Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брусэль ня варты імшы


Валер Карбалевіч
Валер Карбалевіч

Чуткі, або кулюарная інфармацыя, пра тое, што Лукашэнка ў Брусэль не паедзе, зьявіліся ў палітычных колах Менску яшчэ на мінулым тыдні. Пэўны намёк на гэта можна было прачытаць у развагах міністра замежных спраў Уладзімера Макея, які ў Маскве казаў, што, маўляў, узровень прадстаўніцтва Беларусі на саміце «Ўсходняга партнэрства» павінен адпавядаць узроўню дачыненьняў Беларусі з ЭЗ. Але афіцыйныя крыніцы маўчалі, інтрыгу трымалі да апошняга. Як пісаў ангельскі пісьменьнік Сомэрсэт Моэм, чым большы актор, тым большая паўза.

Я меркаваў, што верагоднасьць паездкі Лукашэнкі ў Брусэль высокая. І зыходзіў з таго, што гэты візыт быў бы важны з псыхалягічнага гледзішча. Чалавек, якога доўга называлі «апошнім дыктатарам Эўропы», прыяжджае ў гэтую Эўропу на запрашэньне эўрапейскіх лідэраў, пры тым, што дыктатура нікуды ня дзелася. То бок ён прыяжджаў бы пераможцам. Ва ўсякім разе, гэта так падавалася б дзяржаўнымі мэдыямі.

Да таго ж і вайсковымі вучэньнямі, і нядаўняй паездкай Уладзімера Макея ў Маскву, і візытам Уладзіміра Пуціна ў Менск, які чакаецца неўзабаве (30 лістапада на саміт АДКБ), беларускае кіраўніцтва дастаткова залагодзіла Расею. Таму цяпер лягічна было б гайдануць ківач у іншы бок, прадэманстраваць ЭЗ імкненьне працягваць працэс нармалізацыі адносін.

Але ўсе мае разважаньні былі перабітыя іншай лёгікай.

Чаму ўсё ж Лукашэнка вырашыў ня ехаць у Брусэль?

На мой погляд, на тое ёсьць некалькі прычынаў.

  1. Магчыма, кіраўнік Беларусі атрымаў інфармацыю, што ў Брусэль не прыяжджаюць лідэры найбуйнейшых краін ЭЗ. На мінулых самітах Усходняга партнэрства такія выпадкі бывалі.
  2. Не ўдалося дамовіцца пра сустрэчы, двухбаковыя перамовы Лукашэнкі зь лідэрамі некаторых уплывовых дзяржаў ЭЗ. А ехаць у Брусэль, каб сустрэцца зь лідэрамі постсавецкіх дзяржаў — гэта несурʼёзна. Зь імі ён рэгулярна сустракаецца на самітах СНД.
  3. Лукашэнку ў Брусэлі маглі чакаць непрыемныя неспадзяванкі. Магчыма, на самім форуме Беларусь узгадалі б як краіну, дзе парушаюцца правы чалавека. Журналісты маглі задаць у кулюарах непрыемныя пытаньні. Некаторыя арганізацыі абвясьцілі, што правядуць каля будынка, дзе пройдзе саміт, ці на самім саміце акцыю пратэсту супраць палітыкі «беларускага дыктатара». Магла паўтарыцца кіеўская гісторыя з голымі грудзямі.
  4. Расея ня вельмі задаволеная працэсам паляпшэньня адносін Беларусі з Захадам, і паездка Лукашэнкі ў Брусэль магла б выклікаць нэгатыўную рэакцыю з боку Масквы. Маўляў, у нас з ЭЗ цяпер моцны канфлікт, а ты едзеш да нашага ворага.
  5. Магчыма, Лукашэнка лічыць, што ягоная паездка ў Брусэль была б вялікім падарункам ЭЗ, якога той не заслужыў. Гэты сыгнал трэба чытаць так: Беларусь больш важная для Эўразьвязу, чым Эўрапейскі Зьвяз для Беларусі. Калі хочаце, каб было інакш, то плаціце шчадрэй.

Большую важнасьць, аднак, маюць наступствы гэтага рашэньня. Я зьвярнуў увагу на тое, што дыпляматаў краін ЭЗ вельмі моцна цікавіла гэтае пытаньне: ці паедзе сам Лукашэнка ў Брусэль? Яно было пэўным тэстам, маркерам таго, наколькі кіраўнік Беларусі самастойны, незалежны ад Расеі.

Адмова ад Брусэля падштурхоўвае эўрапейцаў да высновы: Лукашэнка слабы, несамастойны, залежны ад Расеі

І выснова, якая будзе зроблена эўрапейскімі палітыкамі і дыпляматамі з рашэньня Лукашэнкі ня ехаць у Брусэль, стане даволі нэгатыўнай для ягонага іміджу. Яна будзе прыкладна такая, якая цяпер дамінуе ў сацыяльных сетках: Пуцін не пусьціў. Адмова ад Брусэля падштурхоўвае эўрапейцаў да высновы: Лукашэнка слабы, несамастойны, залежны ад Расеі. Маўляў, Макей мінулым тыднем зьезьдзіў у Маскву па дазвол — і не атрымаў яго. У выніку дэвальвуюцца ўсе высілкі МЗС па стварэньні новага вобразу Беларусі як міратворцы, нэўтральнага мадэратара, донара бясьпекі, іміджу Менску як Хэльсынкі-2. І пераканаць ЭЗ у тым, што гэта ня так, будзе вельмі цяжка.

«Парыж варты імшы», — сказаў кіраўнік гугенотаў Генрых Наварскі, памяняўшы рэлігію, каб заняць каралеўскі пасад. Брусэль ня варты імшы, вырашыў Лукашэнка — і, думаю, прайграў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG