19 лютага ў Менск з працоўным візытам прыбывае міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс. Кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства краіны-суседкі прабудзе ў Менску два дні.
Адметнасьць гэтага візыту ня толькі ў тым, што Беларусь наведае міністар замежных спраў краіны, якая ўваходзіць у Эўразьвяз, што бывае даволі рэдка. Латвія цягам першай паловы сёлетняга году старшынюе ў Радзе Эўразьвязу. І менавіта ў латвійскай сталіцы 21–22 траўня адбудзецца чарговы саміт «Усходняга партнэрства».
Ранейшыя тры саміты праходзілі ў Празе, Варшаве і Вільні. На ніводным зь іх зь вядомых прычынаў не прысутнічаў Аляксандар Лукашэнка. А вось на сустрэчу ў Рызе кіраўнік Беларусі можа і трапіць, паколькі латвійскі бок хацеў бы бачыць прадстаўніцтва Беларусі на гэтым форуме «на, магчыма, самым высокім узроўні».
Пра гэта заявіў 21 студзеня на прэсавай канфэрэнцыі ў Менску генэральны сакратар Міністэрства замежных спраў Латвіі Андрэйс Пілдэговічс, чый прыезд у Менск папярэднічаў візыту ягонага шэфа.
Ён сказаў, што ў Латвіі добра ведаюць, што на папярэдніх самітах Беларусь ніколі яшчэ не прадстаўляў Аляксандар Лукашэнка. Але, на думку латвійскага дыплямата, узровень прадстаўніцтва на рыскім саміце будзе залежаць ад сытуацыі ў Беларусі.
«У нас ёсьць яшчэ некалькі месяцаў, каб паглядзець, што зьмяняецца ў Беларусі, — сказаў ён. — Канчатковае рашэньне аб узроўні прысутнасьці Беларусі на саміце ў Рызе будзе прымаць беларускі бок. Мы хочам, каб з боку Менску быў сустрэчны рух, і мы будзем запрашаць Беларусь на ўсе мерапрыемствы».
На пытаньне журналістаў, ці зьвязаны магчымы ўдзел Аляксандра Лукашэнкі ў рыскім саміце з пытаньнем палітвязьняў, генэральны сакратар МЗС Латвіі заявіў, што ў сучаснай Эўропе ня можа быць такога паняцьця, як палітычны вязень.
Некаторыя аналітыкі лічаць, што пасьля менскай сустрэчы ў «нармандзкім фармаце» шанцы кіраўніка Беларусі быць запрошаным на саміт «Усходняга партнэрства» значна падвысіліся. А вось палітоляг Алесь Лагвінец прытрымліваецца іншай думкі:
«Я думаю, яны засталіся на ранейшым роўні. У Эўразьвязу і Беларусі — свае дачыненьні, свой парадак дня. І гэта ня тычыцца ролі Лукашэнкі як пасярэдніка ці як месца Менску як пляцоўкі, дзе адбываюцца перамовы адносна вайны ва Ўкраіне».
Спадар Лагвінец кажа, што вельмі многае будзе залежаць ад лёсу палітвязьняў:
«Калі нават Лукашэнка і атрымае запрашэньне, яму дадуць зразумець, што яго там не чакаюць. І тады ў Рыгу можа паехаць альбо прэм’ер Кабякоў, альбо міністар замежных спраў Макей».
На афіцыйным сайце МЗС Беларусі напісана, што ў міністра замежных спраў Латвіі заплянаваны «шэраг афіцыйных сустрэч, у рамках якіх мяркуецца прадметнае абмеркаваньне пытаньняў разьвіцьця двухбаковага беларуска-латвійскага супрацоўніцтва і ўзаемадзеяньня паміж Беларусьсю і Эўрапейскім зьвязам, у тым ліку з улікам старшынства Латвіі ў Радзе ЭЗ у першай палове 2015 году».