Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Пальчыса могуць вызваліць. Тлумачыць Стэфановіч


Павал Севярынец на акцыі ў падтрымку Эдуарда Пальчыса. Архіўнае фота
Павал Севярынец на акцыі ў падтрымку Эдуарда Пальчыса. Архіўнае фота

Эдуарду Пальчысу, які вёў блог 1863x пад псэўданімам Джон Сыльвэр, могуць прысудзіць адбываньне зьняволеньня з адтэрміноўкай альбо даць умоўны тэрмін. Пра гэта сказаў у інтэрвію Свабодзе Валянцін Стэфановіч, намесьнік старшыні праваабарончага цэнтру «Вясна».

Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота
Валянцін Стэфановіч, архіўнае фота

— Наколькі верагодна, што Эдуарда Пальчыса могуць выпусьціць з суду?

— Тэарэтычна такая магчымасьць ёсьць. Маю на ўвазе магчымасьць прымяненьня пакараньняў, не зьвязаных з пазбаўленьнем волі. Гэта альбо адтэрміноўка, альбо ўмоўнае. Хочацца верыць, што мы яго пабачым на волі. Хоць ня згодныя з гэтымі абвінавачваньнямі.

Спадзяёмся, што ўлады праявяць нейкую стрыманасьць у гэтай сытуацыі і мы будзем назіраць нешта падобнае да таго, што было на працэсе з Паліенкам. Ілюзіі, што Пальчыса апраўдаюць і выплацяць кампэнсацыю за незаконнае ўтрыманьне пад вартай, наўрад ці ёсьць. Але на тое, што гэта можа быць не зьвязана з пазбаўленьнем волі, мы спадзяёмся.

— Як лічыце, ці маюць пікеты каля суду і выказваньні міжнароднай супольнасьці ўплыў на працэс?

— Мне здаецца, гэта адзінае, што мае ўплыў. Цаню працу адвакатаў і абаронцаў. Яна вельмі важная. Але я ўжо ня першы год назіраю за нашымі судамі. Яны далёка не зьяўляюцца незалежнымі. Рашэньні па справах такіх катэгорый выносяцца ня імі, груба кажучы. Гэта ўсё ўзгадняецца, прымаецца рашэньне на іншым узроўні. Я ў гэтым перакананы.

Акцыі пад судом трываюць падчас кожнага паседжаньня па справе Пальчыса
Акцыі пад судом трываюць падчас кожнага паседжаньня па справе Пальчыса

Рэзананс (вакол справы. – Р.С.) і рэакцыя міжнароднай прававой журналісцкай супольнасьці найперш маюць сэнс. Пальчыс не журналіст. На яго нельга распаўсюджваць усе крытэры журналісцкай дзейнасьці. Але ён блогер. Чалавек, які працуе зь інфармацыяй. Ён яе распаўсюджвае, выказвае свае думкі. Арганізацыя «Журналісты бязь межаў» патрабуе спыніць перасьлед і вызваліць яго.

Для нас было прынцыпова атрымаць незалежную ацэнку ягоных тэкстаў. Абвінавачаньне зьвязана з распальваньнем варожасьці, мовай варажнечы, якая недапушчальная і перасьледуецца ў шмат якіх краінах. Таму тут важнай была менавіта экспэртыза тэкстаў, якая засьведчыла б, што гэта не зьяўляецца распальваньнем варожасьці, а зьяўляецца выказваньнем думкі ў дапушчальных формах. Гэта дазваляе нам кваліфікаваць (справу Пальчыса – Р.С.) як палітычна матываваны перасьлед.

— А як вы лічыце, чаму суд вядзецца ў закрытым рэжыме?

— Верагодна, там могуць быць матэрыялы, датычныя апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў, якія праводзіліся ў межах справы. Можа быць, перапіска спэцслужбаў Расеі і Беларусі, у тым ліку ў сувязі з экстрадыцыяй.

Жонка Эдуарда Вікторыя Пальчыс чытае навіны пра мужа падчас паседжаньня. Архіўнае фота
Жонка Эдуарда Вікторыя Пальчыс чытае навіны пра мужа падчас паседжаньня. Архіўнае фота

Гэта мая думка. Таму што іншых прычынаў я ня бачу. У гэтым можа заключацца лёгіка ўлады. Але мы лічым, ніякіх законных падстаў для закрыцьця гэтага працэсу ў прынцыпе няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG