Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму сельская гаспадарка ў Беларусі чвэрць стагодзьдзя застаецца стратнай


Аграрны сэктар — найбольш яскравая ілюстрацыя да эканамічнай палітыкі беларускага кіраўніцтва. У тым сэнсе, што эканоміка існуе ня дзеля таго, каб прыносіць прыбытак, а каб забясьпечыць рост валавых паказьнікаў, заняць людзей і захаваць у нязьменным выглядзе існы палітычны рэжым.

Рэспубліканскі сэмінар-нарада «Аб разьвіцьці вёскі і павышэньні эфэктыўнасьці аграрнай галіны Беларусі», які адбыўся ў Менску, паказаў, што курс тут застаецца ранейшым.

Да сельскай гаспадаркі ў Аляксандра Рыгоравіча асабістае стаўленьне, гэтую дзялянку ён кантралюе сам, нікому не перадавяраючы. Бо сельскае насельніцтва — гэта надзейны, заўсёды паслухмяны электарат. Акрамя таго, тут прысутнічае настальгія па ягонай маладосьці, дапрэзыдэнцкай дзейнасьці. Па ладу жыцьця ён так і застаўся вясковым чалавекам, таму і завёў у Драздах вялікую гаспадарку, якой пэрыядычна займаецца сам. Магчыма, гэта адзіная сфэра, дзе ён разьбіраецца ў тэхналёгіі вытворчасьці.

Лукашэнка пахваліўся, што валютная выручка ад экспарту прадуктаў харчаваньня за 2017 год склала каля 5 млрд даляраў. Здавалася б, вялікі посьпех.

Але тут трэба аддзяліць вытворчасьць, якая перапрацоўвае сельскагаспадарчую прадукцыю, ад самой сельскай гаспадаркі. У перапрацоўчай галіне ўжо шмат прыватнага бізнэсу, і ён даволі эфэктыўны.

А вось сама сельская гаспадарка — стратная галіна, якая жыве на датацыях. Сам Лукашэнка любіць паўтараць, што за апошнія гады мы інвэставалі ў аграрны сэктар каля 50 млрд даляраў, пабудавалі шмат аграгарадкоў. Бюджэтная падтрымка АПК складае каля паловы тых фінансавых рэсурсаў, якія ўрад накіроўвае на падтрымку эканомікі.

Экспэрт Яраслаў Раманчук даводзіць, што ў 2017 г. чысты прыбытак у сельскай гаспадарцы склаў 384 млн даляраў, а кампэнсацыя дзяржаўнымі органамі праблемных даўгоў у аграрным сэктары апынулася на ўзроўні больш за 700 млн даляраў. З гэтага Раманчук робіць выснову:

«Як ні круці, увесь чысты прыбытак сельскай гаспадаркі шматкроць меншы за аб’ём бюджэтнай дапамогі. Пры такім аб’ёме прыбытку АПК ня можа абслугоўваць крэдыты па рынкавых стаўках на ўнутраным рынку і ня можа прэтэндаваць на крэдыты звонку. Ён, як наркаман, трапіў у моцную залежнасьць ад рэгулярных доз датацый і льготных дзяржаўных рэсурсаў. Пры гэтым плаці́ць па даўгах, абслугоўваць нават ільготныя крэдыты, абнаўляць тэхніку, закупляць гаруча-змазачныя матэрыялы, насеньне, сродкі абароны расьлін яны самастойна ня могуць».

Не выпадкова Лукашэнка на сэмінары чарговым разам нагадаў кіраўнікам галіны: «Усім час звыкнуць да думкі, што сельскагаспадарчая вытворчасьць — гэта бізнэс, а не сацыяльны праект». Але наўрад ці гэты заклік нешта памяняе.

Бо для самога Лукашэнкі цяперашняе панаваньне дзяржавы ў сельскай гаспадарцы — гэта якраз палітычны праект. Пра што ён сам казаў шмат разоў. Яшчэ ў 1998 годзе на нарадзе ў Горадні кіраўнік дзяржавы дакладна сфармуляваў сваю аграрную палітыку: «Чаму мы сёньня павінны трымацца за калектыўныя, а на самой справе дзяржаўныя гаспадаркі? Ды таму, што калгас і саўгас сёньня — гэта ня толькі арганізацыйна-гаспадарчая структура на сяле, скажам, цэнтральная структура ў вёсцы. Гэта і цэнтральная дзяржаўная, калі хочаце, палітычная структура ў вёсцы. Калі ня будзе калгаса і саўгаса, дзяржава ня зможа эфэктыўна праводзіць сваю палітыку ў вёсцы». А потым дадаў, зьвяртаючыся да аднаго з кіраўнікоў абласьцей: «Ня будзе калгасаў — як ты дасі каманду, за каго галасаваць?» (Белорусская газета, 14.09.1998 г.)

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

«Аграспэцназ»: у беларускай міліцыі зьявяцца спэцыяльныя групы нагляду за пасяўной

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG