Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зноў паедзе ў Іран


Аляксандар Лукашэнка мае намер у хуткім часе зноў наведаць Іран. Пра гэта ён заявіў 17 лютага, прымаючы ў Менску міністра замежных спраў Ірану Махамада Джавада Зарыфа. Пра неабходнасьць падцягнуць «эканамічны складнік» у дачыненьнях Менску і Тэгерану казаў сёньня і кіраўнік зьнешнепалітычнага ведамства Беларусі Ўладзімер Макей. Падобныя заявы на працягу прэзыдэнцтва Лукашэнкі рабіліся неаднаразова, але амаль усе ранейшыя праекты не прыносілі заўважнага плёну.

Міністар замежных спраў Беларусі, выступаючы перад журналістамі пасьля перамоваў з іранскім калегам, сказаў: палітычныя кантакты паміж дзьвюма краінамі летась разьвіваліся «вельмі дынамічна». Пра гандлёва-эканамічныя адносіны таксказаць нельга. У мінулым годзе таваразварот сумарна склаў 130 мільёнаў даляраў: для такой вялікай краіны, як Іран, гэта — нязначная сума.

«Галоўная праблема тут у эканоміках абедзьвюх краін», — тлумачыць Свабодзе кандыдат гістарычных навук, спэцыяліст у галіне неэўрапейскіх цывілізацыяў Яўген Красулін:

Яўген Красулін
Яўген Красулін
​«І прычым праблема вялікая. Нягледзячы на тое, што эканамічны патэнцыял Ірану ацэньваецца даволі высока, там, як і ў нас, надзвычай высокая роля дзяржавы ў эканоміцы. А гэта калясальна тармозіць усе магчымасьці эканамічнага росту. Бо, як вядома з даўніх часоў, няма горшага бізнэсоўца за дзяржаву. У чыноўнікаў і бізнэсоўцаў розная матывацыя. Для ўладальніка прыватнага бізнэсу — гэта прыбытак. Для чыноўніка — прыкрыць свой азадак.

Ёсьць яшчэ адна прычына, чаму супрацоўніцтва Менску і Тэгерану ня можа выйсьці эфэктыўным. Доўгі час і мы, і іранцы сядзелі на энэргетычных субсыдыях. А што такое танныя энэрганосьбіты? Гэта азначае, што няма патрэбы нічога рэфармаваць. Таму мы і знаходзімся дзесьці на роўні 70-х гадоў мінулага стагодзьдзя.

Ну, пабудуем мы разам з Іранам грамадзтва стымпанку, каб на яго ўсе паказвалі пальцам і сьмяяліся. І які з гэтага сэнс?! Ні ў нас, ні ў Ірана няма сучасных тэхналёгіяў. Мы ня можам нічым адзін аднаго ўзбагаціць».

Андрэй Фёдараў
Андрэй Фёдараў

Яшчэ некалькі гадоў таму ў Менску і Тэгерана быў супольны нафтавы праект, рэалізацыя якога ацэньвалася больш як у мільярд даляраў, — згадвае палітоляг Андрэй Фёдараў:

«Але высьветлілася, што тое радовішча, якое беларусам прапанавалі, было замініраванае падчас ірана-ірацкай вайны. І каб прывесьці яго ў належны стан, патрабаваліся значныя намаганьні — і фінансавыя, і тэхнічныя.

Потым мы добра памятаем аўтамабілі „Саманд“, якія беларусы спачатку з радасьцю пачалі ў сябе вырабляць. А пасьля высьветлілася, што яны амаль нікому не патрэбныя.

Былі ў Беларусі банкі з іранскім капіталам. Але пасьля санкцыяў Злучаных Штатаў і тут паўсталі праблемы.

Таму я ня ведаю, што можна зрабіць, каб у разы павялічыць гандлёвы абарот».

«Нашы стасункі з Іранам нагадваюць мне былыя стасункі з той жа Вэнэсуэлай», — адзначае гісторык Яўген Красулін:

«Там жа ўсё было — абдымкі, пацалункі, танкеры. І ўсё гэта спынілася.

На мой погляд, наша зьнешняя палітыка вельмі моцна пабудаваная на прынцыпах кампанейшчыны. Сёньня прачнуўся галоўны чалавек і падумаў: добра было б кінуць усе сілы сюды, нешта даўно мы не былі ў Іране. І пачынаецца — прэм’ер, віцэ-прэм’еры, міністры... Усе кідаюцца на гэты кірунак.

Праз кароткі час — новае жаданьне. І ўсё папярэдняе згортваецца, а сілы кідаюцца на новы кірунак».

Праз два тыдні ў Тэгеране плянуюць правесьці паседжаньне супольнай ірана-беларускай гандлёва-эканамічнай камісіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG