Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму беларусы ня хочуць у Эўропу?


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Міністар замежных спраў Уладзімір Макей заявіў, што Беларусі і Эўразьвязу трэба выбудоўваць адносіны на аснове новага базавага дакумэнта. «Я спадзяюся, што ў гэтым годзе сытуацыя зрушыцца зь мёртвай кропкі і нашы партнэры зразумеюць пільную неабходнасьць падрыхтоўкі новага дакумэнту», — заявіў ён на трэці дзень новага году.

Сам факт падобных намераў афіцыйнага Менску даволі адметны. Падпісаньне такога дакумэнту азначала б міжнародна-прававое замацаваньне эўрапейскага трэнду замежнай палітыкі Беларусі. Папярэднюю спробу заключыць падобнае пагадненьне сарваў у сярэдзіне 1990-х гадоў якраз рэзкі паварот ва ўнутранай і замежнай палітыцы беларускага рэжыму. Зразумела, вярнуцца на 20 гадоў назад немагчыма. Але пэўнае выпраўленьне «дзікага крэну на Ўсход», як казаў калісьці Лукашэнка, адбываецца.

І тут цікавая вось якая акалічнасьць. Выпраўляць гэты крэн беларускія ўлады ўзяліся якраз у той момант, калі ў беларускім грамадзтве назіраецца супрацьлеглы трэнд. Сьнежаньскае апытаньне НІСЭПД зафіксавала рэкордна нізкую за шмат гадоў долю прыхільнікаў інтэграцыі Беларусі з ЭЗ. Толькі 19,8% беларусаў гатовыя падтрымаць курс на эўраінтэграцыю, супраць — 56,1%. Суадносіны амаль 1 да 3.

Прычыны такога ўсплёску эўраскептыцызму беларусаў відавочныя. Апошнім часам мэдыі, асабліва тэлебачаньне, прыносяць з Эўропы толькі дрэнныя навіны. Адзін сэрыял пра грэцкі крызіс выглядае як дурная бясконцасьць. А яшчэ наплыў уцекачоў з Блізкага Ўсходу і зьвязаныя з гэтым канфлікты і жахі. Плюс сэрыя тэрарыстычных актаў. Расейскія тэлеканалы паказвалі ўсё гэта з падрабязнасьцямі і адпаведнымі камэнтарамі. У беларускага абывацеля, які ні разу ня быў у ЭЗ (а такіх у Беларусі — 60–70%), узьнікла ўражаньне, што Эўропа — гэта самае жахлівае месца ў сьвеце.

Плюс да гэтага моцна ўразіў украінскі ўрок. Трагедыя Ўкраіны здарылася пасьля таго, як большасьць яе грамадзтва зрабіла эўрапейскі выбар. Усьлед за гэтым адбылося ўмяшаньне Расеі, страта тэрыторыі краіны, вайна і інш. Прычым расейскія тэлеканалы даводзілі, што ўва ўсіх праблемах Украіны вінаваты Захад.

У выніку ў вачах беларусаў прывабнасьць эўрапейскага вэктару, эўрапейскага ладу жыцьця, эўрапейскіх каштоўнасьцяў рэзка зьнізілася. Прыкра, што гэта здарылася якраз у момант, калі беларуская сацыяльная мадэль перажывае відавочны крызіс. Абывацель міжволі пачаў азірацца і задумвацца пра альтэрнатыву. І нічога прывабнага вакол ня ўбачыў. Расея ў крызісе, расейскі рубель валіцца, дапамога з усходу зьмяншаецца, спадзеў на Эўразійскі эканамічны саюз ня спраўдзіўся. Але і ў Эўропе ўсё дрэнна. Адсюль апатыя і фаталізм.

Эўрапейскія праблемы сталіся адной з прычын крызісу беларускай апазыцыі

Дарэчы, эўрапейскія праблемы сталіся адной з прычын крызісу беларускай апазыцыі. Шмат гадоў дэмакратычныя сілы грунтавалі свой альтэрнатыўны лукашэнкаўскай мадэлі праект на ідэі інтэграцыі Беларусі ў Эўропу. Памятаеце, які быў галоўны слоган усіх апазыцыйных вулічных акцыяў? «Беларусь у Эўропу». І далей гучаў непрыемны для Лукашэнкі дадатак.

Дык вось цяпер гэты лёзунг, як і ўвесь альтэрнатыўны праект, падвісае. Бо, па-першае, тут асабліва ня трэба і вялікай контрапрапаганды. Абывацель адразу заўважыць, што нам толькі і не хапала праблемаў з уцекачамі, ісламскімі тэрарыстамі. Ды яшчэ і тэму сэксуальных меншасьцяў узгадае. А па-другое, ідэю нармалізацыі адносін з ЭЗ перахопліваюць улады. Палітыка балянсаваньня Беларусі паміж Расеяй і Эўропай падтрымліваецца большасьцю беларусаў. Таму перад апазыцыяй узьнікае яшчэ адзін канцэптуальны выклік.

Дарэчы, з рэплікі Ўладзімера Макея вынікае, што Брусэль ня надта гарыць энтузіязмам што да падпісаньня пагадненьня зь Беларусьсю. І лёгіка эўрапейскіх палітыкаў зразумелая. Санкцыі адносна афіцыйнага Менску, якія існуюць надалей, хоць і прыпыненыя на пэўны тэрмін, ня надта спалучаюцца з дамовай аб партнэрстве і супрацоўніцтве. Таму без адмены санкцыяў наўрад ці можна ўсур’ёз гаварыць пра новы базавы дакумэнт.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG