Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дарафеева пра магілёўскую турму: «Харчаваньне як у рэстаране»


Ірына Дарафеева
Ірына Дарафеева

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў, сьпявачка Ірына Дарафеева і старшыня Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька наведалі магілёўскую турму № 4 у складзе грамадзкай рады пры Міністэрстве ўнутраных спраў.

Гэта вынікае са справаздачы на сайце МУС пра наведваньне Магілёўскага ізалятара часовага ўтрыманьня і турмы № 4 сябрамі грамадзкай рады. Яны высьвятлялі, ці справядлівыя ў інтэрнэце «нападкі на пэнітэнцыярную сыстэму», ці галадаюць зьняволеныя, ці халодныя камэры і якія ўмовы працы.

У публікацыі падаюцца выказваньні чальцоў рады пра ўмовы ўтрыманьня ў пэнітэнцыярных установах.

«Адно магу сказаць: дзяржава годна ўтрымлівае тых, хто, магчыма, і ня варты такога ўтрыманьня. Калі чалавек некага забіў — утрымліваюць яго цалкам гуманна, ніякага ўшчамленьня правоў або чаго-небудзь падобнага мы тут ня ўбачылі», — сказаў кандыдат філязофскіх навук Мікалай Шчокін.

«Харчаваньне на вышэйшым узроўні, як у рэстаране, прызнаюся шчыра. Я нават пакаштавала — дужа смачна», — сказала сябра сталай камісіі Палаты прадстаўнікоў па адукацыі, культуры і навуцы, сьпявачка Ірына Дарафеева.

Генадзь Давыдзька
Генадзь Давыдзька

У старшыні грамадзкай рады пры МУС, кіраўніка Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзькі «турма пакінула ўражаньне надзвычай спраўнага асяродзьдзя»:

«Такія месцы не павінны выклікаць прыемных эмоцыяў, але ўмовы дужа добрыя па чысьціні, дысцыпліне. Супрацоўнікі ведаюць сваю працу, ведаюць і тыя, хто тут утрымліваецца, за што сядзяць, чаму. Ува ўсім парадак і арганізаванасьць».

Шчокін мяркуе, што экскурсіі ў турмы для грамадзян трэба праводзіць, каб «разумелі, чым можа скончыцца супрацьпраўнае дзеяньне».

Былы палітвязень Яўген Васьковіч у магілёўскай турме № 4 сядзеў ад 12 кастрычніка 2011-га да 17 кастрычніка 2014 году. За гэты час Яўген схуднеў на дзесяць кіляграмаў. Камэнтуючы выказваньні Дарафеевай, што ў турме кормяць як у рэстаране, ён сказаў, што сьпявачка каштавала турэмную ежу, якую згатавалі для камісіі. Ён сумняваецца, што сытуацыя з харчаваньнем у турме істотна зьмянілася да лепшага.

«Маё схудненьне не зьвязанае з галадоўкамі. Гэта вынік таго харчаваньня, якое спадарыня Дарафеева назвала „як у рэстаране“. Калі ў мяне была магчымасьць падʼесьці, я зь яе карыстаўся. Калі б не дапамога з волі і салідарнасьць між асуджаных, то сытуацыя з харчаваньнем была б зусім кепская», — кажа Яўген.

«Наагул 2012–2014 гады ў турме прайшлі ў барацьбе за прыстойнае харчаваньне, — дадае былы палітвязень. — Харчаваньне ў той час было вельмі кепскае».

Яўген Васьковіч
Яўген Васьковіч

Што да побытавых умоваў і рэжыму ўтрыманьня ў магілёўскай турме, то Яўген адзначае, што яны не настолькі жорсткія, як у іншых папраўчых установах.

«Аднак калі я сядзеў, то не было для асуджаных асаблівай працы, нават для тых, хто не адмаўляўся ад яе, — кажа былы вязень. — Наагул наведваньне камісіяй турмы — гэта паказуха, каб прадэманстраваць, што ў нас усё выдатна. Для мяне гэта яшчэ і сыгнал таго, што, магчыма, у турме будуць уціскаць рэжым утрыманьня».

Яўген кажа, што, седзячы ў «чацьвёрцы», ён не сутыкаўся з грамадзкай радай, пра якую напісаў сайт Міністэрства ўнутраных спраў.

«Аднаго разу была для адміністрацыі такая небясьпека, — згадвае ён. — Мяне з горшай камэры перавялі ў іншую, з больш людзкімі ўмовамі. Тады я сядзеў у штрафным ізалятары. Але ніхто не прыехаў. Два разы прыяжджала камісія з „Чырвонага крыжа“, але ад іх толку не было. Звычайная справа для турмаў — праверкі з Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў».

Як вынікае з публікацыі на сайце МУС, нараканьняў з боку асуджаных на ўмовы ўтрыманьня не было. А ці наважваюцца нявольнікі наагул скардзіцца на адміністрацыю і ўмовы?

«Скардзіцца звычайна нявольніцкая грамада, а не асобны асуджаны. Калі нехта адзін і наважваецца, то яму могуць палепшыць умовы, але ўціскаючы іншых сядзельцаў. Ім гэтым самым паказваюць: вось праз гэтага вы страчваеце нейкія свае бонусы», — кажа Яўген Васьковіч.

У магілёўскай турме № 4 раней утрымліваліся палітвязьні Мікалай Статкевіч і Мікалай Дзядок.

Цяпер у «крытцы» сядзіць праваабаронца Андрэй Бандарэнка. Як і ягоныя папярэднікі, трапіў ён у «чацьвёрку» як «злосны парушальнік рэжыму ў калёніі». У турме Бандарэнка клеіць канвэрты. Вядома, што ў камэры ён сядзіць адзін. Паводле ягонага адваката, прэтэнзіяў з боку адміністрацыі да былога кіраўніка арганізацыі па абароне правоў вязьняў «Плятформа» няма.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG