Студэнты і выкладчыкі Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту ў 2020 годзе актыўна ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту супраць фальсыфікацыі вынікаў выбраў прэзыдэнта і жорсткага разгону акцый пратэсту. Шмат хто зь іх прайшоў праз затрыманьні і суды.
Як вынікае зь відэазапісу, апублікаванага дзяржаўным агенцтвам БелТА, пачынаючы сустрэчу, Аляксандар Лукашэнка паведаміў, што хоча «шчыра» абмеркаваць на сустрэчы, як яму напісалі памочнікі, тэму «пераменаў». Размаўляючы па-расейску, ён акрэсьліў гэтую тэму менавіта па-беларуску.
«Калі перамены, то якія?» — запытаў ён і зноў перайшоў на расейскую.
«Я памятаю 2020 год, на жаль, ужо тых і не засталося хлопцаў, якія сядзелі, сьпявалі песьні на розных мовах. Малайцы, гэта добра. Але часам перашкаджалі навучальнаму працэсу, давялося неяк умешвацца, прымаць рашэньні... Разумею вас. ... Любая ж зараза адразу не зьнікае, нешта застаецца. Я ў двукосьсі „заразу“ бяру, гэта жарт», — сказаў Аляксандар Лукашэнка.
Паводле яго, «патрабаваць пераменаў проста». «А вось іх абазначыць, а яшчэ больш складана потым рэалізаваць. А рэалізоўваць — вам», — падкрэсьліў ён.
Аляксандар Лукашэнка дадаў, што «цяпер у гісторыі такі момант, калі можна гаварыць усё».
«26 студзеня вы вызначыцеся з галоўным пытаньнем, якое можа быць у кожнага з вас. Вы на яго адкажаце. Гэта такі момант. Проста рабіце гэта як людзі з вышэйшай адукацыяй, культурна, бяз гвалту, бяз шуму. Рабіце так, каб не перашкаджаць іншым. Бо ў кожнага з вас розныя меркаваньні. Хацелася б, каб вы не наступалі адзін на аднаго, нават не штурхаліся, вызначаючы і выказваючы свае пазыцыі. [...] Але ў нас такі пэрыяд, калі вы свабодна, спакойна можаце выказваць любую пазыцыю, а пачуўшы адказ, 26-га вызначыцеся», — сказаў ён.
У Беларусі пасьля выбараў 2020 году пачаліся і дагэтуль працягваюцца жорсткія рэпрэсіі супраць грамадзян, якія маюць іншую пазыцыю наконт далейшага разьвіцьця Беларусі і прысутнасьці Лукашэнкі ва ўладзе.
Паводле праваабаронцаў Беларусі, за кратамі ў Беларусі застаюцца 1273 палітвязьні, прызнаныя праваабарончай супольнасьцю (на 1 ліпеня іх было 1410). Рэальная колькасьць людзей, зьняволеных з палітычных матываў у Беларусі, можа быць значна большай.
З 3 ліпеня ў Беларусі адбылося шэсьць хваляў памілаваньня палітзьняволеных — агулам на волю выйшлі 178 чалавек. За гэты ж час, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна» супольнасьць прызнала палітвязьнямі яшчэ 223 чалавекі.
27 верасьня праваабарончая ініцыятыва Dissidentby паведаміла, што КДБ «масава і гвалтоўна» вэрбуе палітвязьняў, якія ў апошнія месяцы выйшлі на свабоду па ўказах аб памілаваньні. Паводле зьвестак праваабаронцаў, супрацоўнікі спэцслужбы «настойваюць на падпісаньні [вызваленымі] шэрагу папераў, згодзе на ўдзел у прапагандысцкіх відэароліках і забараняюць выезд з краіны», а таксама «пад пагрозай новага перасьледу і ціску на сям’ю» патрабуюць ад былых палітвязьняў «супрацоўніцтва ў агентурнай дзейнасьці супраць дэмакратычных сілаў».
Форум