Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Польшчы судзяць кіраўнікоў ультраправага руху «Камрацтва». Адзін зь іх напаў на беларуса


Польскія судзьдзі. Ілюстрацыйнае фота
Польскія судзьдзі. Ілюстрацыйнае фота

У Польшчы 20 лістапада пачаўся разгляд крымінальнай справы супраць ўльтраправага руху «Kamractwo», піша Gazeta Wyborcza. Адзін зь яго лідэраў, Войцех О. пад псэўданімам «Яшчур», напаў на беларуса 29 траўня 2021 году на Старым рынку ў Быдгашчы, побач з гарадзкой ратушай.

Суд праходзіць ў Быдгашчы. Як піша Gazeta Wyborcza, у справе фігуруюць пяць чалавек, іх абвінавачваюць у прапагандзе нянавісьці на нацыянальнай глебе і нелегальным захоўваньні зброі.

Абвінавачаныя неаднаразова пагражалі палітычным дзеячам, дэпутатам польскага Сэйму, журналістам незалежных СМІ і прадстаўнікам ЛГБТ. Паведамляецца, што яны адкрыта выказвалі сымпатыю да пуцінскага рэжыму, падтрымлівалі рэжым у Беларусі і фашысцкую судовую сыстэму нацысцкай Нямеччыны, адначасова рэзка крытыкуючы ўдзел Польшчы ў ЭЗ і NATO.

Аднаму зь фігурантаў ставяць у віну напад на беларускага актывіста ў траўні 2021 году. Беларуса Глеба Вайкуля 29 траўня 2021 году ў цэнтры Быдгашча атакаваў адзін з абвінавачваных Войцех О. Мужчына накінуўся на беларуса з крыкамі «Хай жыве Лукашэнка! Хай жыве Пуцін! Валі, жы...ская ануча, з маёй краіны!», а затым распыліў у вочы хлопцу сьлезацечны газ.

Нападніку на Вайкуля, а таксама ягонаму паплечніку Марціну О., таксама ставяць у віну абразьлівыя выказваньні і заклікі да гвалту ў дачыненьні габрэяў, украінцаў і беларусаў, што публікаваліся ў сацыяльных сетках і агучваліся на публічных сходах. Паводле абвінавачаньня, адпаведныя заклікі паўтараюць тэзісы лукашэнкаўскай і пуцінскай прапаганды.

Яшчэ адзін з абвінавачваных, Пётр Р., у 2015 годзе ўжо быў асуджаны за спальваньне лялькі ў выглядзе габрэя на плошчы ва Ўроцлаве.

Працэс над кіраўнікамі ўльтраправага руху «Камрацтва» адкладаўся сем разоў, адзначае Gazeta Wyborcza. Абаронцы абвінавачаных спрабавалі адтэрмінаваць слуханьні, спасылаючыся на праблемы са здароўем ці працэсуальныя калізіі, паведаміла выданьне з спасылкай на Рафаэля Гавэла з Цэнтру маніторынгу расісцкіх і ксэнафобскіх паводзінаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG