Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дракахруст назваў 7 прычын прачытаць яго новую кнігу


У сядзібе Партыі БНФ прэзэнтавалі 48-ю кнігу ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды. ХХІ стагодзьдзе». Ёй стаў зборнік блогаў палітычнага аглядальніка Радыё Свабода Юрыя Дракахруста, напісаных цягам 2008–2014 гадоў.

Прапанаваўшы правесьці прэзэнтацыю ў фармаце дыскусіі і спрэчкі, напачатку Юры Дракахруст назваў сем прычынаў прачытаць яго кнігу «Сем худых гадоў» і прапанваў прысутным выказацца, ці згодныя яны зь яго тэзамі:

«Па-першае, усе тэксты напісаныя на злобу дня. Па-другое, аўтар, жывучы ў Празе, глядзіць на падзеі здалёк, не пагружаючыся ў беларускую рэчаіснасьць. Па-трэцяе, гэта кніга-палеміка, кніга-дыскусія, кніга-спрэчка з калегамі, чытачамі, зь дзяржаўнымі ідэолягамі. Па-чацьвёртае, у кнізе бачна маё імкненьне пабачыць у тым, што адбываецца, выключна беларускія сэнсы. Па-пятае, кожны допіс я суправадзіў рэзюмэ, у якім ацаніў, наколькі спраўдзілася тое, пра што пісалася раней. Па-шостае, маё крэда — ня плакаць і не сьмяяцца, а разумець. Па-сёмае, кніга «Сем худых гадоў» — неад’емная частка той энцыкляпэдыі беларускага жыцьця, якую мы ствараем у «Бібліятэцы Свабоды».

Палітоляг Аляксандар Класкоўскі зьвярнуў увагу на імкненьне Юр’я Дракахруста адыходзіць ад стандартных схемаў кшталту «свае-чужыя» і выходзіць за межы прынятых у апазыцыйным асяродзьдзі высноваў:

«Юры Дракахруст — цяжкі аўтар, які з другога абзаца пачынае раздражняць тых, хто любіць простыя схемы. Тэксты Дракахруста спараджаюць кангітыўны дысананс, бо ў яго думках — расчараваньне і халодны душ. Ад свайго чытача Дракахруст патрабуе веданьня бэкграўнду, у яго блогах шмат алюзій, адсылак, інтэртэксту. Часта іх трэба чытаць, зазіраючы ў энцыкляпэдыю. Адметнасьць яго як аналітыка ў тым, што ён свой сярод чужых і чужы сярод сваіх. Дракахруст не ідзе сьлепа ў апазыцыйным рэчышчы, ён ставіць нязручныя пытаньні, напрыклад, пра тое, ці ўсе барацьбіты за дэмакратыю ёсьць увасабленьнем той самай дэмакратыі».

Брат Юрыя Дракахруста сацыёляг Алег Манаеў адмовіўся даваць ацэнку кнізе, але падкрэсьліў, што бачыць у ёй спробу кансалідацыі грамадзтва, выхаду да аўдыторыі, якая аддзеленая ад «дэмакратычнага грамадзтва» і нават выклік гэтай аўдыторыі на дыскусію:

«Самая вялікая прабема нашага грамадзтва — паглыбленьне разлому паміж рознымі яго часткамі. Прорва паміж імі імкліва павялічваецца. Сёньня наш альтэрнатыўны сьвет жыве ў гета. Мне як сацыёлягу цікава ня толькі тое, пра што пісаў Юры Дракахруст, а тое, як напісанае рэзануе з соцыюмам. Гэты рэзананс можна вымяраць па камэнтарах, у якіх бачная жывая рэакцыя. Незвычайна, што такіх камэнтароў шмат, прычым ня толькі ад „сваіх“, якія проста пагаджаюцца. Ёсьць шмат водгукаў „крытычных“ — і гэта добра, бо Дракахруст уцягвае ў дыскусію людзей іншых, не са свайго кола. Менавіта ў гэтым я бачу яго асабістую заслугу, у спробе ўзаемадзейнічаць зь „іншымі“, нягледзячы на бэтонныя сьцены, якія паміж намі пабудавалі ўлады».

Рэдактар інтэрнэт-выданьня «Наше мнение» Валерыя Касьцюгава выказала спадзеў, што ў наступнай кнізе Юры Дракахруст яшчэ больш сур’ёзна падыдзе да пошуку адказу на пытаньне «Ці ёсьць у беларусах нешта, што вызначае тое, дзе яны знаходзяцца і што зь імі адбываецца?»

«Юры Дракахруст — бліскучы мысьляр. Мне крыўдна, што доўгі час ён друкаваўся толькі на Радыё Свабода. Я рада, што зараз яго блогі зьявяцца на партале tut.by, там будзе зусім іншы фідбэк, бо гэта зусім іншая аўдыторыя».

Зь ёй пагадзіўся палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч, які адзначыў, што ў адрозьненьне ад большасьці беларускіх палітолягаў Юры Дракахруст імкнецца глядзець на рэчы з розных пунктаў гледжаньня, выходзячы такім чынам з замкнёнага кола беларускай аналітыкі:

Юра шукае і знаходзіць новыя сэнсы, стараецца павярнуць дыскусію ў нечаканы бок

«Людзям не хапае культуры, яны глядзяць на рэчы з аднаго гледзішча. Юры Дракахруст — чалавек глыбокай і шырокай культуры, а гэта вельмі важна для аналізу падзеяў. У нашай аналітыцы 20 гадоў абмяркоўваюцца адны і тыя ж тэмы, па зачараваным коле. Юра шукае і знаходзіць новыя сэнсы, стараецца павярнуць дыскусію ў нечаканы бок. Не баіцца ісьці супраць мэйнстрыму, прапануе альтэрнатыўныя трэнду ідэі».

Палітоляг Андрэй Фёдараў адзначыў, што не па ўсіх пытаньнях згодны зь Юрыем Дракахрустам. Напрыклад, паводле Фёдарава, Юры Дракахруст недаацэньвае агрэсію Расейскай Фэдэрацыі ў бок Беларусі.

«Каштоўнасьць гэтай кнігі ў тым ліку ў тым, што ў нас надзвычай мала аналітычнай літаратуры зьяўляецца. Мы зь Юрасём аднадумцы, хоць па тактычных пытаньнях разыходзімся — ён недаацэньвае агрэсію Расеі. Карыснасьць кнігі можа вымярацца тым, наколькі людзі, для якіх яна напісаная, прымуць яе. Я хачу пажадаць Юрыю, каб гэта адбылося ў поўнай меры».

Калега Юрыя Дракахруста, журналіст Віталь Цыганкоў узгадаў часы, калі дзяліў з аўтарам кабінэт ў праскім офісе Радыё Свабода:

«Першыя месяцы пасьля вяртаньня ў Менск я сумаваў па Празе. Па архітэктуры, вуліцах, мастах, піве, танных рэстаранах. Але найбольш сумаваў па той інтэлектуальнай атмасфэры, якая панавала ў кабінэце, дзе мы працавалі зь Юрам. Па-першае, мы абодва — першаразраднікі па шахматах, гэта нас збліжала сумнымі праскімі вечарамі. Па-другое, мы абменьваліся кніжкамі. Цікава, што Юра зьдзіўляўся, што я не прачытваў кнігу, якую ён мне даваў, за ноч. І яшчэ я сумаваў па тым адчуваньні, калі я мог сьмела гаварыць з Юрам, не баючыся сказаць нешта непаліткарэктнае. Гэтага мне не хапае зараз, таму я прагна карыстаюся любой магчымасьцю пагаварыць зь ім — праз скайп, праз тэлефон, ці падчас сустрэчаў».

Сацыёляг Аляксандр Сасноў падчас свайго выступу прызнаўся, што пакуль прачытаў толькі прадмову, напісаную дырэктарам беларускай службы Радыё Свабода Аляксандрам Лукашуком.

«Я прачытаў прадмову, якую напісаў Аляксадр Лукашук. З адной тэзай я вельмі не пагаджаюся. Аляксандр Лукашук піша, што Юры Дракахруст „не экспэрт“, бо працуе шмат у якіх галінах. Можа быць, і так, але ў тых галінах, да якіх дакранаецца Дракахруст, лепшага экспэрта ў Беларусі я ня ведаю».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG