Рабочыя горадзенскага прадпрыемства «Белкард» кажуць, што кіраўніцтва іх прадпрыемства дзеля справаздачнасьці штучна падвысіла сярэдні заробак на прадпрыемстве, зьменшыўшы ім працоўны стаж.
«Вынайшлі спосаб, як штучна дзеля справаздачы падвысіць заробак...»
Ліст у Адміністрацыю прэзыдэнта, а таксама на імя начальніка Ўпраўленьня па працы, занятасьці і сацыяльнай абароне Горадзенскага гарвыканкаму з патрабаваньнем правесьці праверку на прадпрыемстве напісаў рабочы «Белкарда» Анатоль Мышкевіч.
«Кіраўніцтва прадпрыемства „прапаноўвала“ рабочым з пагадзіннай аплатай працы пісаць заявы на адпачынак на адзін дзень у тыдзень без захаваньня заработнай платы. Такім днём была абраная пятніца. Але ў адпачынак на самой справе ніхто не ішоў, а ўсе ў гэты дзень выходзілі на працу. Атрымлівалася, што фактычна работнік адпрацоўваў у месяц 20 дзён, а на паперы — 16. Але заробак за 16 дзён яму налічваўся як за адпрацаваныя 20».
У гэтым жа лісьце Мышкевіч піша, што такім штучным чынам заробак на прадпрыемстве падвысіўся на 20%.
«Зразумела, што ад кіраўніцтва прадпрыемства патрабуюць паказчыкаў, справаздачаў. Але такім чынам парушаюцца правы рабочых, бо скарачаецца працоўны стаж работніка, што ў далейшым паўплывае на пэнсію», — кажа Мышкевіч.
«Факты пацьвярджаем, але казаць можам толькі ананімна»
Некалькі іншых рабочых «Белкарда» пагадзіліся сустрэцца з карэспандэнтам Свабоды толькі на ўмовах ананімнасьці. Яны пацьвердзілі, што атрымлівалі на подпіс заявы на дзённы адпачынак без захаваньня заработнай платы.
Паводле аднаго з рабочых, усім было добра зразумела, дзеля чаго гэта робіцца, але сказаць уголас ніхто не адважыўся.
«Любая адмова з нашага боку скончылася б непрацягненьнем кантракту. Тое самае і цяпер. Анатоль Мышкевіч падпісаўся адзін пад лістом, бо разумее, што кантракт яму і так ніхто не працягне за былыя „заслугі“ перад начальствам», — сказаў адзін з суразмоўцаў.
Паводле іншага, цяпер, страціўшы працу, вельмі складана знайсьці іншую.
«А мы ўсе ў крэдытах. Заробкі на заводзе ў рабочых невысокія — ад 300 да 700 рублёў, але гэта хоць нешта канкрэтнае», — сказаў ён.
Анатоль Мышкевіч пацьвердзіў Свабодзе, што падпісаў гэты ліст, бо ўпэўнены, што кантракт зь ім у траўні не працягнуць з прычыны праваабарончай дзейнасьці.
«Мне ўжо і прадстаўнікі адміністрацыі прадпрыемства ня раз казалі, што давядзецца разьвітацца. Але хочацца нешта добрае зрабіць для людзей, якія застануцца тут працаваць. Калі на прадпрыемстве адбудзецца добрая праверка, то многія факты паўсплываюць, а значыцца, і начальства да людзей пачне ставіцца па-іншаму», — сказаў Мышкевіч.
«Прыяжджайце, пагаворым...»
Свабода зьвярнулася па камэнтар да дырэктара прадпрыемства «Белкард» Андрэя Яначкіна.
Выслухаўшы пытаньне, той адказаў: «У вас зьвесткі пацьверджаныя? Прыяжджайце, пагаворым...» І кінуў слухаўку.
Завод «Белкард» у Горадні быў створаны ў 1951 годзе як рамонтна-падшыпнікавае прадпрыемства. У хуткім часе рэарганізаваўся ў вытворцу «Аўтазапчасткі». У 1959 годзе на прадпрыемстве была выпушчана першая партыя карданных валоў, а празь дзесяць гадоў яны сталі асноўнай спэцыялізацыяй вытворчасьці. У 1995 годзе прадпрыемства было пераўтворана ў ААТ «Белкард». У 2007 годзе рашэньнем Горадзенскага гарадзкога выканаўчага камітэту ААТ «Белкард» было рэарганізавана шляхам далучэньня да яго ААТ «Гродзенскі завод аўтамабільных агрэгатаў».