Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў закон аб «дыктатуры тэхналёгіяў» у сельскай гаспадарцы


Кадар зь фільму «Тэрмінатар-3», ілюстрацыйнае фота
Кадар зь фільму «Тэрмінатар-3», ілюстрацыйнае фота

На рэспубліканскім сэмінары-нарадзе аб разьвіцьці сяла 3 красавіка Аляксандар Лукашэнка анансаваў заканадаўчы акт, які ўкарэніць «дыктатуру тэхналёгіяў».

«Кажаце, што патрэбна дыктатура тэхналёгіяў? Яна будзе, — прыводзіць словы Аляксандра Лукашэнкі ягоная прэс-служба. — У форме заканадаўчага акту. І такі заканадаўчы акт ураду трэба падрыхтаваць. І адказнасьць за рэалізацыю кожнага яго палажэньня.

Калі вы скажаце, што гэта не па-рынкаваму, я вам скажу: вой як па-рынкаваму! Таму што дзяржава адказвае за урадлівасьць зямлі, перш за ўсё ў сельскай гаспадарцы. У сельскай гаспадарцы галоўная задача дзяржавы і ўсіх вас — урадлівасьць зямлі"».

Таксама на нарадзе Лукашэнка заявіў, што паставіў навукоўцам задачу стварыць навукова-практычныя цэнтры ў аграрнай сфэры, каб кантраляваць выкананьне тэхналёгіяў вытворчасьці на сельскіх прадпрыемствах; таксама паставіў задачу павысіць дзяржаўную падтрымку некамэрцыйных сэктараў аграпрамысловага комплексу; даручыў ураду «выпрацаваць дзейны мэханізм» рэалізацыі ідэі «вёсак будучыні»; запатрабаваў падвышэньня надояў малака і стварэньня «арыгінальных» відаў харчовых прадуктаў у сфэры глыбокай перапрацоўкі сыравіны; выказаў прапанову набіраць у аграрныя ВНУ «абітурыентаў, знаёмых зь сельскім ладам жыцьця».

У сакавіку Лукашэнка адзначаў, што цяпер пасяўная кампанія ня мусіць выклікаць «сумневаў ці цяжкасьцяў», як некалі, і што цяпер не патрэбна вялікая мабілізацыя людзей. Але ў мінулым верасьні ён казаў, што 2018-ы будзе «галоўным годам» для беларускай сельскай гаспадаркі.

Сёлета ў беларускай міліцыі зьявяцца спэцыяльныя групы нагляду за пасяўной і станам тэхнікі – як летась былі групы нагляду за ўборачнай.

Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на камбайне падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую і Віцебскую вобласьці
Аляксандар Лукашэнка з сынам Мікалаем на камбайне падчас працоўнай паездкі ў Магілёўскую і Віцебскую вобласьці

Мінулым летам стала відавочна, што праз надвор’е ўборка збожжавых можа зацягнуцца, а ўраджайнасьць — скараціцца. Жніво стала практычна «бітвай за ўраджай».

Лукашэнка зьмяніў прызначаную Кабяковым дату завяршэньня ўборачнай на 7 лістапада, але дату «правалілі» — хоць зьбіраць ураджай накіравалі нават вайскоўцаў (але за прымусовую ўборку лёну ўрэшце звольнілі некалькі чыноўнікаў).

Пасьля Лукашэнка абураўся, што міністры і «губэрнатары» давалі яму фальшывыя зьвесткі пра вынікі ўборачнай кампаніі. Праблемы былі і тэхнічныя: паводле Дзяржкантролю, у чвэрці гаспадарак камбайны былі не гатовыя да збору ўраджаю. Лукашэнка даручыў міліцыі і КДК дакладаць яму асабіста, калі ламаюцца гарантыйныя камбайны.

Як робаты руйнуюць Беларусь, — піша Дзьмітры Гурневіч

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG