Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Можа, так і трэба


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

На што хацеў бы зьвярнуць увагу, аналізуючы вынікі сьнежаньскага апытаньня НІСЭПД. Найперш, яны пацьвярджаюць глыбокі раскол беларускага грамадзтва. Гэта можна прасачыць літаральна па ўсіх пытаньнях. Па шмат якіх тэмах раскол адбываецца амаль папалам. Фактычна няма пытаньня, якое б атрымлівала падтрымку большасьці насельніцтва. Што лішні раз пацьвярджае вядомы пастулят, што Беларусь — расколатая нацыя.

Другая важная выснова. Таго адчуваньня эканамічнага крызісу, пра які сьведчаць эканамічная статыстыка і бягучыя навіны, у масавай сьвядомасьці пакуль няма. Так, колькасьць тых, хто лічыць, што беларуская эканоміка знаходзіцца ў крызісе, зьнізілася ў параўнаньні зь верасьнем з 75.1% да 66.9%. Для 41.8% беларусаў адыходзячы год быў у цэлым удалым, а для 37.4% — не. 42.5% апытаных сказалі, што іх матэрыяльнае становішча пагоршылася, 45.9% — не зьмянілася, а 10.5% — нават палепшылася. І гэта на тле таго, што зь ліпеня 2014 г. па лістапад бягучага году сярэдні заробак у краіне зьнізіўся з $629 да $370. Сацыёлягі гэты працэс называюць «нэгатыўнай адаптацыяй». То бок, насельніцтва хутка прызвычайваецца да дрэннага, разважаючы, як у тым вядомым анэкдоце пра беларуса: «Можа, так і трэба». І гэта адно з тлумачэньняў, чаму ў краіне няма сацыяльных пратэстаў. Акрамя таго, эканамічны крызіс не прывёў да павелічэньня колькасьці тых, хто хоча пераменаў, хто выступаў бы за зьмяншэньне ролі дзяржавы ў эканамічных працэсах.

На першы погляд, колькасьць прыхільнікаў рынкавых рэформаў у Беларусі цяпер удвая большая, чым іх апанэнтаў: амаль 57% супраць 27.8%. Але толькі звыш 35% лічаць, што «нашаму грамадзтву неабходныя сур’ёзныя рэформы (структурныя і сыстэмныя зьмены)», 41.6% — што «нашаму грамадзтву неабходныя паступовыя рэформы, якія захавалі б цяперашнюю сыстэму». Апошняе — гэта якраз тое, што прапануе Лукашэнка: маўляў, трэба ўсяго толькі ўдасканальваньне таго, што ёсьць. Таму ён так рашуча процідзейнічае сапраўдным рэформам.

Ня менш цікава, што людзі разумеюць пад рэформамі. Адказваючы на пытаньне, якія рэформы Аляксандар Лукашэнка павінен правесьці на працягу наступных 12 месяцаў, на першае месца рэспандэнты паставілі мадэрнізацыю эканомікі (15.1%), на другое — падвышэньне зарплаты (10.4%), на трэцяе — паляпшэньне мэдыцынскага абслугоўваньня. Падвысьце мне заробак, палепшыце працу мэдычных устаноў — вось і ўся рэформа.

Падвысьце мне заробак, палепшыце працу мэдычных устаноў — вось і ўся рэформа

Цяпер да рэйтынгаў. Існуе сацыялягічная заканамернасьць, што падчас выбарчых кампаній адбываецца мабілізацыя электарату, у выніку чаго, рэйтынгі ўсіх палітычных структураў і палітыкаў, якія ўдзельнічаюць у выбарах, растуць.

Але падчас прамінулай кампаніі гэтае правіла, у прыватнасьці, адносна Лукашэнкі, на спрацавала. Трэнд падвышэньня рэйтынгу па меры набліжэньня да дня выбараў быў разбураны ўшчэнт. Глядзіце самі. Паводле верасьнёўскага апытаньня, рэйтынг Лукашэнкі быў 45.7%. А ў кастрычніку прагаласавала за яго — 35. 6%. Падзеньне склала 10%. І гэта ў момант электаральнай мабілізацыі! Дарэчы, гэтая заканамернасьць не спрацавала і адносна Тацяны Караткевіч, зь верасьня па кастрычнік яе рэйтынг зьменшыўся з 17.9 да 15.7%. (Гэта ад усяго насельніцтва. Калі браць толькі тых, хто прыйшоў на выбары, то там іншыя лічбы).

Прычынаў зьмяншэньня ўзроўню падтрымкі Лукашэнкі, на мой погляд, некалькі. Гэта і зьніжэньне ўплыву ўкраінскага чыньніка, бо там набіраў моц мірны працэс. І нарастаньне эканамічных цяжкасьцяў. Але галоўнае, падаецца, у тым, што, па сутнасьці, дзяржаўныя мэдыі гэтым разам вялі вельмі вялую агітацыю ў падтрымку дзейнага кіраўніка. Яна была, хутчэй, апасродкаваная, чым прамая. Напрыклад, заклікалі падтрымаць стабільнасьць, мір і парадак, а не прагаласаваць за Лукашэнку. Асноўную ўвагу дзяржаўныя мэдыі і ўладная вэртыкаль скіравалі на мабілізацыю яўкі электарату на выбарчыя ўчасткі. Мусіць, разьлічвалі, што разьліты ў грамадзкай атмасфэры фаталізм спрацуе на аўтамаце. А вось не атрымалася.

Ніколі раней не было такога вялікага разрыву паміж дадзенымі ЦВК і НІСЭПД. Рэальнасьць і яе афіцыйнае адлюстраваньне ўсё больш рухаюцца ў розныя бакі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG