Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці стане Польшча на аўтарытарны шлях Беларусі? Тлумачыць Аляксандар Класкоўскі


Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда
Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда

Канстытуцыйны крызіс, імкненьне да дзяржаўнага кантролю над СМІ з прыходам новага ўраду — нешта падобнае да таго, што ў сёньняшняй Польшчы, адбывалася ў Беларусі ў 1990-х.

«Права і справядлівасьць», партыя польскіх кансэрватараў на чале зь Яраславам Качыньскім, атрымала абсалютную бальшыню на парлямэнцкіх выбарах у 2015 годзе. Ад 2015 году прэзыдэнт Польшчы — Анджэй Дуда, таксама прадстаўнік «ПіС».

Першыя дзеяньні новых кіраўнікоў Польшчы выклікалі масавыя пратэсты ўнутры краіны. «Права і справядлівасьць» блякуе працу Канстытуцыйнага суду, не згаджаючыся прывесьці да прысягі судзьдзяў, выбраных папярэднім парлямэнтам. Занепакоенасьць канстытуцыйным крызісам і спробамі абмежаваньня дэмакратыі ў Польшчы выказала і Эўракамісія. Разам з тым «ПіС» спрабуе ўзяць пад кантроль СМІ: закон аб тэле- і радыёвяшчаньні прадугледжвае, у прыватнасьці, заўчаснае заканчэньне тэрміну паўнамоцтваў сябраў управы і назіральных радаў Польскага грамадзкага тэлебачаньня (TVP) і Польскага радыё (Polskie Radio). На знак пратэсту кіраўніцтва польскіх грамадзкіх тэлеканалаў пайшло ў адстаўку.

Аляксандар Класкоўскі
Аляксандар Класкоўскі

Чым пагражае Польшчы палітыка «Права і справядлівасьці» і ці падобная яна да таго, што дзеялася ў Беларусі ў 1990-х? Пра гэта ў інтэрвію Свабодзе разважае палітоляг Аляксандар Класкоўскі.

«Чырвоны чалавек» шукае «моцнай рукі»

«З прыходам да ўлады ў Польшчы «Права і справядлівасьці» відавочна намеціліся аўтарытарныя тэндэнцыі, кажучы знаёмай нам мовай. Зрэшты, гэта і для Эўропы не зусім нешта сэнсацыйна-фэнамэнальнае. Напрыклад, цягам некалькіх гадоў падобныя тэндэнцыі ўвасабляюцца ў Вугоршчыне, яны зьвязаныя зь імем Віктара Орбана. З гэтага першая выснова: нават у краінах, якія нам здаюцца краінамі сталай дэмакратыі, рэцыдывы такога кшталту ня ёсьць нешта неверагоднае.

Нават у краінах, якія нам здаюцца краінамі сталай дэмакратыі, рэцыдывы такога кшталту ня ёсьць нешта неверагоднае.

Я думаю, гэта зьвязана з тым, што людзі розныя і ўва многіх сядзіць, як у нас кажа Сьвятлана Алексіевіч, «чырвоны чалавек», дык і там такі маленькі чалавечак, якому ў цяжкай эканамічнай сытуацыі, пры наплыве ўцекачоў з Усходу і розных іншых нэгатыўных праявах здаецца, нібыта варта «закруціць гайкі», знайсьці простыя рашэньні, зьвязаныя зь дзеяньнямі «моцнай рукі». Вось тады мы зажывем лепей! Такія праявы масавай сьвядомасьці ў Эўропе таксама здараюцца, яны выносяць на грэбень хвалі адпаведных палітыкаў. У Францыі, бачым цяпер, у зьвязку з эмігрантамі, на хвалі нядаўніх тэрактаў, Марын Ле Пэн і яе партыя таксама здабылі даволі вялікую папулярнасьць.

«Зброя для прасоўваньня аўтарытарызму»

У Польшчы грамадзкая тэлевізія падпарадкаваная ўладным структурам. Гэта вельмі важны канал уплыву на масавую сьвядомасьць.

У Польшчы грамадзкая тэлевізія падпарадкаваная ўладным структурам. Гэта вельмі важны канал уплыву на масавую сьвядомасьць. Але тут нельга праводзіць паралель зь беларускім дзяржаўным радыё і тэлевізіяй, бо там гэта не прапагандысцкія сродкі масавай інфармацыі, а СМІ, якія імкнуцца працаваць па законах журналістыкі, адлюстроўваюць розныя думкі, даюць слова і апазыцыі. Таму, я думаю, невыпадкова новае польскае кіраўніцтва наносіць такі ўдар.

Гэтаксама і ў Беларусі было пасьля адносна лібэральнага пэрыяду пачатку 90-х, калі журналісты ўздыхнулі на поўныя грудзі і ў шмат якіх мэдыях фактычна не было жорсткага кантролю зьверху, пісалі што хацелі. Але пасьля прыходу да ўлады Аляксандар Лукашэнка паздымаў рэдактараў усіх галоўных газэтаў і на ўсе пасады ў найбуйнейшых мэдыях паставіў людзей са сваёй каманды, і на радыё, і на тэлебачаньне. Так прапаганда стала адным са сродкаў, адным зь відаў зброі для прасоўваньня аўтарытарызму ў Беларусі. Я думаю, і ў Польшчы адбываюцца падобныя спробы.

«Ахоўныя мэханізмы» эўрапейскай дэмакратыі

Адрознасьць польскай сытуацыі ад беларускай першай паловы 90-х гадоў — у тым, што працуюць дэмакратычныя мэханізмы і іх цяжка зламаць.

Адрознасьць польскай сытуацыі ад беларускай першай паловы 90-х гадоў — у тым, што працуюць дэмакратычныя мэханізмы і іх цяжка зламаць. Тады ў Беларусі і дэмакратыя была ня вельмі сталая, і сьвядомасьць была такая «постсаўковая», і разруха дасягнула такой ступені, што мільёнам беларусаў здавалася, што вяртаньне ў «савецкі рай таннай каўбасы», да тых парадкаў, калі ня надта было багата, але было прадказальна, што гэта было выратаваньнем. Тады тую хвалю вельмі ўдала, дэмагагічна, з папулісцкімі прыёмамі асядлаў Аляксандар Лукашэнка.

Усё ж, я думаю, у Эўропе спрацуюць «ахоўныя мэханізмы». Бо дэмакратыя — гэта яшчэ і мэханізм стрымліваньняў супрацьваг. Мэханізм, які нейкім чынам гасіць аўтарытарныя памкненьні. Урэшце, Эўразьвяз — гэта такое аб’яднаньне, якое, хоць многім яно здаецца занадта бюракратычным, мае мэханізмы ўзьдзеяньня на тыя ці іншыя дзяржавы з мэтай падштурхнуць да вяртаньня ў рэчышча дэмакратыі. Хоць палякаў, я думаю, цяпер чакае вельмі цяжкі і драматычны пэрыяд.

«Царскія паўнамоцтвы» і «маскоўскі дэсант»

Лукашэнка адразу прыйшоў на царскія паўнамоцтвы — ён сам гэта сказаў. У першую беларускую Канстытуцыю, якую прынялі ў 1994 годзе, былі адразу закладзеныя вельмі вялікія паўнамоцтвы прэзыдэнта. Яе рабілі, як кажуць, пад Вячаслава Кебіча, тагачаснага прэм’ера, у спадзеве, што ён атрымае «элегантную перамогу» на тых выбарах. Але здарылася нявыкрутка: прыйшоў да ўлады ўчорашні дырэктар саўгасу і пачаў падмінаць пад сябе іншыя галіны ўлады.

Царскія паўнамоцтвы Лукашэнка ператварыў у царскія ў квадраце.

Трэба адзначыць, што Канстытуцыйны суд спрабаваў супраціўляцца, раз за разам прызнаваў неканстытуцыйнымі тыя ці іншыя ўказы маладога прэзыдэнта — і адчуваў падтрымку, бо ў Вярхоўным Савеце таксама было моцнае ядро людзей, якія не згаджаліся, каб прэзыдэнт стаў і царом, і богам, і воінскім начальнікам. Быў цяжкі, драматычны пэрыяд барацьбы між галінамі ўлады. Але я б адзначыў такі чыньнік, як «дапамога» Масквы: у прыватнасьці, быў увосень 1996 году «дэсант» расейскіх эмісараў, Чарнамырдзін і іншыя выкруцілі рукі і кіраўніцтву Вярхоўнага Савету, і тым, хто ў Канстытуцыйным судзе вёў прынцыповую лінію... Гэта быў вырашальны момант, калі Лукашэнка са сваімі маскоўскімі памагатымі зламаў апазыцыі хрыбет у шырокім сэнсе, загнаў палітычную апазыцыю ў маргінальнае становішча... І ў выніку мы маем тое, што маем сёньня, моцны аўтарытарызм пэрсаналісцкага тыпу. Царскія паўнамоцтвы Лукашэнка ператварыў у царскія ў квадраце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG