у Барынасе, але новы кантракт так і ня быў падпісаны. Цяпер беларускіх газавікоў у Вэнэсуэле няма.

Паралельна з жыльлём узводзіліся вытворчыя карпусы, з канвэераў пачалі сыходзіць грузавыя аўтамабілі, трактары, спэцтэхніка беларускіх марак. У адміністрацыях МАЗа, МТЗ, «Амкадора» прызнаюць, што цяпер пастаўкі камплектуючых за акіян практычна спыненыя, хоць згодна з пэрспэктыўнымі плянамі адных толькі «Беларусаў» меліся зьбіраць 5 тысяч штогод. Завод у Барынасе пакуль працуе на старых запасах — з прычыны шматузроўневай бюракратыі разабраная тэхніка месяцамі чакала сваёй чаргі. Колькасьць беларускіх «вахтавікоў» на заводзе цяпер адначасова не перавышае 10 чалавек.

«Прыходзілі грузы і па некалькі месяцаў стаялі ў кантэйнэрах»

Як кажа колішні дарадца генэральнага дырэктара МАЗу, кіраўнік Агенцтва дзелавых сувязяў Валянцін Лопан, пачыналася ўсё досыць аптымістычна — праз Вэнэсуэлу Беларусь мела выдатныя магчымасьці «заслупаваць» вялізны лацінаамэрыканскі кантынэнт. Цяпер жа амбітныя пляны пад пагрозай:

«Пры Чавэсу пэрспэктывы яшчэ праглядаліся, хоць з грашыма і тады было няпроста. А цяпер, як краіна зьбяднела, цяжка прагназаваць... Збудавалі завод, нешта рухалася, хай і са скрыпам — сыстэма кіраваньня ў Вэнэсуэле цэнтралізаваная, вялікія начальнікі ўсё вырашаюць. Прыходзілі грузы і па некалькі месяцаў стаялі ў кантэйнэрах, не было каманды „растаможыць“. Зборачная вытворчасьць — звычайная практыка для ўсясьветных кампаніяў, што легкавых, што грузавых. На новым рынку пачынаюць са зборкі, а калі бачаць добры вынік, набіраецца значная колькасьць пакупнікоў і ёсьць зацікаўленьне з боку ўладаў, паўстае пытаньне вытворчасьці. Зьяўляюцца працоўныя месцы, разьвіваецца сфэра тэхналёгіяў, кадры атрымліваюць досьвед. Звычайная дарога, якой у Вэнэсуэле пачаў ісьці той жа МАЗ. Але, бачыце, ёсьць рэчы, якія ўплываюць значна больш, чым хацелася б».

Акцыя пратэсту апазыцыі ў Каракасе, восень 2016-га
Акцыя пратэсту апазыцыі ў Каракасе, восень 2016-га

Тым часам зайшлі ў тупік некалькі сумесных праектаў з прыцягненьнем адмыслоўцаў абʼяднаньня «Белпалівагаз». Цягам папярэдніх гадоў у Вэнэсуэлу пастаўлялі абсталяваньне для пераводу аўтамабіляў з бэнзіну на газ, навучалі мясцовых спэцыялістаў. Цяпер засталіся некалькі кансультантаў, якія рыхтуюць кадры абслугоўваць будучы газаправод.

Але падобна, што і яны неўзабаве вернуцца на радзіму: праект будоўлі больш як 200-кілямэтровай ніткі газаправоду Баркісімета-Барынас пакладзены ў шуфляду. Распачаць працы меркавалася яшчэ ў 2014 годзе, было створана прадпрыемства «Вэнэсуэлагазбуд С.А.», але фінансаваньня хапіла толькі на падрыхтоўку дакумэнтацыі.

Неакрэсьлена выглядае будучыня і ў галіне, якая на зары супрацоўніцтва падавалася ці ня самай пэрспэктыўнай — нафтавай. У 2010-м на тле чарговага канфлікту з Масквой увесь сьвет абмяркоўваў лягістычны экспэрымэнт Менску і Каракаса, варты Кнігі рэкордаў Гінэса, — 80 тысяч тон вэнэсуэльскай нафты больш за месяц спачатку плылі танкерам праз акіян, а потым у 1300 цыстэрнах ехалі чыгункай да Мазыра, каб забясьпечыць некалькі дзён працы мясцоваму перапрацоўчаму заводу.

Праўда, пасьля некалькіх ходак было вырашана зьмяніць стратэгію і дапусьціць Беларусь да радовішчаў «чорнага золата» ў Вэнэсуэле. Але створанае пад нафтагазаздабычу сумеснае прадпрыемства «Пэтралера БелВэнэсаляна» ад 2007 году замест 7 мільёнаў тон нафты штогод, як плянавалася, здабывае толькі мільён. У параўнаньні з тым, што перапрацоўваюць беларускія НПЗ з расейскай сыравіны, гэта мізэр. Аналягічная гісторыя і з прыродным газам — менш за 1 мільярд кубамэтраў на год.

Нацыянальная эканоміка Вэнэсуэлы больш як на 90% залежыць ад продажу энэргарэсурсаў. Нягледзячы на найбагацейшыя запасы нафты, краіна фактычна засталася бязь зьнешняга падсілкоўваньня — 50 даляраў за барэль (плюс-мінус ваганьні) для спэцыфічна «цяжкога» гатунку нафты занадта мала. На тле падзеяў на нафтавым рынку прэзыдэнт Мадура падкрэсьліваў, што справядлівы кошт — 100 даляраў. Але аналітыкі падлічылі, што насамрэч краіне для забесьпячэньня бюджэтнага балянсу патрэбная лічба ў 130 даляраў, а гэта ў агляднай пэрспэктыве наўрад ці рэальна.

Паводле ацэнак, пры зьніжэньні цэнаў на нафту ўсяго на 1 даляр бюджэт губляе 700 мільёнаў даляраў. Пустая казна ўжо справакавала самую высокую ў сьвеце інфляцыю, а за ёй — і ланцужок наступстваў: зьбядненьне насельніцтва, паніку на таварным рынку, турэмны перасьлед спэкулянтаў і тых, хто намагаецца затарыцца ў запас.

Сёньня няма ніякіх сыстэматызаваных зьвестак, колькі беларусаў жыве і працуе ў Вэнэсуэле. У лепшыя часы, калі актыўна вяліся будаўнічыя працы, у афіцыйных крыніцах фігуравала неакрэсьленая інфармацыя пра «некалькі тысяч» кантрактнікаў — пераважна будаўнікоў, інжынэраў, архітэктараў, а таксама адмыслоўцаў газавай і нафтавай галіны. Цяпер туды камандзіруюцца збольшага кантралёры ды кансультанты, якія забясьпечваюць функцыянаваньне абсталяваньня, вытворчых канвэераў, праводзяць навучаньне пэрсаналу і г.д.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG