Лінкі ўнівэрсальнага доступу

15 фактаў пра 15 гадоў часопіса «Дзеяслоў»


Галоўны рэдактар «Дзеяслова» Барыс Пятровіч зь першым нумарам «Дзеяслова»
Галоўны рэдактар «Дзеяслова» Барыс Пятровіч зь першым нумарам «Дзеяслова»

Пятнаццаць гадоў у Беларусі існуе незалежная пляцоўка, дзе кожны можа чытаць найлепшыя мастацкія творы сучаснай беларускай літаратуры, крытыку, пераклады і нон-фікшн — літаратурна-мастацкі часопіс «Дзеяслоў». Вось некалькі фактаў зь біяграфіі выданьня.

1. На першай прэзэнтацыі было прададзена 130 асобнікаў

Упершыню часопіс паказалі публіцы 23 верасьня 2002 году, падчас зьезду Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. Тады адбывалася жорсткае супрацьстаяньне кансэрватыўнай і дэмакратычнай «партый» пісьменьнікаў на чале з Уладзімерам Ліпскім і Вольгай Іпатавай адпаведна. Незадоўга да таго, увесну, былі разагнаныя рэдакцыі літаратурна-мастацкіх выданьняў «ЛіМ», «Полымя», «Маладосць» і «Нёман», заснавальнікам якіх быў Саюз пісьменьнікаў. Рэдакцыі аб’ядналі ў дзяржаўны холдынг пад кіраўніцтвам дэпутата парлямэнту Сяргея Касьцяна. Прэзэнтацыя новага, незалежнага ад улады «Дзеяслова» істотна ўмацавала пазыцыі дэмакратычнай часткі літаратараў на зьезьдзе. Кандыдатуры старшыні Ўладзімера Ліпскага і рады саюзу зь Міколам Мятліцкім, Міхаілам Пазьняковым, Мікалаем Чаргінцом праваліліся на выбарах.

2. Месца выданьня першага нумару — Вільня

Часопіс доўгі час ня мог прайсьці рэгістрацыю ў Беларусі, таму на апошняй старонцы першага нумару можна прачытаць: «Надрукавана ў друкарні АТ „Vilspa“, г. Вільня, Літва».

Вільня з вышыні птушынага палёту
Вільня з вышыні птушынага палёту

3. Тут друкаваліся ўсе ляўрэаты прэміі Гедройця

Раман «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» Уладзімера Някляева, аповесьці, якія склалі кнігу «Хвілінка» Ігара Бабкова, і кніга «Час зьбіраць косьці» Віктара Казько да асобнага выданьня былі цалкам апублікаваныя ў часопісе «Дзеяслоў». Ляўрэаты Гедройця Павал Касьцюкевіч і Макс Шчур — таксама сталыя аўтары выданьня.

4. Выкінуты зь «Белсаюздруку» за публікацыю твораў Быкава

Да публікацыі аповесьці Васіля Быкава «Афганец» і апавяданьня «Бутэльчына, альбо Прэзыдэнт на дрэве» часопіс «Дзеяслоў» вольна прадаваўся празь сетку «Белсаюздруку» і ў многіх кніжных крамах. Аднак неўзабаве пасьля выхаду пасьмяротнай спадчыны Быкава часопіс стаў там непажаданы. Забарона гэтая дзейнічае і сёньня, у 2017 годзе.

5. Цягам сямі гадоў ужываў свой варыянт правапісу беларускай мовы

У 2002–2009 гадах «Дзеяслоў» выходзіў на распрацаваным рэдакцыяй унікальным варыянце правапісу беларускай мовы, які стаў вядомы як «дзеясловіца». Рэдакцыя прапанавала грамадзтву кампрамісны, прамежкавы варыянт паміж клясычнай «тарашкевіцай» і афіцыйнай «нармаванкай»: перадаваць на пісьме асыміляцыйную мяккасьць пры адсутнасьці мадыфікацый у запазычаных словах. Пытаньне правапісу шумна дыскутавалася ў 1990-я і 2000-я гады, бо ішла праца з новай рэдакцыяй правапісу беларускай мовы. З прыняцьцем яе ў 2008 годзе выданьні абавязваліся перайсьці на адзіны ўнармаваны варыянт, на што ўрэшце і пагадзіўся «Дзеяслоў». Такі самы крок зрабіла і газэта «Наша Ніва».

6. Лілія Ананіч тройчы адмаўляла «Дзеяслову» ў рэгістрацыі

Зарэгістраваць новае выданьне ва ўмовах, калі разганяліся рэдакцыі літаратурных часопісаў, было надзвычай складана. Літаратары ў 2002 годзе былі на пастаянным кантролі ўлады, і чыноўнікі, у асобе тагачаснай намесьніцы міністра інфармацыі Ліліі Ананіч, паводзілі сябе надзвычай жорстка. На чацьвёрты раз Міхаіл Падгайны, у апошні дзень працы старшынём Дзяржаўнага камітэту друку, падпісаў заяву на рэгістрацыю новага літаратурна-мастацкага выданьня.

Лілія Ананіч, архіўнае фота
Лілія Ананіч, архіўнае фота

7. 15 гадоў стабільна зьяўляецца раз на два месяцы

За паўтара дзясятка гадоў, пры самых розных і самых цяжкіх сытуацыях, «Дзеяслоў», у адрозьненьне ад іншых беларускіх выданьняў, ніколі не рабіў перапынкаў у працы ці здвоеных нумароў. Часопіс стабільна зьяўляўся з друкарні шэсьць разоў на год. Да 15-годзьдзя выйшаў юбілейны, 90-ы раз.

8. Адзіны ў Беларусі мае сваю рэгулярную кніжную сэрыю

У сэрыі выходзілі невядомыя творы Васіля Быкава, мэмуары Анатоля Кудраўца, эсэ Аляксандра Лукашука. Дэбютныя кнігі Галіны Дубянецкай, Анатоля Івашчанкі, Сяргея Прылуцкага, Усевалада Сьцебуракі, Віктара Шалкевіча выйшлі менавіта тут. Асаблівай для беларускай літаратуры сталася першая і адзіная пакуль кніга Галіны Дубянецкай «Анадыямэна». Паэтка некалькі дзесяцігодзьдзяў адмаўлялася выдаваць свае вершы асобнай кнігай і зрабіла выключэньне толькі для «Дзеяслова». Адмыслова для рэдакцыі выбітная перакладчыца Вера Рыч перастварыла на ангельскую мову зборнік вершаў Тацяны Сапач «Няхай не пакіне нас Восень», які выйшаў у фармаце білінгвы. Агулам сэрыя «Бібліятэчка часопіса «Дзеяслоў» сёньня складаецца з 20 кніг.

9. Мае падшыўку ў 27 000 старонак

Першыя нумары «Дзеяслова» выходзілі на 256 старонках. Пазьней часопіс істотна «патаўсьцеў» — да 300 і нават 330. Агулам поўная падшыўка выданьня цяпер налічвае каля 27 000 старонак.

10. Меў выключнае права на публікацыю народных паэтаў і пісьменьнікаў

Пасьля разгрому літаратурных рэдакцый і заснаваньня дзяржаўнага холдынгу ў 2002 годзе народныя паэты і пісьменьнікі Рыгор Барадулін, Янка Брыль і Ніл Гілевіч забралі з усіх рэдакцыйных партфэляў свае тэксты і цягам наступных гадоў прынцыпова друкавалі свае новыя творы толькі ў «Дзеяслове».

11. Выданьне — справа адзінак

За 15 гадоў існаваньня склад рэдакцыі ніколі не перасягаў чатырох чалавек. Цяпер над тэкстамі кожнага нумару ўшчыльную працуюць Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Анатоль Івашчанка і Андрэй Федарэнка.

Паэт Анатоль Івашчанка прэзэнтуе новы нумар часопіса «Дзеяслоў». Здымак Дзяніса Раманюка
Паэт Анатоль Івашчанка прэзэнтуе новы нумар часопіса «Дзеяслоў». Здымак Дзяніса Раманюка

12. Надрукаваў нявыдадзеную кнігу Сьвятланы Алексіевіч

У самым першым нумары часопіса ў перакладзе Барыса Пятровіча надрукаваныя два аповеды з кнігі Сьвятланы Алексіевіч «Чароўны алень вечных ловаў». За пятнаццаць гадоў, якія прайшлі з часу публікацыі, Алексіевіч атрымала цэлы шэраг прэстыжных узнагародаў, у тым ліку і Нобэлеўскую прэмію ў галіне літаратуры, аднак кніга пра каханьне, неаднаразова анансаваная ёю ў інтэрвію, пакуль што даступная нашаму чытачу толькі ў «Дзеяслове».

13. Задумваўся як моладзевы часопіс

У 2002 годзе рыхтаваліся да выхаду два незалежныя літаратурныя часопісы. Часопіс для літаратурных старэйшын «Ток» ачоліў звольнены з «Полымя» галоўны рэдактар Сяргей Законьнікаў. «Дзеяслоў» меркаваўся часопісам для маладых аўтараў. Ніводнага нумару часопіса «Ток» так і не ўдалося выдаць, і «Дзеяслоў» стаў больш унівэрсальным выданьнем, дзе знаходзілася месца і дэбютантам, і народным пісьменьнікам.

14. Узнагароджвае ўласнай літаратурнай прэміяй

Прэмія «Залаты апостраф» за найлепшую публікацыю ў «Дзеяслове» зьявілася ў 2003 годзе. На той час гэта была адна зь вельмі нешматлікіх незалежных літаратурных узнагародаў. Першым яе ляўрэатам стаў Васіль Быкаў (пасьмяротна). За 14 гадоў існаваньня ў трох намінацыях (паэзія, проза, дэбют) яе атрымлівалі Ўладзімер Арлоў і Алесь Разанаў, Андрэй Хадановіч і Кастусь Тарасаў, Сяргей Дубавец і Леанід Галубовіч, і многія іншыя. За ўсю гісторыю прэміі двойчы ўзнагароджваліся «Залатым апострафам» толькі двое: Уладзімер Някляеў і Віталь Рыжкоў.

15. Прэзэнтаваўся пад дрэвам

За час свайго існаваньня «Дзеяслоў» правёў сотні прэзэнтацый у самых розных кутках Беларусі. На самым пачатку часопіс сустракалі вельмі прыхільна, аднак неўзабаве выданьнем зацікавіліся спэцслужбы. Так, падчас адной з прэзэнтацый у Віцебску, у першыя гады існаваньня часопіса, за кніжным стэляжом знайшоўся супрацоўнік, які запісваў усе выступы на стацыянарны магнітафон. Наведваліся на імпрэзы і правакатары. Потым пачаліся забароны. Быў выпадак, калі рэдакцыя «Дзеяслова» разам з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам мелася выступаць у Гомлі, аднак сустрэчу забаранілі літаральна за некалькі гадзін да пачатку. Але госьці не разгубіліся і правялі імпрэзу ў дворыку ўнівэрсытэту, пад шатамі дрэваў, пры вялікім зборы студэнтаў і выкладчыкаў.

1 лістапада ў менскім клюбе «Грай» (Інтэрнацыянальная вул., 33) часопіс «Дзеяслоў» адсьвяткуе сваё 15-годзьдзе. Пачатак а 18:30.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG