Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей лепей прадставіць Беларусь у Брусэлі, чым Лукашэнка, — палітоляг Ягораў


Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

Дэлегацыю Беларусі на саміце «Ўсходняга партнэрства», які адбудзецца 24 лістапада, ачоліць міністар замежных спраў Уладзімер Макей. Чаму ў Брусэль ня едзе Аляксандар Лукашэнка, Свабодзе тлумачыць дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі палітоляг Андрэй Ягораў.

Ён кажа, што «здагадкі» пра тое, хто ад Беларусі паедзе на чарговы саміт «Усходняга партнэрства», чуваць літаральна перад кожнай такой сустрэчай. І ніводнага разу такое рашэньне не было сутнасным. Яно вызначалася толькі пэўнымі фармальнымі прычынамі.

На думку палітоляга, і сёньня сытуацыя прынцыпова не зьмянілася:

«Калі фармат прадугледжвае магчымасьць самім вырашаць, хто будзе на чале дэлегацыі, — кіраўнік дзяржавы ці міністар замежных спраў, — то Беларусь мае магчымасьць выбіраць. І тут выбар робіцца на карысьць таго, хто якія задачы можа вырашаць у адпаведных фарматах. Як мне падаецца, Макей на эўрапейскім фронце значна больш прывабная фігура за Лукашэнку зь ягонай неадназначнай рэпутацыяй і даволі складанымі дачыненьнямі з эўрапейскімі лідэрамі шмат якіх краінаў», — адзначае Андрэй Ягораў.

Палітоляг мяркуе, што падобна на тое, што ў Менску не змаглі арганізаваць асобных сустрэч Лукашэнкі зь лідэрамі вядучых краінаў Эўразьвязу.

«Калі гэта так, калі не было дамоваў аб сустрэчах Лукашэнкі ў Брусэлі з лідэрамі шэрагу краін, то і патрэбы яму там зьяўляцца няма. А міністар Макей якраз тая фігура, якая шмат што можа вырашаць, бо ён — галоўны архітэктар збліжэньня з Эўрапейскім Зьвязам, якое назіраецца ў апошнія гады. Макей значна больш прымальная фігура для эўрапейцаў. Ён больш ведае сытуацыю, найперш зьвязаную з эканамічным супрацоўніцтвам. І ён там сапраўды можа значна болей там дасягнуць у шматбаковым фармаце, чым Лукашэнка.

Я абагульніў бы так: тэхнічна Макей лепш, палітычнай лёгікі ва ўдзеле Лукашэнкі ў саміце няма. Вось гэта і стала вырашальным, чаму ў Брусэль едзе Макей, а не Лукашэнка», — падсумоўвае дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG