Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Беларусь цяпер успрымаецца ва Ўкраіне як траянскі конь»


Яўген Магда
Яўген Магда

Чарговы госьць перадачы «Інтэрвію тыдня» — украінскі палітоляг, экспэрт украінскага Цэнтру грамадзкіх дачыненьняў Яўген Магда. Ён тлумачыць, як ва Ўкраіне паставіліся да шпіёнскай справы Паўла Шаройкі, расказвае, як цяпер успрымаецца Беларусь ва ўкраінскім грамадзтве, і заяўляе, што ілюзіяў наконт Лукашэнкі ва ўкраінцаў стала відавочна менш.

«Не бывае такіх выпадкаў, каб чалавек, які быў прэсавым сакратаром выведкі, потым нечакана перакваліфікаваўся ў нелегалы»

— Ці існуе сярод украінскіх палітыкаў, прэсы, аналітыкаў нейкая агульная ацэнка таго, што адбылося ў гісторыі вакол Паўла Шаройкі?

Большасьць экспэртаў успрымае сытуацыю вакол Шаройкі як працяг агульнай «сумнеўна дружалюбнай» палітыкі Беларусі да Ўкраіны, якая дэманструецца апошнія месяцы.

— За ўсю Ўкраіну не бяруся казаць, але ў тым, што я бачыў, магу сказаць, што большасьць экспэртаў успрымае сытуацыю вакол Шаройкі як працяг агульнай «сумнеўна дружалюбнай» палітыкі Беларусі да Ўкраіны, якая дэманструецца апошнія месяцы. Усё пачалося з выкраданьня ўкраінскага грамадзяніна Паўла Грыба ў Гомлі напярэдадні вучэньняў «Захад-2017».

Самі вучэньні, я мяркую, ня варта ацэньваць як варожы акт супраць Украіны, бо гэта ўсё ж міждзяржаўны праект Беларусі і Расеі. Але сытуацыя вакол Шаройкі, калі былога прэс-сакратара галоўнага упраўленьня выведкі спрабуюць намаляваць як украінскага Джэймса Бонда, які выкрадае самыя галоўныя сакрэты Беларусі, — гэта выклікае горкую ўсьмешку і скептычнае стаўленьне.

Шаройка выглядае як тыповы аб’ект уплыву расейскіх спэцслужбаў. Я зараз патлумачу, чаму. Аналягічная сытуацыя адбылася зь вядомым украінскім журналістам Раманам Сушчанкам, які працаваў у Францыі, прыляцеў у Расею да стрыечнага брата, і там расейцы яго арыштавалі. Схема вельмі простая — расейцы выбіраюць украінскіх журналістаў, у якіх ёсьць вайсковая адукацыя. І Шаройка, і Сушчанка тут стаяць у адным шэрагу. Але, як сьцьвярджаюць адмыслоўцы, не бывае такіх выпадкаў, каб чалавек, які быў прэсавым сакратаром выведкі, потым нечакана перакваліфікоўваўся ў нелегалы. Што б ён ні сьведчыў на распаўсюджаным беларускімі спэцслужбамі відэа.

«Калі мы знаходзімся ў лялечным тэатры, мы ж глядзім на марыянэтку, а не на лялечніка»

— Вы казалі пра «сумнеўна-дружалюбную» беларускую палітыку. То бок гэты інцыдэнт вы ацэньваеце як дзеяньні беларускіх уладаў? Ці, як многія аналітыкі ва Ўкраіне і ў самой Беларусі, тлумачыце гэта дзеяньнямі расейскіх спэцслужбаў, «рукой Масквы» і гэтак далей?

Сваёй эскаляцыяй пагаршэньня дачыненьняў Украіны і Беларусі Расея стварае для Ўкраіны эфэкт асаджанай крэпасьці.

— Калі мы знаходзімся ў лялечным тэатры, мы ж глядзім на марыянэтку, а не на лялечніка. Мы кажам: «Пятрушка кепскі», а ня лялечнік. Расея, безумоўна, стукае лбамі Беларусь і Ўкраіну, і ў яе для гэтага ёсьць свае падставы. Цяпер назіраецца пагаршэньне дачыненьняў паміж Украінай і Польшчай, Украінай і Вугоршчынай. І сваёй эскаляцыяй пагаршэньня дачыненьняў Украіны і Беларусі Расея стварае для Ўкраіны эфэкт асаджанай крэпасьці. Маўляў, Украіна ні з кім ня здольная дамовіцца, паводзіць сябе невядома як. Думаю, дыскрэдытаваць Украіну — адна з мэтаў расейскай палітыкі.

Затрыманьне Шаройкі адбылося напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў Беларусі і Ўкраіны Лукашэнкі і Парашэнкі ў Абу-Дабі. У канцы гэтага тыдня адбудзецца саміт «Усходняга партнэрства» і, наколькі я разумею, Расеі непажаданы ўдзел Лукашэнкі ў гэтай сустрэчы ў Брусэлі.

«Беларусь цяпер фактычна ўспрымаецца ва Ўкраіне як траянскі конь»

— Шаройка быў затрыманы яшчэ ў кастрычніку, і гэтую гісторыю можна было закончыць даволі спакойна, бязь лішняга шуму. Чаму двум бакам гэта так і не ўдалося зрабіць? Вы лічыце, што Аляксандар Лукашэнка настолькі кіраваны і бездапаможны, што ня здолеў тут спыніць тое, што прыносіць яму шкоду? Ці, можа, наадварот, гэтая гісторыя прыносіць яму пэўную карысьць?

— Беларускія спэцслужбы загартаваныя ў процістаяньні з заходнімі спэцслужбамі, сачэньнем за заходнімі дыпляматамі ў Менску. Лукашэнка ўдзяляе шмат увагі дабрабыту беларускіх спэцслужбаў, што ўласьціва аўтарытарнаму кіраўніку.

Але ці выйграе Лукашэнка ад гэтай сытуацыі? Магчыма, унутры Беларусі — так. Ён дэманструе, што гатовы абараняць інтарэсы Беларусі ад «братніх шпіёнаў». Што тычыцца стасункаў з Украінай, то беларусы цяпер фактычна ўспрымаюцца ва Ўкраіне як траянскі конь. І гэта вельмі паказальна. Бо для многіх украінскіх грамадзянаў (у тым ліку і для мяне), хто лічыў сытуацыю з Грыбам правернутай бяз згоды з Лукашэнкам — цяпер відавочна, што сытуацыя з Шаройкам не абышлася безь ягонага непасрэднага ўдзелу.

Ужо пасьля затрыманьня Шаройкі міністар замежных справаў Беларусі Макей прапаноўваў беларускіх міратворцаў у якасьці асновы для міратворчага кантынгенту на Данбасе. Гэта выглядала вельмі цынічна.

Яўген Магда
Яўген Магда

«Ілюзіяў наконт Лукашэнкі ў украінцаў стала відавочна менш, гэта адназначна»

— У беларускіх аналітыкаў ёсьць вэрсія, што перад самітам «Усходняга партнэрства» Аляксандар Лукашэнка павінен быў зрабіць нейкі прарасейскі крок. Ці ня ёсьць гэтая гісторыя з Шаройкам тым самым крокам? Ці вы лічыце, што афіцыйны Менск мог бы ў гэтай якасьці выбраць нешта іншае, а не псаваць дачыненьні з Украінай?

— Калі беларускае кіраўніцтва часта гаворыць пра сяброўства з Украінай, то можна было не разьдзьмуваць такую шуміху. Нават калі ўявіць, што мела месца выведная актыўнасьць украінскіх грамадзянаў, то стратэгічнае партнэрства паміж Украінай і Беларусьсю ніхто не адмяняў. Можна было вырашыць гэтае пытаньне без вынясеньня яго ў публічную прастору.

— Але шпіёнскія скандалы здараюцца нават паміж такімі трывалымі саюзьнікамі, як ЗША і Ізраіль. Наколькі гэта норма, ці гэта хутчэй адыход ад нормы?

— Я нагадаю, што калі ў Чарнігаўскай вобласьці Ўкраіны быў затрыманы грамадзянін Беларусі за шпіёнскую дзейнасьць, то яго не цягалі па тэлеканалах і не дэманстравалі ягоныя прызнальныя паказаньні. Гэты факт даволі хутка пакінуў украінскае інфармацыйнае поле. Пра яго цяпер нават мала хто ўспомніць.

Многія ва Ўкраіне падумалі, што Лукашэнка несамастойны ў сваіх дзеяньнях.

У выніку ўсё гэтай гісторыі з Шаройкам пацярпелі беларуска-ўкраінскія стасункі. Многія ва Ўкраіне падумалі, што Лукашэнка несамастойны ў сваіх дзеяньнях. Для палітыка, які хоча мець вобраз моцнага прэзыдэнта, вырашае ўсё, што адбываецца ў краіне, гісторыя з украінскім грамадзянінам мае адназначную ацэнку.

Расея, безумоўна, выйграла. Бо яна ўскладніла працэс узаемаразуменьня паміж Кіевам і Менскам, і гэта цалкам упісваецца ў стратэгію Масквы на постсавецкай прасторы і ў дачыненьні да Ўкраіны канкрэтна.

— Доўгі час Аляксандар Лукашэнка быў адным з самых папулярных замежных палітыкаў для ўкраінцаў. Як ваша адчуваньне, ці зьменіцца стаўленьне ўкраінскай публікі да Лукашэнкі пасьля падзеяў апошніх месяцаў — вучэньні, сытуацыя з Грыбам і апошнія гісторыя?

— Грамадзкая думка так хутка не мяняецца. Але ілюзіяў наконт Лукашэнкі ва ўкраінцаў стала відавочна менш, гэта адназначна.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG