Міліцыянты разам з супрацоўнікамі тэрытарыяльных інспэкцыяў у наглядзе за тэхнічным станам машынаў да пачатку пасяўной кампаніі правераць усе мэханізаваныя двары, сьцьвярджае Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі.
Як кажа прадстаўнік галоўнага ўпраўленьня барацьбы з эканамічнымі злачынствамі МУС Аляксандар Пагонскі, спэцыяльныя групы будуць працаваць дзеля «выяўленьня фактаў безгаспадарчасьці і бязьдзеяньня службовых асобаў», адказных за работы ў полі, і «прадухіленьня злачынных пасяганьняў на таварна-матэрыяльныя каштоўнасьці» гаспадарак.
Спачатку міліцыянты і інспэктары атрымаюць ад мясцовых уладаў зьвесткі аб наяўнасьці і спраўнасьці сельскагаспадарчай тэхнікі, а пасьля правераць, ці праўда гэта — і калі выявяць разукамплектаваньне або няспраўнасьць машынаў, выставяць кіраўнікам гаспадарак прадпісаньні і пракантралююць выпраўленьне парушэньняў. Падчас пасяўной спэцыяльныя групы правераць расход бюджэтных сродкаў прадпрыемствамі.
Сілавікі будуць правяраць у тым ліку «сумнеўныя» ўгоды па набыцьці насеньня, забясьпечваць захаванасьць мінэральных угнаеньняў, сродкаў абароны расьлінаў, паліўна-змазачных матэрыялаў. Таксама яны будуць прадухіляць разборку тэхнікі, якая падлягае рамонту.
У час мінулай пасяўной падобная дзейнасьць праваахоўнікаў, сьцьвярджае МУС, дапамагла выявіць 39 злачынстваў, складазена 7соцень адміністрацыйных пратаколаў. Летась у Беларусі на ўборку ўраджаю таксама накіроўвалі вайскоўцаў.
Аляксандар Лукашэнка адзначаў 16 сакавіка, што цяпер пасяўная кампанія ня мусіць выклікаць «сумневаў ці цяжкасьцяў», як некалі, і што цяпер не патрэбна вялікая мабілізацыя людзей.
Мінулым летам стала відавочна, што праз надвор’е ўборка збожжавых можа зацягнуцца, а ўраджайнасьць — скараціцца. Жніво стала практычна «бітвай за ўраджай».
Лукашэнка зьмяніў прызначаную Кабяковым дату завяршэньня ўборачнай на 7 лістапада, але дату «правалілі» — хоць зьбіраць ураджай накіравалі нават вайскоўцаў (але за прымусовую ўборку лёну ўрэшце звольнілі некалькі чыноўнікаў). Пасьля Лукашэнка абураўся, што міністры і «губэрнатары» давалі яму фальшывыя зьвесткі пра вынікі ўборачнай кампаніі. Праблемы былі і тэхнічныя: паводле Дзяржкантролю, у чвэрці гаспадарак камбайны былі негатовыя да збору ўраджаю. Лукашэнка даручыў міліцыі і КДК дакладаць яму асабіста, калі ламаюцца гарантыйныя камбайны.