Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы папярэдзілі ўлады: Бандарэнка стане палітвязьнем пасьля ўжываньня да яго 411 артыкулу


Андрэй Бандарэнка ў судзе ў 2014 годзе
Андрэй Бандарэнка ў судзе ў 2014 годзе

Працягваецца ціск на вязьня магілёўскай турмы праваабаронцу Андрэя Бандарэнку, які адбывае 3 гады зьняволеньня за злоснае хуліганства ў Магілёўскай турме. Пра гэта паведаміў бацька вязьня Валер Бандарэнка са спасылкай на апошні ліст ад сына.

«Зноў ціснуць, каб адмовіўся змагацца за свае правы. Напісаў, што да яго ў адзіночку прыходзіў супрацоўнік, які фактычна папярэдзіў, каб не пісаў скаргаў. Андрэй адмовіўся і літаральна праз дзень даведаўся, што на яго завялі справу за злоснае рэгулярнае парушэньне турэмнага рэжыму. А гэта пагражае яшчэ мінімум годам турмы», — распавёў карэспандэнту Свабоды Валер Бандарэнка.

Тэрмін пакараньня для Бандарэнкі заканчваецца ў сакавіку 2017 году.

Цягам 2,5 гадоў Бандарэнка спрабаваў аспрэчыць прысуд у судах вышэйшай інстанцыі, але марна. Адхілялі суды і скаргі вязьня на спагнаньні, якія на яго рэгулярна накладалі ў вязьніцах. Апошні раз 30 лістапада судовая калегія Магілёўскага абласнога суду адхіліла дзьве скаргі Андрэя Бандарэнкі на спагнаньні, накладзеныя цягам году ў Магілёўскай турме.

Цяпер супраць вязьня заведзеная крымінальная справа паводле 411 артыкулу Крымінальнага Кодэксу, які прадугледжвае да 2 гадоў зьняволеньня за непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі месцаў зьняволеньня.

Паводле адваката Андрэя Бандарэнкі, сьледчыя дзеяньні ў справе ўжо вядуцца.

На гэта адрэагавалі беларускія праваабаронцы і палітыкі. Днямі была прынятая заява адносна сытуацыі вакол Андрэя Бандарэнкі ў вязьніцы.

Андрэй Бандарэнка ў судзе ў 2014 годзе
Андрэй Бандарэнка ў судзе ў 2014 годзе

Аўтары заявы — цэнтар «Вясна», камітэт абароны рэпрэсаваных «Салідарнасьць», БАЖ ды яшчэ 4 праваабарончыя арганізацыі — папярэдзілі беларускія ўлады, што ў выпадку ўжываньня да Андрэя Бандарэнкі 411 артыкулу Крымінальнага Кодэксу зьявяцца падставы да абвяшчэньня яго палітзьняволеным.

«Мы асуджаем узбуджэньне новай справы ў дачыненьні да зьняволенага Андрэя Бандарэнкі. Нягледзячы на тое, што прысуд, вынесены ў дачыненьні да яго ў 2014 г., ня быў зьвязаны з яго праваабарончай дзейнасьцю, мы лічым, што паўторны крымінальны перасьлед ёсьць формай палітычна матываванага ціску, зьвязанага з яго ранейшай праваабарончай дзейнасьцю.

У выпадку асуджэньня Бандарэнкі па ч.2 арт. 411 КК РБ крытэры, што ўжываюцца намі, будуць дазваляць кваліфікаваць яго ў якасьці палітычнага вязьня», — гаворыцца ў звароце.

Таксама праваабаронцы патрабуюць перагледзець звароты і скаргі Бандарэнкі ды «праверыць законнасьць і сувымернасьць накладзеных на яго спагнаньняў».

Андрэй Бандарэнка быў асуджаны ў 2014 годзе паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве. На судзе ён прызнаў віну часткова, але ў апошнім слове не выключыў правакацыю спэслужбаў, якія маглі адпомсьціць яму за актыўную праваабарончую дзейнасьць.

Практыка ўжываньня да вязьняў 411 артыкулу шырока распаўсюдзілася ў пачатку 2010-ых гадоў. Гэтак, да прыкладу, у 2012 годзе быў асуджаны на дадатковы тэрмін палітвязень, лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG