Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Парадыяваў Брэжнева, не любіў Броўку. 20 нечаканых фактаў пра Міхала Дубянецкага


Міхал Дубянецкі
Міхал Дубянецкі

4 сакавіка — 90 гадоў Міхалу Дубянецкаму

Легендарны дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура», які ў абыход савецкай цэнзуры выдаў факсымільны зборнік Максіма Багдановіча «Вянок», аповесьць Васіля Быкава «Мёртвым не баліць» і раман Уладзімера Караткевіча «Нельга забыць»...

Пра сябе ён пісаў: «я... зарабляю свае інфаркты тым, што вырываю ў цэнзуры такія вось каштоўныя творы і публікую, каб народ іх чытаў як мага раней. Я гэта рабіў, раблю цяпер і буду рабіць. Я ў гэтым не зьмянюся».

Міхал Дубянецкі. 1957 г.
Міхал Дубянецкі. 1957 г.

1. Заступаўся ў 1939 годзе за пакрыўджаных палякаў

Брат Станіслаў успамінаў, што пасьля ўзьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі зь іхнае вёскі Востраў выехалі амаль усе палякі. Засталася адна старая хворая полька. Хлопцы сьмяяліся зь яе. Міхал абураўся. Аднойчы ён сабраў вялікі букет (кветкі любіў змалку, дома высаджваў цэлыя клюмбы) і падарыў гэтай жанчыне. «Вось вам сонечныя кветкі!» — сказаў ён. «Гэта вы як сонца!» — адказала расчуленая кабета.

Маці — Марыя Міхайлаўна
Маці — Марыя Міхайлаўна

2. Па суботах дапамагаў прававерным габрэям

Па словах дачкі Галіны, яе тата, калі вучыўся ў школе (гэта было яшчэ да 1939 г.), сядзеў за адной партай з габрэйскай дзяўчынкай Хавай. Кожную суботу мама Міхала казала сыну: «Схадзі да Хавы, запытай, што было зададзена». Хлопчык прыходзіў да аднаклясьніцы, як быццам даведацца пра ўрокі, але папраўдзе дапамагаў яе бацькам па гаспадарцы.

Бацька Хведар Ігнатавіч з унукамі Колем і Аленай (дзеці сястры Міхала Дубянецкага Марыі). 1960-я гг.
Бацька Хведар Ігнатавіч з унукамі Колем і Аленай (дзеці сястры Міхала Дубянецкага Марыі). 1960-я гг.

3. Крытычна выказваўся пра духоўную блізкасьць Беларусі і Расеі

«...шмат хто імкнецца карміць нас думкаю пра нашую быццам усебаковую блізкасьць да „вялікага ўсходняга брата“ і ледзь ня кроўную роднасьць зь ім. Мы ня хочам гэтай блізкасьці! Марныя іх намаганьні „адарваць“ нас ад балтаў і готаў. Няхай скажуць нам дзякуй, што мы ім далі сьвятло навукі, аддавалі на працягу стагоддзяў сваіх Дастаеўскіх, Глінкаў, Някрасавых, Твардоўскіх, Гагарыных, Церашковых. Што мы іх навучылі і кнігі пісаць, і кнігі друкаваць, і палацы і храмы будаваць, і законы пісаць...»

4. Называў Пушкіна «апалягетам крывавага расейскага каляніялізму»

«Пушкін (...) — таленавіты афрыканец, які дакучліва, дзе трэба і ня трэба, дэманструючы сваю „рускасьць“, сапраўды высока ўзьнёс і рускую паэзію, і рускае слова, і рускую мову. Але ж не забывайма, што адначасна паказаў сябе і махровым манархістам, і перакананым апалягетам крывавага расейскага каляніялізму, і зацятым ворагам нацыянальна-вызваленчых рухаў і антыфэадальных рэвалюцыяў».

Міхал Дубянецкі зь сямʼёй: жонкай Марыяй, дочкамі Галінай і Ірынай, бацькам Хведарам Ігнатавічам і цёшчай Агапай Хведараўнай. 4.08.1968 г.
Міхал Дубянецкі зь сямʼёй: жонкай Марыяй, дочкамі Галінай і Ірынай, бацькам Хведарам Ігнатавічам і цёшчай Агапай Хведараўнай. 4.08.1968 г.

5. Шкадаваў, што беларуская літаратура не такая свабодная і раскаваная, як расейская

«...дачытаў аповесьць Канстанціна Лазінскага „Анэкдот пра газон“. (...) Твор (...) вельмі сучасны. (...) Лазінскі вывеў ледзь не тыповага цяперашняга маладога інтэлігента. Але ж яго нармальная раскаванасьць, свабода мысьленьня — ня ўпісваецца ў кодэкс „станоўчага героя“, які навязваецца цяпер савецкай літаратурай. (...) Аўтар — масквіч. А гэтая акалічнасьць ня дасьць мне прыняць яе да выданьня, таму, што надта багата пыліцца ў шафах рукапісаў сваіх аўтараў. Хоць, вядома, сярод гэтых рукапісаў мала такога ўзроўню, як аповесьць К. Лазінскага. Шкада!»

Міхал Дубянецкі выступае сярод пісьменьнікаў: Ніл Гілевіч, Максім Лужанін, Васіль Зуёнак, Барыс Сачанка, Рыгор Барадулін. Сярэдзіна 1980-х
Міхал Дубянецкі выступае сярод пісьменьнікаў: Ніл Гілевіч, Максім Лужанін, Васіль Зуёнак, Барыс Сачанка, Рыгор Барадулін. Сярэдзіна 1980-х

6. Марыў, каб беларускія пісьменьнікі ў знак пратэсту супраць цэнзуры перасталі публікавацца

«Пачаліся б угаворы, пагрозы. Пісьменьнікаў цягалі б і ў адны органы (партыйныя) і ў другія (кадэбэ). Вось тады нарадзілася б нешта накшталт польскай „Салідарнасьці“. Улады „прынялі б“ пісьменьніцкі ўльтыматум і некаторы час друкавалі б праўдзівыя творы. Хоць гэты час быў бы нядоўгі, але ён пакінуў бы сьлед ачышчальнай і жыцьцесьцьвярджальнай навальніцы. Аднак, ведаючы „расстаноўку сілаў“ у Саюзе пісьменьнікаў (...) можна сказаць сьмела (...) пабаяцца... Але зусім крыўднае і непрыемнае насоўваецца падазрэньне, што нават калі б маўклівы і ў выніку пераможны пратэст адбыўся, шуфляды аказаліся б... пустыя! Не было б чаго друкаваць!»

Сярод кніг
Сярод кніг

7. Пасівеў пасьля сьмерці Ўладзімера Караткевіча

Па словах дачкі Галіны, у бацькі, калі той вярнуўся з пахаваньня Караткевіча, паболела сівізны і пасівелі скроні. У сваім дзёньніку запісаў: «Пасьля могілак прыехаў дадому. Ня ведаю, за што ўзяцца, што рабіць. Пачынаецца эпоха без Караткевіча. У душы пустэча. Адчуваю, што яна да нейкага часу будзе разрастацца ўва мне».

8. Не хацеў, каб Ніл Гілевіч узначальваў БНФ

Дубянецкі лічыў, што БНФ павінна ўзначаліць вядомая асоба. Па словах Зянона Пазьняка: «Мы сышліся на асобе Быкава. (...) Быкаў прыхільна паставіўся да нашай ідэі, але лагодна адмаўляўся (...) мы з Дубянецкім перабіралі магчымыя кандыдатуры. І аказалася, што справа дрэнь: вядомых шмат, ды ўсе „савецкія“. — А што, калі Гілевіча? — кажу я, — патрыёт, за мову змагаецца. Дубянецкі замаўчаў і стаў разглядаць кусты кізільніка (...). Нарэшце пайшлі да Гілевіча. — Гіблая справа, — кажа Дубянецкі. — Калі ня згодзіцца? — пытаю. — Калі згодзіцца, — адказвае Міхась Хведаравіч. (...) Ніл Сымонавіч зацікавіўся і крыху ўсхваляваўся. Пачаў задаваць пытаньні. А як, а што, а ці ведае ЦК (ух!), а можа, трэба пагаварыць з Краўчанкам (cакратар Менскага гаркаму КПБ па ідэалёгіі)... Нарэшце Ніл Сымонавіч цьвёрда адмовіўся...»

Плянёрка ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». 1980-я гг.
Плянёрка ў выдавецтве «Мастацкая літаратура». 1980-я гг.

9. Настолькі любіў сваіх супрацоўнікаў, што мог дазволіць ім выпіць у працоўны час

Па ўспамінах Леаніда Дранько-Майсюка: «Міхась Фёдаравіч вельмі любіў сваіх супрацоўнікаў. І вось аднойчы Дубянецкі сустрэў Рыгора Яўсеева, цудоўнага паэта-сатырыка, які працаваў у выдавецтве рэдактарам і, скажам шчыра, любіў чарку. Міхась Фёдаравіч убачыў, што менавіта а 8 гадзіне раніцы Рыгору Яўсееву трэба выпіць 50 грамаў. Ён падышоў да Рыгора, даў яму ключ ад сваёй кватэры і сказаў: «Рыгорачка, зайдзі далікатненька да мяне, там на бальконе стаіць... Усё не бяры, але выпі грамаў 100, і я праз паўгадзіны чакаю цябе на рабоце».

Пасяджэньне рэдакцыйнай рады ў БелСЭ. Першы зьлева — Міхал Дубянецкі. 1970-я гг.
Пасяджэньне рэдакцыйнай рады ў БелСЭ. Першы зьлева — Міхал Дубянецкі. 1970-я гг.

10. Скептычна ставіўся да адкрыцьця Літаратурнага музэю імя Петруся Броўкі

«...адкрыцьцё Літаратурнага музэю Петруся Броўкі. Вось каго ўжо песьцілі „партыя і ўрад“. Узьнялі да найвышэйшых годнасьцяў ня толькі БССР, але і СССР — і ў літаратуры (!), і ў навуцы (!), і ў партыі, і ў дзяржаўным апараце. А ён жа не раўня Караткевічу. Памёр гэты Пятрусь, і яго ўжо ніхто і не ўспамінае. Пуставаць наканавана ягонаму музэю...»

11. Будучы камуністам, хаваў сваіх родных па ўсіх рэлігійных канонах

«Ня так даўно (у 1978. — В. Дэ Эм.) мы пахавалі майго брата Рыгора — паводле самых высокіх патрабаваньняў нашай рэлігіі. Рэлігіі, свабоднай ад камуністычнага прыгнёту. (...) Мы правялі працэсію з харугвамі, са сьвечкамі і з рэлігійнымі сьпевамі. (...) я сустрэўся з высакародзтвам, так сказаць, масавым: у вышэйшыя інстанцыі не паступіў данос ні на мяне, ні на маіх брата Станіслава (у той час працаваў у Брэсцкім абкаме КПБ) і сястру Веру (была выкладчыцай тэхнікуму ў Гомелі) наконт гэтага пахаваньня. А столькі ж сьведак было там!»

Міхал Дубянецкі на працы. 1980-я гг.
Міхал Дубянецкі на працы. 1980-я гг.

12. Быў занепакоены антыкаталіцкімі выказваньнямі Філарэта

«Новы праваслаўны мітрапаліт Менскі і Беларускі Філарэт песьціць ужо надзею ўзначаліць і каталіцкую царкву на Беларусі. Так і сказаў ён: „Пошто они требуют своего епископа? Я могу быть и им епископом...“ Да гэтага дапусьціць нельга. Гэтая задума, ведаючы Філарэта, вельмі далёкая ад прагрэсіўнай ідэі экумэнізацыі. Гэта шлях да зьнішчэньня каталіцтва на Беларусі, гэта дапамога ўраду ў спыненьні ўплыву Ватыкану на Беларусь».

13. Быў расчараваны ад сустрэчы зь легендарным ксяндзом Уладзіславам Чарняўскім

«Я так доўга імкнуўся да гэтага чалавека, а сустрэўшыся зь ім — расчараваўся. (...) Айцец Уладзіслаў проста бравіраваў сваёй антыпольскасьцю. (...) ён сьцьвярджае, апалячаныя прэлаты, дэканы і ксяндзы літаральна перасьледуюць кс. Чарняўскага якраз за беларускасьць. Добра, што ён за беларусізацыю каталіцтва на Беларусі. (...) Якраз гэтым шляхам і трэба ісьці... Але ж не разьдзімаць варожасьці да ўсяго польскага!»

У санаторыі «Аксакаўшчына», 1985 г.
У санаторыі «Аксакаўшчына», 1985 г.

14. Выступаў супраць таго, каб мазаць чорна-белай фарбай і бальшавікоў, і нацыянальна сьвядомых

«Наўрад ці можна паказаць хоць аднаго безумоўнага „чыстакроўку“-нацыянала ці чыстакроўнага бальшавіка. І ў тых, і ў тых трапляюцца ўчынкі, спрэчныя зь іх характарам. І будзе зусім правільным, калі мы навучымся дараваць патрыётам іх выпадковы бальшавізм (яны самі яго адпакутуюць) і дзякаваць бальшавікам за іх сьвядомыя ці выпадковыя паслугі нацыянальнай справе».

15. Лічыў, што беларускі фальклёр у канцлягеры

«Вось якія ў нас справы з нашым фальклёрам! Ён — у канцлягеры! Асабліва паўднёва-заходні, які зусім не падобны на літаратурную беларускую мову. Быццам бы час ад часу езьдзяць туды „навукоўцы“, запісваюць. Цяпер мы высьветлілі, што ўсе мелі каманду „абеларушваць“ запісы і расшыфроўкі для публікацыі. У публікацыях ужо зусім не пазнаеш арыгінальнага фальклёру!»

Міхал Дубянецкі чытае «Вячэрні Мінск». Сярэдзіна 1980-х гг.
Міхал Дубянецкі чытае «Вячэрні Мінск». Сярэдзіна 1980-х гг.

16. Браў на сябе ролю генсека

У застойныя часы любіў з дачкой Ірынай наладжваць тэатралізаваныя дэбаты, дзе ён зазвычай выконваў ролю Леаніда Брэжнева, а Ірына — Рэйгана альбо якога іншага амэрыканскага прэзыдэнта. Перамагала звычайна дачка.

17. Каб пайсьці пастрыгчыся, пераадольваў супраціў дачкі

Па словах Галіны, яна вельмі не любіла, калі яе бацька, які меў добрыя, пышныя валасы, хадзіў у цырульню. Рабіў ён гэта толькі тады, калі яго выклікалі дзеля чарговай вымовы, у ЦК. Галіна ўспамінае:

«Аднаго разу (мне было 16 гадоў) я затуліла сабой дзьверы і не пусьціла бацьку. Тата пачаў са мной „дыпляматычныя“ перамовы. „Пушчу цябе толькі праз выкуп“. — „Які выкуп?“ — „Купіш мне ў ГУМе са зваротнай дарогі з ЦК цацку — сінюю рыбу“. Бацька стрымаў абяцаньне: вечарам у мяне была рыба, якую я назвала Джульетай».

Абмеркаваньне чарговага выпуску энцыкляпэдыі «Беларуская ССР». Другі справа Міхал Дубянецкі. 1970-я гг.
Абмеркаваньне чарговага выпуску энцыкляпэдыі «Беларуская ССР». Другі справа Міхал Дубянецкі. 1970-я гг.

18. Украінцы і літоўцы зайздросьцілі беларусам, што ў іх ёсьць Дубянецкі

«Літоўскія пісьменьнікі і выдаўцы здабытае мной у такой зацятай барацьбе называюць беларускім рэнэсансам, эфэктам Дубянецкага. (...) украінцы нядаўна яшчэ праводзілі аналягічную паралель. (...) адзін зь іх горача і з зайздрасьцю сказаў: «Дык у вас жа не ўкраінскае выдавецтва, а „Новый мир“ пэрыяду Твардоўскага, вам лягчэй!»

19. Лічыў, што пакута — наш пастаянны жыцьцёвы стан

«Нейкае грамадзтва пакутнікаў! Дзяржава пакутуе ад свайго няўменьня, няздольнасьці наладзіць справу. А яшчэ больш яна „пакутуе“ маральна, бо гэтая яе няздольнасьць нараджае „капіталістычны“ элемэнт прыватніка. „Прыватнік“ пакутуе ад пастаяннага прыгнёту з боку дзяржавы. Пакутуе ён і маральна, што варункі вымушаюць яго абдзіраць свайго гаротнага бліжняга. А гэты „бліжні“ толькі і ведае ў сваім жыцьці, што пакутаваць. Пакута — яго пастаянны жыцьцёвы стан!».

20. Яго так любіў уласны кот, што цэлымі днямі ня злазіў з карку

Па ўспамінах Галіны: «Звычайна тата сядзеў за сталом, працаваў ці проста чытаў, а сіямскі кот Тошка быў нязьменна на ягоным карку. Калі ж званіў тэлефон, то бацька вельмі асьцярожна, каб, ня дай божа, не патрывожыць ката, сагнуўшыся, ішоў падняць трубку».

Вялікі дзякуй за дапамогу ў падрыхтоўцы матэрыялу сямʼі Дубянецкіх: брату Станіславу, дочкам Галіне ды Ірыне, пляменьніку Эдуарду.

Фатаздымкі з архіву Станіслава Дубянецкага.

Пры падрыхтоўцы выкарыстаныя матэрыялы:

  • Дубянецкі М. Злое вогнішча. Да гісторыі выданьня аповесьці Васіля Быкава «Мёртвым не баліць». «Народная Воля». 12 жніўня 1998 г.
  • Дубянецкі М. «Трэба рызыкаваць...» «Народная Воля». 23 ліпеня 2004 г.
  • Дубянецкі М. «Трэба рызыкаваць...». Дзёньнікавыя запісы. «Дзеяслоў» № 6 (37) 2008, № 1-6 (38-43) 2009, № 1-5 (44-48) 2010, № 1 (86) 2017.
  • Ён жыў для Беларусі. «Народная Воля». 1 сакавіка 2007 г.
  • Міхась Дубянецкі — чалавек чыну.
  • Навумчык С. Сем гадоў адраджэньня, альбо фрагмэнты найноўшай беларускай гісторыі (1988–1995). 2006.
  • Нонканфармізм у Беларусі. 1953–1985. Даведнік. Том 1. Мн., 2004.
  • Пазьняк З. Сапраўднае аблічча. Мн. 1992.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG