У Капаткевічах, дзе вучылася ў старэйшых клясах нобэлеўская ляўрэатка Сьвятлана Алексіевіч, было дзьве школы — беларуская і руская.
Калі быць дакладным, то ў перадваенныя гады ў Капаткевічах існавалі дзьве школы — беларуская і габрэйская. Габрэйскую школу ў трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя замянілі на рускую. Дзьве школы былі адноўленыя ў паваенны час — беларуская і руская.
Акурат у 1961 годзе, калі Сьвятлана Алексіевіч прыйшла вучыцца ў Капаткевічы ў восьмую клясу, гэтыя дзьве школы былі аб’яднаныя ў адну — і стала ў мястэчку сярэдняя школа расейскамоўнай. Але наўрад ці з-за таго, што кіраўніком аб’яднанай школы зацьвердзілі дырэктара расейскамоўнай дзесяцігодкі — Самуіла Баска (Басок). Нацыянальныя школы ў Беларусі пачалі пераводзіць на расейскамоўнае навучаньне.
Надзея Коржык зь вёскі Івашкавічы, школьная сяброўка Сьвятланы Алексіевіч, апавядае:
«Была беларуская школа ў драўляным будынку, а на іншай вуліцы — руская. У 1961 годзе іх аб’ядналі ў новым будынку, дзе цяпер інтэрнат. І нас таксама аб’ядналі ў дзьве клясы. Потым некаторыя кінулі вучобу, разьехаліся — і атрымалася адна кляса. А калі Сьвятлана вучылася, то зноў было дзьве паралельныя клясы. З суседніх вёсак дзяцей больш прыйшло, ды ў Капаткевічах дзяцей было яшчэ багата».
У аб’яднанай школе ўсе прадметы сталі выкладаць па-расейску, за выключэньнем беларускай мовы й літаратуры:
«Толькі беларускія прадметы былі на беларускай мове, а ўсё астатняе — выкладаньне і падручнікі — былі па-руску».
Сьвятлана Алексіевіч разам з Надзеяй Коржык (у дзявоцтве Шут) таксама хадзіла ў Капаткевіцкую школу з Івашкавічаў. Пяцікілямэтровая дарога займала гадзіну ў адзін бок і столькі ж у зваротны. Надзея Ціханаўна згадвае, што Сьвятлана размаўляла пераважна па-расейску. Усе іншыя — так, як атрымлівалася:
«Сьвятлана па-расейску размаўляла, а мы ў сяле па-свойму гаварылі, як і старэйшыя людзі. А моладзь старалася на рускай мове. Нават часам саромеліся, калі якое беларускае слова скажам. Некаторыя нават кпілі з ухмылкай: „От, дзярэўня“. Дык мы й падладжваліся пад новыя павевы. Але ўсё адно гаворка наша вясковая адрозьніваецца — чуеце, як я кажу. Зараз ужо ўсё вяртаецца назад, каб так і гэтак маглі паразмаўляць — каб хоць неяк захаваліся свае карані, мова і традыцыі».